14 верасня, свае 46-годдзе адзначае знакаміты беларускі музыкант Лявон Вольскі. Першыя падарункі — песня ад дачкі і прэм’ерная кніга — “Міларусь”, якая сёння ўпершыню пабачыла свет.
Як кажа Вольскі, святкуе гэты дзень народзінаў ён ціха і сціпла: “У сямейным коле, без асаблівых урачыстасцяў, можа келіх шампанскага вып’ем… Звычайна восень — такі час, шмат хто з музыкантаў недзе іграе, таму не заўсёды атрымоўваецца сабраць на мой дзень народзінаў музычную кампанію. Гэтым разам, не гледзячы на крызіс і чорныя спісы, таксама ўсе занятыя, таму святкуем ціха. А наогул, так атрымалася, што сёння на святкаванне свайго 75-летняга юбілею мяне запрасіў Генадзь Бураўкін у Галерэю “Ў”. Таму так ці інакш патраплю ў святочную абстаноўку”.
Пакуль, па словах Вольскага, падарункі ён яшчэ не атрымаў. “Пакуль толькі ад дачкі атрымаў песню у падарунак. З нядаўняга часу яна іх піша па пяць у дзень, нешта прарэзалася”, — усміхаецца ён.
Але адзін падарунак імяніннік усё ж паспеў сёння атрымаць — выйшаў з друкарні першы наклад першай кнігі Вольскага пад назвай “Міларусь”.
“Гэта кніга прозы. У ёй адна аповесць “Пакуль сабачка жывы” і шэраг апвавяданняў, напісаных з большага напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, — кажа ён. — Ёсць і некалькі ранейшых і зусім ранніх апавяданняў, такіх, што самому смешна зараз іх чытаць. Але мне не сорамна ні за што з прэзентаванага у гэтай кнізе”.
“Прачытаўшы кнігу, людзі змогуць акунуцца у дзікаватую атмасферу гэтых 1990-2000-х гадоў, — працягвае ён. — Там ёсць і брудныя вуліцы, і бітае шкло, шмат таго, чаго зараз ўжо і няма”.
Па словах Вольскага, назву зборніку дало адно з апавяданняў. “У ім апісана гісторыя пра тое, як розныя беларускія актывісты, якія хочуць нешта змяніць, вырашаюць змяніць назву краіны — бо напэўна з-за яе ўсе беды і недарэчнасці, што здараюцца з народам. І вось адным з варыянтаў новай назва і стала Міларусь”, — патлумачыў ён.
Кніга выйшла накладам каля 1000 асобнікаў. Хутка плануецца выкласці яе pdf-варыянт у сеціва. “Цяжка казаць пра дакладныя планы і даты, таму што толькі вось сёння забраў першы наклад з друкарні. Але спадзяюся, будзе і урачыстая імпрэза, і паступленне кнігі ў продаж. Пра гэта будзе аб’яўлена бліжэйшым часам”.
Па словах Вольскага гэта можа быць далёка не апошняя напісаная ім кніга. “У зборнік “Міларусь” увайшло не ўсё з напісанага мною. Ды й наогул — што за пісьменнік такі з адной кнігай?”, — кажа ён.
“Няхай лепей людзі чытаюць самую кепскую беларускую літаратуру, чым глядзяць самае лепшае беларускае тэлебачанне”, — рэзюмаваў Вольскі.