Ён носіць падвойнае імя – Эдуарда Караль. У гонар свайго славутага прадзеда. Нашчадак графа Чапскага, легендарнага мінскага граданачальніка, прыехаў з Лондана ў Беларусь па запрашэнні завода «Аліварыя». На сустрэчы з журналістамі Эдуарда Аранда Гадлеўскі распавёў, што марыць вывучыць беларускую мову ды напісаць кнігу пра свайго знакамітага продка.
Прадстаўнік арыстакратычнага беларускага роду жыве ў Лондане, па прафесіі ён авіяінжынер. “Я ведаю, чаму лётаюць самалёты”, – без усмешкі жартуе спадар Гадлеўскі. А вось пра тое, што з’яўляецца нашчадкам чалавека, які адыграў немалую ролю ў гісторыі адной двухмільённай сталіцы, ён даведаўся толькі ў сталым узросце. Ягоны бацька быў гішпанскім дыпламатам і меў карыснае захапленне – складанне генеалагічных дрэваў. Бацька стварыў радавод Чапскіх і дапамог сыну знайсці многіх сваякоў.
“Цяпер я шмат ведаю пра свой род, але вывучаць яго пачаў пасля знаёмства з жонкай”, – кажа госць. Дарэчы, ягоная жонка Аляксандра Ваньковіч – таксама шляхетнай крыві, яе прозвішча гаворыць само за сябе. “Але калі мы пазнаёміліся, то спадабаліся адно аднаму крыху з іншых прычынаў”, – зноў жартуе Эдуарда Гадлеўскі.
У Беларусі ён бываў ужо некалькі разоў – упершыню прыехаў сюды з бацькам у 1992 годзе. З таго часу, заўважае, Мінск імкліва мяняецца. Увогуле ўражанні пра горад ягонага прадзеда ў спадара Гадлеўскага захопленыя: “Думаю, што Мінск –цудоўны сучасны горад, асабліва добрыя тут дарогі, – кажа ён. – Усе тыя дасягненні, якія мой прадзед некалі прыўнёс сюды з Еўропы, развіваюцца і сёння”.
Караль Чапскі быў чалавекам-легендай. Гарадскім галавой ён стаў у трыццаць гадоў, а пасля чатыры разы перавыбіраўся на гэтую пасаду. За ім у губернскім горадзе ўзводзіцца першая электрастанцыя, брукуюцца вуліцы і з’яўляецца трамвайная конка, а гараджане пачынаюць ездзіць на роварах ды карыстацца тэлефонам. Апроч таго, граф быў заснавальнікам Мінскага гарадскога тэатра, сённяшняга Купалаўскага, і ўладальнікам бровара «Багемія», які пасля ператварыўся ў «Аліварыю».
У Караля Чапскага і Леанціны Пуслоўскай былі два сыны і тры дачкі. Жонка перажыла графа ажно на 61 год, пасля прыходу бальшавікоў яна з дзецьмі вымушаная была з’ехаць з Беларусі спачатку ў Польшчу, потым у Італію. Спадар Эдуарда распавядае, што быў у Рыме ў тым доме, дзе жыла ягоная прабабка. Адна з дачок Караля Чапскага, Янка, выйшла замуж за Юзэфа Гадлеўскага з Навагрудка. Так прозвішча Гадлеўскі і прыйшло ў сям’ю.
«Нашчадкаў Чапскіх вельмі шмат, яны раскіданыя па ўсім свеце. Я знаёмы з некаторымі з іх», – распавядае спадар Эдуарда.
Пра слаўныя справы свайго прадзеда ды пра яго вялікую сям’ю ён марыць напісаць кнігу. Прычым кажа, што яна абавязкова выйдзе па-ангельску і па-беларуску. “Паколькі вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, вам варта звяртаць увагу ў тым ліку і на заходні свет і дапаўняць беларускія кнігі ангельскімі версіямі”, – тлумачыць ён. А ў найбліжэйшы час абяцае засесці за вывучэнне беларускай мовы. Праўда, у Мінску ён пакуль не знайшоў сабе настаўніка для гэтай справы, а ў падарунак чакае беларуска-ангельскі слоўнік. Сын дыпламата, Эдуарда Гадлеўскі з дзяцінства ездзіць па ўсім свеце і ведае сем моваў, таму ўпэўнены, што і беларускую адолее.
Для будучай кнігі нашчадак Чапскага плануе працаваць у беларускіх архівах ды сустракацца з гісторыкамі ўжо ў гэты прыезд. А пакуль яму паказалі мінскія месцы, звязаныя з біяграфіяй прадзеда, правялі экскурсію па бровары (беларускае піва ён таксама горача хваліў). А галоўнае, ён зможа першы ацаніць адрэстаўраваныя заводам “Аліварыя” альтанку-ратонду і мост у родавым маёнтку Станькава.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай