Мабыць, самым кульмінацыйным днём ужо другога па ліку мотафестывалю, арганізаванага ў Бабруйску байк-клубам «Начныя ваўкі», стаў другі дзень «Бабруйскага катла», калі госці фестывалю змаглі ўбачыць і паўдзельнічаць не толькі ў парадзе матацыклаў, праехаўшы па месцах баявой славы і пахаванняў салдат ВАВ, але і ўбачыць спаборніцтвы па скейтбордзе, паркуры, сілавым экстрыме і, вядома ж, атрымаць асалоду ад выступаў мноства альтэрнатыўных гуртоў, сярод якіх больш за ўсё прыхільнікі чакалі на сцэне створанага нядаўна ўдзельнікамі гурта «Король и шут» праекта «Северный флот» і, вядома, легендарную «Арыю».
У адрозненне ад іншых мотафестываляў забаўляльнага характару, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, мерапрыемствы «Начных ваўкоў» усё больш і больш вылучаюцца патрыятычнай і палітычнай ідэалагічнай скіраванасцю, выкліканай супрацоўніцтвам мотаклуба з пуцінскімі ўладамі і вылучэннем бюджэтных сродкаў для яго. Пра гэта сведчыць выбраная арганізатарамі патрыятычная назва самога фестывалю «Бабруйскі кацёл. Сутычка-2014» у гонар перамогі савецкіх войскаў над фашысцкімі ў час Бабруйскай аперацыі 1944 года, а таксама аўтарская прапагандысцкая відэапраграма, якую штогод паказваюць гледачам падчас самых яркіх момантаў фестывалю. Тым не менш, нягледзячы на арыентаванне на здаровы і цвярозы лад жыцця, забарона продажу алкаголю і асабліва піва на тэрыторыі правядзення мерапрыемства, у гэтым годзе сур’ёзна адбіўся на наведвальнасці «Бабруйскага катла».
Многія байкеры, якія прыехалі здалёк і хацелі атрымаць асалоду ад беларускага піва і іншых напояў, абураліся забаронай на ўжыванне і пранос алкаголю і нават часам праз гэта пакідалі фестываль, і часткова таму людзей у «катле» сёлета было менш, чым на леташніх «ваўчыных сцежках». Сумнавата выглядалі і мотаконкурсы, на якіх былі прадстаўленыя практычна тыя ж матацыклы, што і на леташнім байкерскім фэсце. У сувязі з пэўнымі цяжкасцямі арганізацыі не было на фестывалі і спаборніцтваў квадрацыклаў, а таксама незабыўнага выступу каманды па фрыстайл-мотакросе “MFX-13” ды замены легендарнаму монстру-цягачу, створанаму «Начнымі Ваўкамі” па матывах фільма «Шалёны Макс II: Воін дарогі».
Нягледзячы на тое, што ў «катле» было шмат экстрыму і адзін вечар фестывалю нават быў выдзелены для баёў па правілах розных адзінаборстваў, арганізатары ўсё ж надалі нашмат больш увагі шырокай трохдзённай музычнай праграме фестывалю. Таму «Бабруйскі кацёл» стаў нават больш падобны да грандыёзнага музычнага фэсту і толькі ўжо потым да мотафэсту. У цэлым жа, нягледзячы на праблемы, падзея, арганізаваная «Начнымі Ваўкамі», чарговы раз стала адным з самых маштабным і каштоўных падарункаў бабруйчанам і гасцям горада.
Аляксей Сталяроў