У піянерскіх летніках быў такі цікавы крэатыўчык — дзень Нептуна. Атрады “рамонкаў”, узброіўшыся бутэлькамі з вадой, ішлі сценкай на атрад “званочкаў”, “салдаты” якога ўжо чакалі супернікаў з паўнюткімі вёдрамі. Нешта падобнае адбывалася ў адзін з будных дзён у цэнтры Мінска — на пляцы Парыжскай камуны ля Тэатра оперы і балета. “Мокрыя войны” — так называлася бяскрыўднае хуліганства, якое прыгожа нагадала, што дарослыя — тыя ж дзеці. Варта толькі ўзяць у рукі бутэльку. Безумоўна, з вадой.
“Нашая група не пераследуе ні палітычных, ні эканамічных, ні рэлігійных мэт, — тлумачаць сэнс мокрай імпрэзы арганізатары групы “Мокрыя войны” Вконтакте. — Мы — гэта людзі, якія аб’ядналіся ў адно цэлае, каб весела бавіць час і адпачываць”.
Правілы гульні досыць простыя. Ва ўмоўлены дзень усе ахвотныя збіраюцца ў вызначаным месцы (у дадзеным выпадку — фантан ля опернага тэатра). Для ўдзелу спатрэбіцца вада з фантана і вадзяная зброя — вадзяныя пісталеты, кулямёты, брандспойты, водныя “бомбачкі”, вёдры, пластыкавыя бутэлькі. Звышмэта гульні — не пакінуць ніводнага сухога чалавека ў радыусе фантана. І няважна, хто перад вамі — сябар ці абсалютна незнаёмы чалавек.
На вайнушку ля опернага сабралася некалькі дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат. Надвор’е, вядома, не зусім спрыяла водным працэдурам на паветры, але што тут казаць — справа маладая. Дэвіз імпрэзы — “Сухіх людзей не бывае!”
Вось тройка хлопцаў падхапіла худзенькую дзяўчыну — і ў фантан. Рэакцыя пазітыўная, смех і толькі — значыцьа, можна працягваць. Хтосьці даваў нырца не распранаючыся, а хтосьці прыйшоў падрыхтаваным — з купальнымі касцюмамі. Нейкія дзяўчаткі пачалі катацца па нахільнай слізкай пліце фантана як з горкі. Напэўна застануцца сінякі на каленях, але гэта ўжо дробязі жыцця.
Нягледзячы на тое, што дзень быў прахалодным, некаторыя ўдзельнікі “Мокрых войнаў” чаргавалі водныя працэдуры з сонечнымі ваннамі. Міма праходзілі турысты з Японіі — пачалі фатаграфаваць водныя баталіі. Самі асабіста далучыцца не адважыліся.
На пытанне, навошта ўсё гэта трэба, мокрыя і шчаслівыя адказвалі лаканічна: проста так, каб усім было весела. Удзельнікі “вайнушкі” ахвотна фатаграфаваліся, але фатографа Budzma.org Зарыну Кандрацьеву не мачылі: пашкадавалі не дзяўчыну — прафесійную тэхніку. Дарэчы, пырскі на лінзах усё адно засталіся. Мабыць, нешта не тое з вадой. Але гэта ўжо не так істотна ў параўнанні з эмоцыямі, якія ўсе ўдзельнікі “Мокрых войнаў” атрымалі падчас свайго мокрага інтэрактыву.
Тэкст: Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева