Беларускі гурт Sciana і ўкраінская каманда “Ролікс” распачалі “Будзьма-тур” па гарадах Беларусі з канцэрту ў мінскім клубе “Юла” пры падтрымцы дзвюх надзеяў беларускай індзі-сцэны – гуртоў “Амарока” і Avias.
Пачатак вялікага зборнага рок-канцэрту з хэдлайнерамі адразу з дзвюх краінаў крыху спазніўся: якраз міма клуба “Юла” праходзілі ўдзельнікі акцыі “Чарнобыльскі шлях”, у сувязі з чым адміністрацыя ўстановы вырашыла часова прыпыніць пускаць людзей. Але маніфестанты прайшлі, і ў клуб сіганула некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі і першыя выступоўцы з гурта “Амарока”. Хлопцы хуценька пераапрануліся ды выбеглі на сцэну. Вакаліст каманды Зміцер Афанасенка выказаў шкадаванне, што граюць яны першымі, але на агульным імпэце музыкаў гэты факт ніяк не адбіўся, і яны ў жвавым рытме адыгралі свой сэт. “Амарока” з таго шэрагу камандаў, якія знаходзяцца на ўздыме. Ужо доўгі час. Але так і не могуць узняцца. Даволі някепскія песні, выкананыя ў стылі каліфарнійскага панку з беларускамоўнымі тэкстамі прымалі не тое каб з вялікім трымценнем. Але недзе пасярод сэту, на творы “Траблы”, музыкам удалося трохі разварушыць натоўп. Адну са сваіх песняў Зміцер прысвяціў угодкам чарнобыльскай трагедыі.
“Чарнобыль фарэва…” – з сумам падхапіў тэму другі выступоўца – лідар каманды Avias Раман Сухоцкі. Адзін з самых зацятых гранжоў Беларусі надрываў голас, прадстаўляючы праграму свайго новага гурта. Раней Раман граў у камандзе пад назвай “Крок” і дасягнуў пэўных поспехаў. Сам жа гурт запомніўся хіба тым, што на бубнах у іх грае дзяўчына, што даволі экзатычна для беларускай сцэны.
Пасля млявага Avias на сцэну выскачыў лідар украінскай каманды “Ролікс” Змітро Ігнатаў, які, у адрозненне ад папярэдняга выступоўцы, вырашыў размаўляць з беларусамі па-беларуску. Між іншым музыка зазначыў, што яму неймаверна прыемна выступаць у Беларусі. Украінцы ў нас ужо гралі, але тое было летась і не ў сталіцы. “Ролікс” прадстаўляў у Мінску свой другі альбом “Перетворився на зброю”. Музыкі запалілі ўсіх і зрабілі гэта імгненна, дзякуючы сваёй няспыннай энергіі. Змітро бегаў, намотваў мікрафон на шыю ды скакаў у натоўп, выклікаючы агульнае захапленне. Песняў “Ролікса” не ведалі, але падпявалі як маглі. Трэба думаць, на наступны канцэрт у Мінску ўкраінцы збяруць яшчэ болей людзей.
А закрывалі вечар хэдлайнеры – гурт Sciana, якія ўмомант пацвердзілі, што маюць поўнае права насіць такі ганаровы статус. Асаблівы эфект быў дасягнуты, калі яны пачалі граць з дзвюх барабанных установак. З гэтага канцэрту берасцейцы пачалі свой сумесны з “Роліксам” міні-тур па гарадах Беларусі, які атрымаў назву “Будзьма-тур”. На кожным выступе музыкі прадстаўляюць і свой супольны сінгл, толькі што запісаны ў студыі, які так і завецца – “Беларусь-Украіна” (СПАСЫЛКУ).
Найбліжэйшыя выступы гуртоў Sciana і “Ролікс”:
27.04 – Гродна – байк-фэст “Хавайся ў бульбу!” http://vk.com/event36043767
28.04 – Віцебск – бітлз-клуб “Чердачок” http://vk.com/event37504378
29.04 – Берасце – клуб СІTY http://vk.com/event37579435
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч