Вярба ў беларусаў здаўна лічыцца сакральным дрэвам. Яна першай пачынае цвісці, з ёю звязваюць надыход вясны. Надзвычай жывучая расліна: уваткні ў зямлю галінку, і яна прыжывецца, хутка вырасце дрэва. Некалі вербамі абсаджвалі палоскі зямлі — як межавыя знакі, а таксама ў мэтах ахоўнай магіі. Вярбе прысвечанае асобнае свята напярэдадні Вялікадня. Асвечанымі ў храме трыма дубчыкамі вярбы, звязанымі ў адзін пучок разам з ядлоўцам, упрыгожанымі штучнымі кветкамі, сцёбаюць па плячах, прамаўляючы: “Не я б’ю, вярба б’е. За тыдзень Вялікдзень! Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!” Праваслаўныя беларусы захоўваюць гэты пучок вербачак у чырвоным куце за абразамі ўвесь год да наступнага свята як абярэг хаты ад маланкі і ўсякага зла. Галінкай вярбы на Юр’я выганяюць у поле кароў.
У каталікоў Гарадзеншчыны здаўна склаўся звычай па-мастацку ўпрыгожваць тры дубчыкі вярбы каласкамі збожжа, кветнікавымі сухацветамі і спецыяльна сабранымі летам, высушанымі і ярка пафарбаванымі дзікарослымі раслінамі. Асвечаныя ў касцёле, яны захоўваюцца за абразамі, як і ў праваслаўных. Толькі абраз размяшчаецца трошкі з нахілам на сцяне, а дзве вербачкі замацоўваюцца з бакоў. Чырвонага кута ў каталікоў няма. Традыцыя шырока пашырылася ў ХІХ—ХХ стагоддзях. Арэал яе распаўсюджання — гэта паўднёвы захад Гарадзеншчыны, Літва і Польшча. У Вільні традыцыя захоўвалася ўвесь час і прымяркоўваецца да свята Казюкі, дзе віленскія вербы былі асноўным атрыбутам кірмашу. Іх выраблялі і вырабляюць толькі круглай формы. Гарадзенскія вербы маюць як круглую форму, так і плоскую, накшталт птушынага пяра — каб зручна замацаваць іх за абразом. Кампазіцыя мае сіметрычны ўзор, і кожная вербачка — плод фантазіі аўтара, але на аснове традыцыі. Калі ў Літве і Польшчы можна ўбачыць вербы, выкананыя на палачках, то ў гарадзенскіх кампазіцыях тры дубчыкі вярбы — абавязковы кампанент. І хоць аснова вырабу вербачак народная, яшчэ дахрысціянская, у гады змагання з рэлігіяй традыцыя на Гарадзеншчыне пачала затухаць, яе захоўвалі патаемна ў сем’ях.
Год таму традыцыя вырабу велікодных вербачак чатырох сясцёр Сарасек з Гародні была ўзятая пад ахову дзяржавы і мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці ў нашай краіне. Адна з сясцёр — Дамініка Дамінікаўна Кавалёнак — атрымала ганаровае званне “народны майстар”. Мы пазнаёміліся з сёстрамі падчас Вербнай нядзелі ў Гародні. У мікрараёне Вішнявец жыве старэйшая з іх, Ванда Дамінікаўна, яна прадавала вербачкі сваёй работы ля свайго касцёла, Часлава Дамінікаўна Чараднікова — ля Дамініканскага, а Дамініка Дамінікаўна Кавалёнак і Данута Дамінікаўна Альшэўская — ля Фарнага. Прыемна, што творчасць сясцёр і дзейнасць работнікаў культуры Гарадзенскага раёна дала штуршок адраджэнню гэтага старажытнага рамяства і промыслу: і ў Вішняўцы, і ля Дамініканскага касцёла, асабліва ля Фарнага касцёла ў Гародні мы бачылі нямала майстроў, якія прывезлі свае вырабы з іншых вёсак Гарадзенскага раёна і вобласці. Тут жа прадавалі вербачкі, прывезеныя з Польшчы. Іх можна было параўнаць з гарадзенскімі і заўважыць адметнасць нашай традыцыі. З Польшчы прыйшла і традыцыя праводзіць Крыжовы шлях моладзі ад Дамініканскага касцёла да Фарнага з вялікімі, у некалькі метраў, вербамі. Але амаль у кожнага ўдзельніка шэсця ў руках можна было ўбачыць гарадзенскую традыцыйную велікодную вербачку.
Сёстры Сарасек вырошчваюць летам на сваіх дачах авёс і жыта, шмат розных кветак спецыяльна для вырабу вербачак, збіраюць і высушваюць, фарбуюць дзікарослыя расліны. У кампазіцыях можна ўбачыць бяссмертнік, піжму, божыя слёзкі, кветнікавыя сухавейкі, белую амобію, блакітную сірантэлу, заечыя хвосцікі, касаткі, чартапалох і іншыя расліны. Зверху вербачкі абавязкова вянчае мяцёлачкай пафарбаваная ў розныя колеры цімафееўка. Кампазіцыі на аснове трох дубчыкаў вярбы — шматслойныя, з раслінамі, густа і шчыльна складзенымі, у якіх падкрэсліваецца прыгажосць формы кожнай з іх, выяўляецца мастацкая фантазія аўтара. Апошнім часам майстрыхі пачалі выкарыстоўваць лісты кукурузы і ўводзіць у кампазіцыі кветкі на аснове гэтых лісцяў, буйнейшыя па памерах. Але гэтыя кампазіцыі выглядаюць бяднейшымі за традыцыйныя. Некаторыя іх работы зробленыя толькі з каласкоў, некаторыя — з выкарыстаннем толькі двух ці трох колераў. Кожная работа — твор мастацтва, непаўторны, яркі, адметны, бо выкананы на аснове мясцовай традыцыі.
Тры вербачкі сёстры па-хрысціянску лічаць сімвалам Бога-Айца, Сына і Святога Духа. “Выява сэрца з каласкоў жыта сімвалізуе Бога ў сэрцы вернікаў. Мы ідзём да Бога, шукаючы сэнс жыцця. А сэнс жыцця — у сямі колерах вясёлкі”, — патлумачыла Дамініка Дамінікаўна, паказваючы адну з кампазіцый. Некаторыя кіроўцы купляюць вербачкі і замацоўваюць іх у аўтамабілях у якасці абярэгаў. Для іх спецыяльна Дамініка Дамінікаўна змясціла на некаторых вербачках кветкі з трох колераў, як на святлафоры — чырвоны, жоўты, зялёны, каб былі ўважлівымі на дарозе. Адбыўся як бы дыялог з тымі, хто купляў у яе вербачкі для абярэгу: ваша бяспека залежыць у вялікай ступені ад вас саміх. Як бачым, калі традыцыя жывая, а майстрыхі ў першую чаргу, трымаючыся яе, працуюць для людзей, яна набывае і некаторыя сучасныя элементы. Але гэта ўжо сляды промыслу, калі майстры працуюць на патрэбы рынку. Напрыклад, ведаючы, што чартапалох падкурвалі дзецям ад спуду, сёстры пачалі ўжываць гэтую кветку ў сваіх кампазіцыях. Кветка, пафарбаваная ў розныя колеры, заіграла лерамі, але і як бы ўзмацняла абярэгавую функцыю вярбы.
Сёстры Сарасек успамінаюць, што рабілі вербачкі з дзяцінства, дапамагаючы маці і бабулі ў падрыхтоўцы да Вербнай нядзелі і ўвогуле да свята Вялікадня. Але тады людзі жылі бедна, і спачатку змацоўвалі вярбу з ядлоўцам толькі каляровымі ніткамі. Потым, калі пасля вайны з’явілася ў продажы папера, пачалі рабіць папяровыя кветкі. Але выкарыстоўвалі і паперу ад цукерак, і зялёны ашпарагус з хатніх вазонаў, і амарыліс, які зацвітаў. З часам пачалі спецыяльна засушваць летам кветкі. Аднавяскоўцы прыходзілі ў іх сям’ю з просьбай зрабіць вербачкі і для іх. Маці любіла кветкі, шмат вырошчвала іх, а дзяўчаты збіралі дзікарослыя расліны. Дамініка Дамінікаўна Сарасек успомніла, што ў іх вёсцы збіралі лекавыя расліны і звівалі з іх дзевяць маленькіх вяночкаў, якія асвячалі ў касцёле на Дзявятнік. Такія вяночкі захоўваліся ў кожнай сям’і — на кожную расліну асобны вяночак. Гэта канюшына, бяссмертнік, васілёк, чабор, рамонак, палын, мята, крапіва, падарожнік. Да Божага Цела яны і цяпер вырабляюць такія вяночкі, прапануючы іх людзям. Сясцёр запрашаюць на розныя выставы і кірмашы, яны часта ездзяць у Польшчу, дзе іх вырабы цэняцца высока. Спачатку яны паказвалі іх на выставах Саюза палякаў, потым іх заўважыла на першым свяце Казюкі ў Гародні цяперашні дырэктар абласнога дома рамёстваў Яніна Барысевіч і запрасіла ў аб’яднанне народных майстроў Гарадзеншчыны, якое працуе ўжо больш за 20 гадоў і называецца цяпер “Гарадзенскі каларыт”. Нядаўна калекцыю вербачак адправілі ў Кітай і Польшчу. І гэта добра, што мясцовыя традыцыі аднаўляюцца і працягваюць сваё жыццё ў наш час. За гэтым — вялікая праца работнікаў культуры Гарадзенскага раёна і вобласці, але ў першую чаргу — вернасць сваім сямейным і вясковым традыцыям саміх майстроў.
Рэгіна Гамзовіч
Фотарэпартаж Аляксея Сталярова