Легенда польскай рок-сцэны гурт “Myslovitz” 3 снежня выступіў у мінскім клубе “Рэактар”. На канцэрце беларускі бок прадстаўлялі “Глебстэры” і “Garadzkija”.
Аднойчы ўвесну, абмяркоўваючы з Пітам Паўлавым найбліжэйшы канцэрт праекту «ЖывыГукON-line», ён прыгадаў старую ідэю прывезці ў Беларусь які-небудзь польскі гурт, а я адразу згадаў свой улюбёны гурт Myslovitz. Выявілася, што Піт знаёмы з Артурам Роекам, вакалістам гэтага знанага польскага гурта. Лёс быў прадвызначаны…
Ужо праз пару месяцаў была атрыманая папярэдняя згода ад гурта, і пачаліся працяглыя перамовы. Што і казаць, Myslovitz — флагман польскай музыкі ў свеце (перад Мінскам гурт наведваў Лондан і Стакгольм), мае сур’ёзны тэхнічны райдар, і ўсе гэтыя пытанні трэба было вырашаць. Агромністую дапамогу аказаў Польскі Інстытут у Мінску — без іх шматбаковай падтрымкі канцэрт дакладна не адбыўся б.
3 снежня, прыляцеўшы па абедзе, ўжо а 16-й гадзіне гурт быў у «Рэактары», дзе правёў непрацяглы саўндчэк і паехаў ў гатэль. Натоўпаў фанатак, што бегалі за Роекам, у Мінску не было. Як і не было ўпэўненасці з самага пачатку, ці зможа гурт сабраць поўны клуб. Усё ж пра польскую музыку ў нас нічога не вядома, у адрозненне ад расійскай ці нават украінскай. Аднак прададзеныя за два дні да канцэрту ўсе квіткі за столікі настройвалі ўсіх на добры лад.
Піт Паўлаў
Вынік быў звышудалым: пятнічны вечар у «Рэактары» можна назваць аншлагавым. Хтосьці ўпершыню ўвогуле пачуў Myslovitz, хтосьці чакаў гэтага канцэрту не адзін год, але вынік для ўсіх агульны — усе засталіся задаволеныя!
Разаграваць публіку давялося гуртам «Глебстеры» і GARADzKIJA, а таксама добраму аўдыёфону і відэашэрагу з папярэдніх канцэртаў «ЖывыГукON-line».
Myslovitz выйшлі на сцэну ціха, без лішніх словаў (яны ўвогуле ніколі падчас канцэртаў не размаўляюць, а ролю завадатара грае не меланхалічны вакаліст Артур, а вясёлы гітарыст Войцех Павага) і пачалі з меланхалічнай і працяглай «Moving Revolution» (яшчэ з першага альбому далёкага 1995 году). Пачуўшы гэты пераважна інструментальны трэк, ніхто не мог чакаць далей сапраўднага рок-н-ролу. Але ўжо на наступнай песні «Głosy» ўсе на танцпляцы пачалі танчыць і не спыняліся да самага канца.
Хоць гурт абяцаў выканаць у Мінску сваю звычайную праграму, сэт-ліст значна адрозніваўся ад нядаўніх канцэртаў, і, думаю, нават польскія фаны маглі б нам пазайздросціць: толькі найлепшыя песні, у тым ліку тыя, якія граюцца на канцэртах зрэдчас («Z twarzą Marylin Monroe», «Głosy», «Myszy i ludzie», «My»), працяглы «біс» (гурт ніколі не грае больш за 1-2 песні, а ў Мінску былі выкананыя нават тры) і псіхадэлічная «Mickey» (песня, якая не ўваходзіла ні ў адзін альбом гурта, але ў мінулым годзе фанатамі была абраная пад другім нумарам у TOP-20 найлепшых песняў Myslovitz — http://forum.myslovitz.com.pl/viewtopic.php?f=5&t=2315) і «To nie był film» (саўндтрэк да фільму «Młode wilki ½»). Новых песняў не было, зрэшты, і альбом да траўня не з’явіцца.
Амаль двухгадзінны сэт гурт скончыў песняй «Dla ciebie» і схаваўся ў сутарэннях «Рэактара». На жаль, ні на аўтограф-сесію, ні на магчымасць выйсці да новых фанатаў у гурта часу не заставалася: выступ зацягнуўся, а адразу пасля канцэрту ў клубе мусіла быць яшчэ адна вечарына.
Сваё знаёмства з Беларуссю Myslovitz працягнулі на наступны дзень, павандраваўшы па Нясвіжы, а ў нядзелю паляцелі дахаты ў Варшаву.
А пакуль «ЖывыГукON-line» рыхтуецца да новых канцэртаў. На адным з якіх, магчыма, зноў выступіць Myslovitz. Музыкі засталіся цалкам задаволеныя мінскім прыёмам і выступам і не супраць да нас вярнуцца.
Глебстэры
Myslovitz