Візітоўка беларускага мастацтва, таўшчынёй 216 старонак і накладам 1200 асобнікаў, была прэзентаваная гэтымі днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ. У альбоме “Мастацтва Беларусі” прадстаўленыя асобы, якія былі творча актыўнымі на працягу апошніх 10 год. Вялікі аб’ём і якасная паліграфічная падача спрыяе выгоднай рэпрэзентацыі ўсяго спектра нашага мастацтва, ад акадэмічнага да актуальнага.
Аўтарам макета з’яўляецца Андрэй Савіч. Вобраз вокладкі ўзяты з твора Уладзіміра Савіча. Алеся Белявец, рэдактар часопіса “Мастацтва” — аўтар уводнага артыкула, арыентаванага на малазнаёмага з беларускім мастацтвам чытача. Па яе словах, у тэкст наўмысна ўведзеная метафара незавершанага кола “якое мы павінны прайсці, каб падняцца на нейкі іншы ўзровень развіцця.”
Збор матэрыялаў і падрыхтоўка альбома ляглі на плечы Беларускага саюза мастакоў. У. Савіч, старшыня саюза, распавёў аб цяжкасцях рэалізацыі гэтага праекту. Было распрацавана тры варыянта макета. Колькасць мастакоў была скарочаная, паводле рашэння канфедэрацыі, з 380 да 264. Пытанне хто з мастакоў трапіў на старонкі альбома, і чаму яны, а не іншыя, з’яўляецца самай балючай тэмай у беларускім творчым асяродку.
Надрукаваны альбом на сродкі Міжнароднай канфедэрацыі саюза мастакоў з штабкватэрай у Маскве. Яна аб’ядноўвае мастакоў усіх краін былога СССР. Дзейнасць канфедэрацыі заключаецца ў арганізацыі выставаў, выданні альбомаў значных персаналіяў. Упершыню канфедэрацыя падпісалася на выданне альбома беларускіх мастакоў.
Па словах Рыгора Сітніцы, першага намесніка старшыні саюза мастакоў, альбом спрыяе “пашырэнню нашай нацыянальнай эстэтычнай прасторы ў шырокі свет. І сведчыць аб тым, што ў цэнтры Еўропы жыве нацыя, якая стварае абсалютна якасны мастацкі прадукт.” Ужо сёння мастацкі альбом служыць мэтам прапаганды беларускага мастацтва ў іншых асяродках.
На фота калектыўным С.Цімохаў, Р.Сітніца, А.Савіч, У.Пракапцоў, У.Савіч.