У Мінску і Гародні адбудзецца прэм’ера оперы Станіслава Манюшкі “Verbum Nobile”. Яе ставілі ў Польшчы ды Расіі, а вось на Радзіме аўтара яшчэ ніколі не паказвалі. Стваральнікі абяцаюць захапляльную дзею ў новым для Беларусі жанры камернага музычнага спектакля. Твор адрасуецца найперш “латэнтным аматарам акадэмічнай музыкі”.
Паставіць “Verbum Nobile” ўзяўся камерны тэатр “Галерэя”, фактычна адзіны прыватны оперны тэатр у Беларусі. Працуе ён толькі другі год, але ўжо заявіў пра сябе некалькімі яркімі праектамі, напрыклад, камерным канцэртам у Нясвіжскім замку і операй паводле твораў Моцарта “Фантазіі Вольфганга Амадэя”. У кіраўніка тэатра і бадай адзінага прадусара ў беларускай акадэмічнай музыкі Аляксандра Чахоўскага даволі цікавы падыход – ён асцерагаецца перагрузіць публіку мастацтвам. Таму разлік на непрацяглыя 40-хвілінныя канцэрты і аднаактавыя оперы. “Наш глядач не зусім той, хто ходзіць у оперу, мы разлічваем хутчэй на латэнтных аматараў акадэмічнай музыкі. Тых людзей, які маральна і псіхалагічна гатовыя да ўспрымання мастацтва, але жыва ім не цікавяцца. І мы іх рыхтуем паступова”, – расказвае Аляксандр.
Опера Манюшкі мае ўсе шанцы стаць самым гучным на сёння праектам тэатру “Галерэя”. Прынамсі, яго стваральнікі ставяць вельмі высокую мэту – паспрыяць рэінкарнацыі беларускай акадэмічнай музыкі. “Verbum Nobile” ўпершыню паказалі ў 1861 годзе ў Варшаве, дзе на той час жыў і працаваў славуты беларускі кампазітар. З таго часу опера неаднойчы ставілася ў Польшчы ды яшчэ ў Расіі, але ніколі за яе пастаноўку не браліся ў Беларусі. Тэатр “Галерэя” папраўляе гэтую гістарычную несправядлівасць і прадстаўляе сваю арыгінальную версію на беларускай мове. Дырыжор-пастаноўшчык оперы Іван Касцяхін кажа, што пісаўся твор зусім не для маленькага тэатру, хаця па духу ён і камерны. Іван разам з рэжысёрам Аленай Медзяковай і хормайстрам Жаннай Філіповіч вырашылі перакласці яе менавіта на камерны лад. “У Беларусі жанр камернага музычнага спектакля аніяк не прадстаўлены, бо ёсць толькі оперны тэатр, дзе аддаюць перавагу маштабным пастаноўкам”, – заўважае дырыжор. “Мы вырашылі ўзяць іншым, не тым, чым бяруць манументальныя оперы, – тлумачыць рэжысёр Алена Медзякова. – У нас увага засяроджана найперш на гісторыі, мы працуем з людзьмі і сітуацыяй, тым самым знаходзімся бліжэй да гледача”.
Што да сюжэту оперы, то ён пабудаваны на адвечнай тэме кахання. У цэнтры – гісторыя маладога шляхціца Станіслава ды дачкі памешчыка Зосі. Яе бацька заключыў пагадненне са сваім сябрам, каб аддаць Зосю замуж за ягонага сына, але не ўсё аказалася так проста… Дарэчы, пагадненне гэтае і завецца “Verbum Nobile”, што перакладаецца, як “Слова гонару”.
Заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў ухваляе ідэю першай пастаноўкі “Verbum Nobile” ў Беларусі і заўважае, што Манюшка пры жыцці заўжды імкнуўся зрабіць так, каб яго творы былі паказаныя на Радзіме. “Апошнім, хто ўспрымаў Манюшку, як свой даробак, быў Янка Купала. У час маёй вучобы ў кансерваторыі мы ўжо праходзілі творчасць Манюшкі ў раздзеле “замежная музыка”, хоць ён жыў і вучыўся ў Мінску. На другім паверсе будынку, дзе цяпер кавярня “Біблас”– яго кватэра. І яго творчасць звязана з Беларуссю. Дзея “Страшнага двара”, напрыклад, у Смілавічах адбываецца”. Цяпер праз больш чым 150 гадоў у Беларусі пабачаць і яго оперу “Verbum Nobile”, якая належыць да той катэгорыі твораў, якім наканавана ніколі не састарэць.
Прэм’ерныя паказы “Verbum Nobile” пройдуць 30 траўня і 5 чэрвеня ў Мінску (сцэна палаца прафсаюзаў) і 20 чэрвеня ў Гародні на самай старой тэатральнай сцэне Беларусі, адкрытай яшчэ Тызенгаўзам (цяпер абласны тэатр лялек).
Мікалай Дубавіцкі