Журы вызначыла тройку фіналістаў конкурсу «Засьпявай.BY», які праводзіць партал Tuzin.fm разам з фондам «Вяртаньне».
Сябры журы ўважліва адслухалі песьні ўсіх 34 удзельнікаў конкурсу. Кожны назваў сваю тройку фаварытаў з увагаю на наступныя крытэры:
1. Тэкст. Галоўная ўмова конкурсу – тэкст на верш сучаснага паэта, таму перавага аддавалася перадусім сапраўднай паэзіі)
2. Музыка. Паводле ўмоваў яна павінна быць аўтарскай, таму перавага аддавалася арыгінальным творчым рашэньням.
Якасьць запісу ролі не адыгрывала. Ацэньвалася хутчэй ня песьня, як гатовы творчы прадукт, а будучы патэнцыял той ці іншай кампазыцыі.
«Выбіраць было складана, некаторыя цікавыя песьні не ўвайшлі ў мой рэйтынг, бо былі напісаныя на ўласныя словы выканаўцаў, паклалі б яны чужы тэкст і маглі б ператварыцца ў лідэраў» – заўважае адзін зь сябраў журы, лідэр гурту Tonqixod Уладзь Лянкевіч. Сярод сваіх фаварытаў ён вылучыў песьню 18-гадовай Лізаветы Леўчык на верш Тацяны Сапач «Адзінота»: «У песьні ёсьць драматургія. Тэкст зь песьняй успрымаецца нашмат лепей, то бок аўтарцы ўдалося раскрыць яго па-іншаму і гэта крута. Калі раптам дойдзе да аранжаваньня гэтай песьні, то ніякіх барабанаў і галоўнае каб захоўвалася пэўная натуральная «няроўнасьць” вакалу, гэтая хрыпінка, быццам сьпявачка балянсуе і вось-вось сарвецца. Апроч таго, думаю, што гэтая песьня магла б быць аформлена відэарадам, натуральна, без усялякіх папсовых сымбалічных гісторый, але нешта такое з фактурай чалавека”.
На фота: Лізавета Леўчык
Сьпявачка Паліна Рэспубліка ў шэрагу фіналістаў на першае месца паставіла 22-гадовага Віталя Варанко. «Па жанры усе абраныя мной кампазыцыі больш схіляюцца да папулярнай музыкі. Спачатку мяне гэта зьбянтэжыла, але пасьля я падумала, што якраз добрых і якасных беларускамоўных поп-кампазыцый ў нас… нуу проста няма», – кажа Паліна. А Віктар Рудэнка з гурту Rostany наконт кампазыцыі Варанка выказаўся сьцісла і ёмка: «Гэта песьня – мэгагіт!».
Сваю конкурсную кампазыцыю Віталь Варанко напісаў на верш «Вяртайся» Віталя Рыжкова. Сам паэт таксама быў у журы, але гэты твор не назваў у ліку найлепшых. «Ведаю, што шмат хто б мяне зразумеў, калі б я ў ролі сябры журы ўключыў песьню на свой верш у ўласны топ-3, але гэта не супала б з маімі ўласнымі ўяўленьнямі пра гэты сьвет. Таму сьціпла жадаю твору і творцу посьпеху!», – зазначыў Віталь. Сам ён на першае месца паставіў гурт «Кашлаты Вох» зь песьняй «Балотны агеньчык» на верш Антона Францішка Брыля.
На фота: Віталь Варанко
Vinsent зазначае, што ў кантэксьце конкурсу ён адразу адкідаў песьні з тэкстамі пра васількі, жаваронкаў «ды іншыя лугі і палеткі»: «Гэтага ў нас надта багата. Хочацца ісьці наперад». У ліку сваіх фаварытаў сьпявак назваў і трэк 24-гадовага Юрася Касьценя зь Вялейкі, вядомага як SP Kava – «Эндшпіль», напісаны на верш Алеся Адамовіча «Яна ведае пахі сноў».
«Да мурашоў! Першы трэк, які чапляе зь першых гукаў, а далей і зь першых словаў, – з захапленьнем кажа пра кампазыцыю SP Kava Алесь Кот-Зайцаў з гурту BosaeSonca. – Баяўся быць занадта суб’ектыўным, у стаўленьні да гэтага «канкурсанта», але не – нават калі б гэта быў невядомы мне выканаўца, гэта было б лепшым трэкам».
На фота: Юры Касьцень (SP Kava)
Рома Жыгараў з гурту Akute кажа, што пры выбары фіналістаў улічваў і спэцыфіку ўкраінскага саўнпрадусара Ўлада Яруна, які надалей будзе асабіста працаваць зь пераможцам конкурсу. Таму ён вылучыў найперш 23-гадовую Паліну Цімохіну зь песьняй на верш Алеся Камоцкага «Адагрэй мае рукі подыхам». Зрэшты, добрыя словы прагучалі яшчэ на адрас дзесятка канкурсантаў. Алесь Дземідзенка з гурту Re1ikt, напрыклад, вылучыў сьпеў «Салавейка» 16-гадовай Ганны Тарасюк з пасёлку Мухавец на Берасьцейшчыне. Алег Хаменка назваў у шэрагу лепшых песьню «Адзінота» 21-гадовай Дар’і Васюковіч зь Бешанковічаў. «Было ня проста складана, а звышскладана зрабіць свой выбар. Я і сам у сваёй творчай кар’еры безьліч разоў ўдзельнічаў ў конкурсах і амаль ніколі не перамагаў. Удзельнікі-калегі, асабліва тыя хто не атрымае прызавых месцаў, калі ласка, не кідайце гэтыя творы, дарабіце самастойна, дайце ім права на жыцьцё!», – закліаў лідэр гурту «Палац».
Па выніках галасаваньня найбольш балаў набралі наступныя выканаўцы: Лізавета Леўчык, Віталь Варанко, Юры Касьцень (SP Kava). Усе яны ўжо могуць лічыцца ляўрэатамі конкурсу «Засьпявай.BY». Пераможца, чыя песьня будзе сааранжавана, запісана і зьведзена ўкраінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном, будзе названы да 23 траўня на партале Tuzin.fm
Tuzin.fm