Энцыклапедычны сэрвіс Wikia запусціў інструмент для стварэння і калектыўнага рэдагавання інтэрактыўных мапаў. Пра гэта паведамляецца на сайце праекта.
Wikia Maps дазваляе стварыць мапу на аснове якой-небудзь схемы, плана ці малюнка. Для гэтага карыстальніку трэба размясціць на ім маркеры з апісаннямі адпаведных прадметаў і лакацый. Усе маркеры можна падзяліць па тэматычных слаях (напрыклад, «Будынкі» і «Падзеі»). Мапы можна ствараць як на аснове рэальных схем, так і якіх-небудзь іншых малюнкаў (напрыклад, ілюстрацыі касмічнага карабля або фатаграфіі гітары). На дадзены момант на Wikia Maps можна знайсці план «Тысячагадовага сокала» (з «Зорных войнаў»), мапы Вестэроса (з «Песні лёду і полымя» Джорджа Марціна) і рэцэптаў розных кухняў свету. Для стварэння мапаў трэба зарэгістравацца на Wikia.
Wikia — бясплатны сэрвіс, які дазваляе ствараць тэматычныя вікі-энцыклапедыі (напрыклад, «Вукіпедыя» ці The Elder Scrolls Wiki). Запушчаны ў 2004 годзе заснавальнікам «Вікіпедыі» Джымі Уэйлзам і інтэрнэт-прадпрымальнікам Анджэлай Бізлі. Сэрвіс налічвае каля 120 млн карыстальнікаў і 400 тыс. тэматычных энцыклапедый. Манетызуецца за кошт рэкламы.