На другі масавы запуск нябесных ліхтарыкаў, арганізаваны праз сацыяльныя сеткі моладзевым грамадскім аб’яднаннем “Аваргард”, у сталічны парк Дружбы народаў (што на Бангалоры) цёплым суботнім вечарам 17 сакавіка сабралася каля тысячы ўдзельнікаў. Прыходзілі цэлымі сем’ямі, дружнымі кампаніямі, студэнцкімі тусоўкамі. Бо гэтая забава падыходзіць любому ўзросту!
Надвор’е было лётнае, хоць і трошкі бруднае. Але, як вядома, танкі гразі не баяцца! Мелі рацыю тыя, хто прыйшоў сюды ў гумавым абутку. Але дзяўчаты — заўсёды дзяўчаты: некаторым асабліва галантным кавалерам давялося пераносіць сваіх сябровак на руках у больш-менш чыстае месца.
“Сённяшні запуск прымеркаваны да перыяду, калі людзі нарэшце адыходзяць “ад зімовай спячкі”, выходзяць на шпацыры, злазяць з канапаў. Калектыўнае вечаровае баўленне часу на летні перыяд”, — лічыць кіраўнік моладзевага грамадскага аб’яднання “Аваргард” Марат Абрамоўскі.
“Не запускайце ліхтарыкі па адным, мы ж прыйшлі сюды па яскравае відовішча!” — заклікалі арганізатары не запускаць ліхтарыкі да старту, які быў запланаваны на 8 вечара (каб усе, хто хацеў паўдзельнічаць, паспелі падцягнуцца).
Уласна, усё мерапрыемства складалася з трох этапаў: збор усіх удзельнікаў, інструктаж (для тых, хто не ведае, як запускаць ліхтарык) і агульны запуск. Дарэчы, ліхтарык можна было набыць проста на месцы — за 30 тысяч “без рэшты”.
І вось доўгачаканая хвіліна надышла, роўна ў восем нуль пяць з гучнагаварыцеля абвясцілі пра пачатак распакоўкі і падрыхтоўкі ліхтарыкаў да старту.
Але адначасовага старту ўсё ж не атрымалася, бо ліхтарыкі розных формаў выграваюцца і набіраюць лётную сілу па-рознаму. Тым не менш, у мінскае неба адзін за адным узляцелі сотні светлавых шароў да неапісальнай радасці ўсіх, хто бачыў гэта відовішча.
“Глядзі, як гэты паляцеў — супрацьтарпедным зігзагам!” — засмяяліся побач, паказваючы на ліхтарык, які імклівей за іншыя пачаў набіраць вышыню.
Адзін з ліхтарыкаў зачапіўся за металічную канструкцыю над сцэнай. “Ура! Уратаваны!” — усклікнулі людзі, калі ліхтарык апынуўся на волі.
Скончылася яскравая дзея салютам, а ліхтарыкі яшчэ доўга свяціліся ў начным небе, нагадваючы людзям пра цуд, што нядаўна адбыўся і сведкамі якога сталі мінчукі.
Зарына Кандрацьева