Феномен Noize MC у тым, што ён вялікі кампілятар, добры імправізатар, неймаверна актыўная, нават правакацыйная асоба. Падыход у яго чыста постмадэрнісцкі. Фактычна не прамаўляючы нічога новага, ён старое і чутае падпарадкоўвае сваёй канцэпцыі адмаўлення рэчаў і з’яваў, навязаных наваколлем… У Re:Public прайшла прэзентацыя “Нового альбома” расійскага выканаўцы.
Мінула ўжо гадзіна ад абвешчанага пачатку імпрэзы, а на ўваходзе ў клуб чарга не змяншаецца. Зала ўжо добра напоўненая людзьмі, і даволі цяжка ўявіць, як усе ахвочыя могуць змясціцца ў немалым Re:Public. У вечар перадвелікоднай суботы тут выступае кумір тысячаў беларускіх падлеткаў – Іван Аляксееў, больш вядомы як Noize MC. Асноўную частку квіткоў на прэзентацыю яго “Нового альбома” скупілі амаль за месяц да абвешчанай даты. Расійскаму музыку яўна ўжо можна браць лядовыя палацы.
Пакуль ахова рупліва правярае кішэні падлеткаў, на сцэне чытаюць рэп два самаўпэўненыя хлопцы ў баечках Adidas. Адзін з іх пытае ў прысутных на танцпляцы, колькі каму гадоў. Адна з дзяўчат: “19!”. Той: “Зашмат”. Задавольваецца адказам “17” і спявае песеньку пра тое, як “малалетку не пускаюць у клуб”. Выяўляецца, што гэта рэп-энтузіясты з Сургута, гурт PoTuStoronu. У афішах іх не заявілі. Хлопцы робяць сябе самі, выступаючы з канцэртамі за свой кошт, а таму і з’яўляюцца раптоўна. Noize MC уласнай персонай іх памкненні падтрымлівае, а таму здымаецца ў іх кліпах. Яны спяваюць пра тое, як няпроста прабіцца на сцэну правінцыйнаму артысту, цытуюць Дэцла ды Шнура, надаючы трохі ўвагі грамадска-палітычнай тэматыцы: “Выборы, выборы, кандидаты – п…доры”, выводзяць яны, расказваючы, як прайшла кампанія па абіранні прэзідэнта ў іх родным горадзе.
Нарэшце ўсе неяк змясціліся. Прысутныя сноўдаюцца сюды-туды, і ўсё гэта трохі нагадвае нармальную такую школьную дыскатэку. Раз-пораз ахоўнікі выводзяць з клуба самых нястрыманых. Адзін з іх угаворвае прапусціць яго назад, бо ён “ужо аддыхаўся”. Яму раяць пабегаць вакол клуба з паўгадзіны. Другі, спрабуючы трывала стаяць на нагах, просіць пакінуць яго ў зале яго да песні “Басейн” Нойза: “Я яе пачую і кончу”, – абяцае хлапец. Сам Noize MC вяшчае ў душным надыханым клубе пра тое, што Мінск – горад асаблівы, і ўсё тут адбываецца “ўдвая мясісцей”, чым у іншых месцах. На танцпляцы – поўны селядзец, і кожны з тых, хто там стаіць, прагна ловіць кожнае слова музыкі. Яго прыклад – сапраўды добры для пераймання, бо Іван дасягнуў дзікай папулярнасці на постсавецкай прасторы ў даволі сціслы тэрмін, дзякуючы толькі сабе самому, сваёй неймавернай упартасці і таленту. Паспрыяў яго умацаванню ў якасці моладзевага героя, дарэчы, і беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які зняў Нойза ў галоўнай ролі ў сваёй расійскай стужцы “Розыгрыш”.
У пэўны момант на сцэну прарываюцца чальцы фанклуба мінскага ХК “Дынама” і па сумяшчальніцтве аматары творчасці Нойза. Дораць кожнаму музыку па сувеніры, а самому Івану ды каларытнаму бубначу Паўлу Цяцерыну – па фірмовай майцы ад клуба. Расчулены Нойз у гэтай цішотцы і адыграў увесь амаль трохгадзінны сэт.
Мяркуючы па рэакцыі залы на песні з “Нового альбома”, які быў выкладзены ў сеціва ўсяго два тыдні таму, поспех яго працы можа перакрыць па папулярнасці папярэднія два студыйныя дыскі выканаўцы. Песню “Вьетнам”, прынамсі, усе крычалі-падпявалі нібы апошні раз у жыцці. Падчас яе выканання спецыяльна навучаны чалавек з каманды музыкі з хуткасцю два чалавекі ў секунду дапамагаў забірацца на сцэну ахвочым скокнуць у натоўп. Шмат з кім гэта было ўпершыню і як, першы сэкс ці першы скачок з парашутам, часам не атрымлівалася. Адзін з стэйдждайвераў-пачаткоўцаў прызямляецца няўдала і ўвесь астатні час сядзіць у куце, прыціскаючы сурвэтку да пабітага носа. А непадалёк ад яго журналіст Павал Свярдлоў з захапленнем дзеліцца з калегамі атрыманым досведам.
Феномен Noize MC у тым, што ён вялікі кампілятар, добры імправізатар, неймаверна актыўная, нават правакацыйная асоба. Задаў выканаўца планку вельмі высокую для ўсёй постсавецкай прасторы. Ён умела грае на супярэчнасцях, на адмаўленнях і ўзаемавыключэннях. Кіруе натоўпам, рассоўваючы словамі шэрагі гледачоў, пры тым выконваючы свой “Мизантроп-рэп”. Ён якраз такі, якім мусіць быць рок-музыка ў XXI стагоддзі. Падыход у яго чыста постмадэрнісцкі. Тэлевізар з акна да яго ўжо хто толькі не выкідваў, але ён спявае пра гэта так, нібы сам упершыню да гэтага даўмеўся. Фактычна не прамаўляючы нічога новага, ён старое і чутае падпарадкоўвае сваёй канцэпцыі адмаўлення рэчаў і з’яваў, навязаных наваколлем. Такі сабе пафігізм ад сфармаванай самадастатковай асобы. Гульня выходзіць цікавая: “Некаторыя лічаць, што мы інтэлектуальны гурт”, – кідае ён яўна прадуманую фразу перад песняй “Я врал”. Калаж з музычных стыляў выканаўца складае ўдала, уплятаючы ў свае песні не толькі хіп-хоп, але і панк-рок, пост-грандж, хард-кор, рэгі, рэйв, тэхна, рускі рок і халера яго ведае што яшчэ. Іван можа раптоўна згадаць Tom’s Diner С’юзан Вегі ці “Я то, что надо” з Сюткіна. Пасля практычна прапаведніцкага тэксту пра тое, што “чужая слабость не делает тебя сильней”, Нойз дзякуе ўсім, што не шкадавалі сябе і сваіх целаў… Гадзіна да свята Хрыстовага ўваскрэсення. Але голас яго не змаўкае. Наперадзе – абавязковы блок, даніна павагі нашым “Ляпісам”. Нягледзячы на тое, што сэмплы з голасам Міхалка ў музыкаў нехта скраў, яны вырашаюць граць ужывую. Песня пра жалезабетонны болт плаўна перацякае ў “12 обезьян”, пасля чаго выканаўца ўжо звыкла для сябе выгуквае “Жыве Беларусь!”. Гэта ён часова падмяняе Міхалка-змагара на беларускай зямлі. І гэта далёка не канец.
Падчас сола-блока, дзе Нойз чытае ці падыгрывае сам сабе на гітары, уся яго каманда збіраецца ў правым куце сцэны і актыўна падтрымлівае выканаўцу. Сёй-той скача ў натоўп з фоцікам. На пераасэнсаванні даўняга хіта “Воплей Відаплясава” пра “Танці” на сцэну вывальвае цьма фанатаў, якія даволі складна ўдаюць з сябе “Тодэс”. Не ўсе гледачы вытрымліваюць такога шалёнага слэму, спыняючы рух, але працягваючы здымаць усё на тэлефоны. На песеньцы “Из окна” сам артыст нібы выдыхаецца, калі кладзе галаву на клавішы, але гэта толькі частка шоу, гэтага вымагае тэкст. Тым не менш, бездакорна прадуманае канцэртнае шоу падыходзіць да завяршэння. Неўзабаве вялікі кампілятар мае вярнуцца да ўдзячных слухачоў.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч