23-25 траўня ў Краснаполлі адбыліся “Тэатральныя вечарыны” – міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў.
Мяне запрасіў у Краснаполле Павел Шаўлякоў, малады кіраўнік Краснапольскага народнага тэатра. Мы пазнаёміліся з ім узімку. Павел бачыў хэпенінг Вольгі Лабоўкінай, бачыў майстар-клас Яшы Енула з KUD Ljud, і ён прасіў, каб на “Тэатральных вечарынах” было паболей эксперыментальнага тэатра, маўляў, для горада і тэатра тое вельмі карысна. Я мусіў прыехаць з лекцыяй-майстар-класам пра тое, як можна ўспрымаць і аналізаваць сучасныя формы тэатра, але для нагляднасці мы заявілі на фестываль дзве работы эксперыментальнага тэатра “Галава-Нага”.
Дарога да Краснаполля нялёгкая. Наўпроставага транспарту няма. Арганізатары прапанавалі адправіцца цягніком да Крычава, адкуль мусіў забраць аўтобус. Але для нас было значна важней у час вярнуцца, таму часткова мы вырашылі дабірацца аўтамабілем. Арганізатары занепакоіліся, каб мы абавязкова паехалі правільнай дарогай праз Магілёў і Чавусы, бо праз Слаўгарад дарога закрытая з прычыны выселеных пасля Чарнобыля сёлаў.
Дабраліся мы надзіва хутка, Краснаполле горад невялікі, кажуць пра 7 тысяч насельніцтва. Тры вялікія вуліцы, сто метраў праспекта ад ДК (ці раённага цэнтра культуры) да плошчы Леніна – мясцовы Брадвей. Тут і моладзевы клуб “Міраж”, дзе паказвалі свае спектаклі мы і ладзілася фестывальная дыскатэка, і гарадскі парк, дзе таксама паказваліся масавыя мерапрыемствы.
Першым мы паглядзелі спектакль-чытку мінскага тэатра “TEDJAS”, які мусіў прывезці тэатр ценяў, але не здолеў, і яны паказалі чытку ўрыўкаў кнігі “Вандроўка дамоў” вядомага амерыканскага ёга Радхантха Свамі. Цікавы тэкст быў вельмі мінімалістычна вырашаны на сцэне, па сутнасці, нам гадзіну чыталі тэкст з ліста пад музыку. Тым цікавейшае было ўважлівае і паважлівае ўспрыманне дзеі дзецьмі – тэатр замовіў публіку 14+, але ў зале былі і малодшыя дзеці. Я быў сведкам выпадкаў, калі адсутнасць яркіх атракцыёнаў на сцэне праз тры хвіліны ператварала глядацкую залу ў шумнае пекла. Тут, калі дзеці і пачалі шушукацца хвілін праз дваццаць(!), чуваць іх не было.
Другі спектакль зрабіўся для мяне адкрыццём. У мінулым годзе Павел Шаўлякоў быў на спектаклі “Проба грунту ў Казахстане” нямецкага тэатра “Рыміні-Пратакол”. Жанрава метад нямецкага тэатра называецца “тэатр сведак”, гэта разнавіднасць дакументальнага тэатра, калі ўдзельнік падзей, герой, сам пра сябе расказвае са сцэны. Спектакль “Хроніка кінутай зямлі” – гэта краснапольскі тэатр сведак. Тэмай зрабіўся Чарнобыль, за аснову была ўзятая “Чарнобыльская малітва” Алексіевіч, якая задала “рамку” – пачатак і канцоўку. Але большасць гісторый краснапольцы расказалі пра сябе самі. Пра бацькоў, якіх прызначылі ліквідатарамі, пра дзяцей, што пакутавалі на інваліднасць, пра недавер да ўладаў, пра веру ў сябе.
Краснаполле – адзін з найбольш пацярпелых рэгіёнаў, вялікая колькасць выселеных вёсак, шмат людзей пакінула свае дамы. Гэта трагедыя даецца за невялікім выняткам без націску. Інтанацыя ў спектакля спакойная, часам нават філасофская. І ў гэтых інтанацыях дзея набывае ўніверсальнасць і нават мастацкасць.
Метад дакументальнага тэатра ні разу на Беларусі, на маю думку, не быў так да месца, як у гэтым спектаклі. Бо голас атрымалі тыя, каго чуваць радзей за ўсё. Маленькі тэатр з правінцыйнага гарадка зрабіў годную справу для тэатра ўсёй краіны. Спектакль рабіўся літаральна “ўсім горадам”, і краснапольцы заслужылі права, каб іх пачулі па ўсёй рэспубліцы.
Пра выступленне нашага тэатра “Галава-Нага” цікава паразважаць з пункту гледжання стаўлення саміх удзельнікаў тэатра да творчасці. Мы адразу папярэдзілі арганізатараў, што маем паказаць незвычайны спектакль, і публіку для нас падбіралі адмыслова. Пасля выступлення, якое ўяўляла сабой часткова інтэрактыўную дзею з харавым чытаннем вершаў, мы прапанавалі застацца на абмеркаванне. Засталіся амаль усе, за выняткам хіба што маладых людзей. Нам даволі доўга выказвалі свае эмоцыі і думкі, пыталі пра сутнасць пэўных акцый, што мы мелі рабіць у выпадку, калі інтэрактыўная дзея пайшла б незапланавана. Размова працягнулася і пасля абмеркавання, і нараніцу на спецыяльнай сустрэчы.
Вельмі мала на якім фестывалі абмеркаванні адбываюцца настолькі нефармальна і стыхійна, застаючыся масавымі. Звычайна фармальныя абмеркаванні для крытыкаў праходзяць па падобным сцэнары, і яны вельмі часта так і застаюцца фармальнымі. Небанальныя, жывыя абмеркаванні праходзяць у кулуарах. У Краснаполлі, такое адчуванне, ніякіх кулуараў зусім няма.
Наступнага дня мы пабачылі спектакль “Маленькі прынц” з магілёўскага ўзорнага ансамбля “Рэха”. Тыповы дзіцячы спектакль быў сыграны проста і дасціпна. Зноўку здзівіла паважлівае стаўленне дзіцячай публікі. На вуліцы нас здзівіла, што былі дзеці, якія размаўлялі на беларускай мове.
Дзень скончыўся дыскатэкай, запрошаным госцем якой быў мінскі тэатр танца “Отражение”. Гэта пэўным чынам папоўніла касу фестывалю, што было важна, бо фінансаванне было вельмі і вельмі мізэрным.
Наступнай раніцай мы паездзілі па ваколіцах Краснаполля, паглядзелі крыніцу і драўляную царкву і накіраваліся дамоў.
Уражанні ад таго, што адбываецца ў невялічкім, незаўважным гарадку, вельмі і вельмі прыемныя. Мы шмат размаўляем пра праектную работу ў тэатрах, дык вось аматарскі краснапольскі тэатр не мае іншай формы, акрамя праектнай! Кожны спектакль робіцца такім праектам, тым больш фестываль… Усе выдатна разумеюць, наколькі важна быць часткай рэспубліканскіх і сусветных культурных працэсаў, і адзіны шлях да гэтага – свой фестываль. І гатовыя рабіць яго нават зусім без фінансавання.
Але галоўнае, што ёсць у краснапальчан, – гэта жаданне працаваць і любоў да сваёй справы. Гучыць пафасна і занадта прыгожа, але яны сапраўды вартыя такіх словаў.
Аляксей Стрэльнікаў, фатаздымкі Дзяніса Валянскага