Цягам апошняга месяца многія планавалі ўнесці ў сваё жыццё пазітыўныя змены з новага 2015 года: кінуць кепскія звычкі, часцей бачыцца з бацькамі, вывучаць тое, чым заўсёды марылі займацца.
Добра было б з 2015 года ўсім, хто чытае гэтыя радкі, пачаць размаўляць на роднай непаўторнай беларускай мове! З памылкамі, недакладнасцямі, але імкненнем пашыраць свой слоўнікавы запас на практыцы!
Ролік, які матывуе распаўсюджваць беларускую мову, быў зроблены маладой камандай Майстэрні сацыяльнага кіно пры дапамозе беларускага бізнесу, некамерцыйных арганізацый і медыйных асоб, якія разам аб’ядналіся дзеля таго, каб упэўніць, што культура нашай краіны залежыць толькі ад нас асабіста.
Праект “Культура пачынаецца з цябе” — піянер у новым падыходзе да сацыяльнай рэкламы: некамерцыйная арганізацыя звярнулася да меснага буйнога бізнесу, мабільнага аператара velcom, інтэрнэт-правайдара “Атлант Тэлекам”, кaмпаніі “Хенкель Баўтэхнік”, якія праспансавалі здымкі ролікаў на сацыяльныя тэмы: мова, экалогія, выхаванне, культура — мабыць, упершыню ў Беларусі.
Ролік зрабіла Майстэрня сацыяльнага кіно — некамерцыйная арганізацыя, якая ставіць перад сабой мэту павысіць узровень сацыяльнай рэкламы і кіно ў Беларусі. Утварылася Майстэрня з ініцыятывы студэнтаў некалькіх ВНУ — вучыцца здымаць добрую сацыяльную рэкламу. Год таму яны зрабілі ролік “Не хавайцеся ад беларускага”, які выклікаў бурнае абмеркаванне і шмат праглядаў. А пасля маладыя аматары аб’ядналі намаганні з кінашколай Андрэя Палупанава, каб мэтанакіравана развіваць гэты напрамак у Беларусі.
КАМЕНТАРЫ КАМАНДЫ ПРАЕКТА І ВЯДОМЫХ АСОБ
Сцэнарыст роліка Вікторыя Апекунова, студэнтка юрыдычнага факультэта:
— Чаму ты лічыш важным для беларусаў размаўляць па-беларуску? Як гэта палепшыць нашае жыццё?
— Адказ просты: бо мы беларусы. Cапраўды дзіўна, што ўвогуле ўзнікае такое пытанне. Мова — тое, што робіць нас адметнымі, дазваляе адразу вызначыць, што з земляком размаўляеш. Можна доўга разважаць на тэмы “Мова — душа нацыі”, “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, але, на маю думку, ужо час не разважаць. Час дзейнічаць. І выкарыстанне беларускай мовы — гэта іншы узровень жыцця, іншая якасць. Бо сам працэс пераходу, без жартаў, — перамога над сабой, над сваёй зонай камфорту.
У Беларусі з’яўляецца ўсё больш беларускамоўных курсаў і мерапрыемстваў. Адзін з грунтоўных пашыральнікаў беларускамоўнага асяроддзя, Глеб Лабадзенка, аўтар ініцыятывы беларускамоўных курсаў па ўсёй краіне “Мова Нанова”, якая ў 2014 годзе атрымала афіцыйную рэгістрацыю, кажа:
“Мова — гэта масток і ключык да зусім іншага сусвету, якаснага і цікавага. Мова як мэта ці як сцяг — неразумна і нават шкодна, мова як сродак вымярэння сваёй ідэнтычнасці і сувымернасці ў сусвеце — незаменна. Ну, і пакуль што мова — добры і лёгкі спосаб быць адметным.”
У здымках “Мова пачынаецца з цябе!” удзельнічалі таксама вядомыя беларускія асобы, якія сваім прыкладам таксама могуць “заражаць”: спартсменка Аляксандра Герасіменя, бізнесовец Юрый Зісер.
У Юрыя Зісера мы спыталі:
— Як вы лічыце, ці патрэбная беларусам/грамадству ў медыяпрасторы думка аб тым, што культура пачынаецца з кожнага чалавека? Можа быць, гэта і так зразумела, і інфармацыя пра курс долара і цэны карыснейшая?
— Канечне, патрэбная. Камусьці дастаткова матэрыяльных патрэбаў, кагосьці цікавіць духоўнасць. Аднак культура патрэбная ўсім.
Аляксандра Герасіменя — двухразовы срэбраны прызёр па плаванні Алімпійскіх гульняў у Лондане-2012, чэмпіёнка Еўропы і свету, а таксама стваральніца нацыянальнага спартыўнага фестывалю “Мова Cup”. Яна пасля здымак дала невялічкае інтэрв’ю, https://www.youtube.com/watch?v=kCHUpF5-7CA у якім падрабязна распавяла пра свае адносіны з беларускай мовай.
Студэнт эканамічнага ўніверсітэта, акцёр роліка Улад: “Складанасць у тым, што ты жыў практычна без яе, усё было на рускай. І да таго ж мова не у трэндзе пакуль што. Але трэба, каб было нацыянальнае адзінства. Калі памрэ мова — памрэ і нацыя. Мова — яркая прыкмета, якая нагадвае, што мы з’яднаныя яшчэ і іншым акрамя мовы”.
Канстанцін Варабей
Каардынатар праекта
+375293767533
Юшкевіч Наталля
Pr-спецыяліст
+375293247992