Студэнт Ньюкаслскага ўніверсітэта Луі Эрнан стварыў выявы, на якіх візуалізаваў працу бесправадных сетак Wi-Fi. Яны сталі часткай яго праекта Digital Ethereal, мэта якога — паказаць, як шмат усяго чалавечае вока не ўлоўлівае.
Эрнан сканструяваў выявы з дапамогай самаробнай прылады, якая пераводзіць сілу сігналу Wi-Fi у пучкі розных колераў на фотаздымках, а таксама выпусціў праграму Kirlian Device mobile для Android, якая дазваляе рабіць такія здымкі. «Мы ўсё больш залежым ад таго, чаго не можам бачыць, што мяне дзівіць. Гэты нябачны свет неймаверна далікатны і зменлівы: варта закрыць не тыя дзверы, як увесь пакой робіцца мёртвай зонай для Wi-Fi», — кажа ён.
Паводле LAM
Фота: LUIS HERNAN, digitalethereal.com