Спрабуючы вызначыць тых, хто будзе намінаваны на “Оскар”, трэба ўлічваць шмат фактараў.
Узяць, напрыклад, дыету. Ці атрымалася ў той ці іншай зоркі схуднець ці, наадварот, набраць вагу дзеля лепшага выканання ролі? Гэта пайшло на карысць Робэрту Дэ Ніра (“Шалёны бык”), Тому Хэнксу (“Філадэльфія”) і Шарліз Тэрон (“Монстр”).
Ці, можа, ёсць сэнс і ў тым, што калі вы не атрымалі ўзнагароду своечасова, будзе магчымасць атрымаць ганаровы прыз ад Акадэміі за бліскучыя дасягненні ў кінематографе. Сардэчна запрашаем у клуб: Дон Амічы (“Кокан”) і Джэральдзін Пэйдж (“Паездка ў Баўнціфул”).
Ёсць і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у кінаіндустрыі — гэта таксама добра, асабліва калі вы акторка, бо Акадэмія хоча быць папулярнай сярод моладзі. Згадайце пераможцаў у намінацыі «найлепшая актрыса» за апошнія 20 гадоў — сярод іх Гвінэт Пэлтроў і Хілары Свонк, Рыз Візэрспун і Мар’ён Каціяр, Наталі Портман і Джэніфер Лорэнс.
Асаблівую ўвагу варта звярнуць і на рэкламна-інфармацыйныя кампаніі — вялікага поспеху ў гэтым дасягнуў Харві Вайнштайн, а таксама на прыбытак з продажу квіткоў — без гэтага ніякі поспех немагчымы.
А вы што, думалі, што на першым месцы якасць і талент?
Вядома, яны граюць сваю ролю, але нельга забывацца і на астатнія фактары, інакш прадказанне кандыдатаў на «Оскар» часцяком ператвараецца на гульню ў шахматы ў фармаце 11D. (Пра сістэму галасавання мы ўвогуле не будзем згадваць.)
Улічваючы ўсё вышэйсказанае, мы паспрабуем выказаць некаторыя здагадкі адносна таго, хто атрымае блаславенне Акадэміі ў чацвер раніцай:
Найлепшы акцёр другога плану
Джарэд Лета, які грае транссэксуальную жанчыну са СНІДам у “Даласкім клубе пакупнікоў“, прывёў у захапленне кінакрытыкаў і ўжо атрымаў «Залаты глобус» за сваю ролю. Ён сярод бясспрэчных фаварытаў. Як і Бархад Абдзі, які ў свой час працаваў кіроўцам лімузіна ў Мінесоце. Пасля таго, як ён сыграў самалійскага пірата ў “Капітану Філіпсу“, яго ігра была адзначаная на «Залатым глобусе» і на цырымоніі ўручэння прэмій Гільдыі кінаакцёраў ЗША. Яго экзатычная гісторыя — ён самалійскі імігрант — толькі падвышае яго шанцы.
З іншымі намінантамі не ўсё так празрыста. Джэймс Гандальфіні, які памёр летам 2013 г., атрымаў станоўчыя водгукі за выкананне мяккасардэчнага бібліятэкара ў “Досыць слоў” — існуе вялікая верагоднасць, што ён будзе намінаваны пасмяротна, хоць такія намінацыі надзвычай рэдкія. Брэдлі Купер яскрава сыграў у «Аферы па-амерыканску» і павінен атрымаць другую намінацыю запар пасля таго, як быў намінаваны на «найлепшага акцёра» летась за ролю ў фільме «Мой хлопец — псіх». І не забывайма і пра Джона Хіла, які бліскуча грае ў стужцы “Воўк з Уол-стрыт“, — ён можа быць пятым у гэтым шэрагу.
Нечаканыя намінанты: Майкл Фасбэндэр быў непераўзыдзеным у ролі рабаўладальніка ў “12 гадоў рабства”, але ці гатовая Акадэмія намінаваць яго за такога брутальнага героя? Вядома, яны ўжо рабілі гэта раней, але не ўсе граюць як Крыстоф Вальц у “Ганебных падонках”. Мэцью Мак-Конахі выконвае маленькую, але ключавую ролю ў фільме “Воўк з Уол-Стрыт”, толькі вось ён настолькі добра грае ва ўсіх сваіх фільмах у гэтым годзе, што можа атрымаць адразу дзве намінацыі (з упэўненасцю можна сказаць, што ён будзе высунуты на «найлепшага акцёра» ў “Даласкім клубе пакупнікоў”). Яшчэ адзін нечаканы кандыдат — Джэрэмі Рэнэр з “Аферы па-амерыканску”, дзе ён грае добрага хлопца — мэра Нью-Джэрсі, — які заблытаўся ва ўсёй гэтай бязладзіцы. І, магчыма, Стыў Куган з фільма “Філамена”.
Найлепшая акторка другога плану
Опра, Опра, Опра. Яна добрая актрыса, яе любяць і яна цудоўна сыграла ў фільме Лі Дэніэлса “Дварэцкі”. У мінулым годзе Джэніфер Лорэнс перамагла ў намінацыі “найлепшая актрыса”, і цяпер усе называюць яе “дзяўчынка Оскара”. Яе ігра ў “Аферы па-амерыканску” толькі ўзмацніла яе статус. Джулія Робертс раней была “дзяўчынкай Оскара”, яна выконвае ролю ў фільме “Жнівень: акруга Осэйдж“, у якім раскрывае свой талент напоўніцу.
Далей ідуць дзве малавядомыя акторкі. У фільме “Небраска” Джун Сквіб сыграла дзелавую жанчыну, чый муж (у выкананні Бруса Дэрна) — крыху прыдуркаваты скнара; пасля столькіх гадоў працы ў тэлевізійных шоу і маленькіх роляў у кіно 84-гадовая актрыса нарэшце атрымала годную ролю. А ў фільме “12 гадоў рабства” сыграла Люпіта Нёнго — нядаўняя выпускніца тэатральнай школы Ельскага ўніверсітэта. Гэтая роля ўжо прынесла ёй велізарную колькасць прэмій і ўзнагарод.
Нечаканыя намінанты: Хоць роля Салі Хокінс у “Язміне” нашмат менш эфектная, чым роля Кейт Бланшэт, яна ўсё роўна можа трапіць у спіс намінантаў. Джэніфер Гарнэр грае доктарку, якая становіцца сяброўкай хвораму на ВІЧ пацыенту ў выкананні Мак-Конахі ў “Даласкім клубе пакупнікоў”, і таксама мае шанец атрымаць сваю першую намінацыю на “Оскар”.
Найлепшы акцёр
Мэцью Мак-Конахі выйграў “Залаты глобус” у намінацыі “найлепшы драматычны акцёр” за сваю ролю ў “Даласкім клубе пакупнікоў”, таму яго намінацыя на “Оскар” здаецца цалкам натуральнай. Цяпер менавіта ён — найбольш верагодны кандыдат на атрыманне гэтага прыза. У фільме “12 гадоў рабства” надзвычай моцны акцёрскі склад — Чувітэл Эджыёўфар выконвае сваю ролю непераўзыдзена, асабліва калі ўлічваць галоўную тэматыку стужкі. Заўсёдны фаварыт “Оскара” Том Хэнкс выдатна сыграў галоўнага героя ў “Капітану Філіпсу”. Улічваючы тое, што ён яшчэ сыграў Уолта Дыснэя ў фільме “Выратаваць містара Бэнкса”, без узнагароды ён не застанецца.
Але не трэба забывацца і на “старую гвардыю”. Роберт Рэдфард, якому цяпер 77 гадоў, намінаваўся на “Оскар” усяго раз у кар’еры — гэта было ў 1973 г. за фільм “Джала”. У фільме “Усё страчана” ён грае змрочнага нешматслоўнага марака. Брусу Дэрну, які бліскуча сыграў у “Небрасцы”, таксама 77 гадоў і ён таксама намінаваўся на “Оскар” усяго раз — у 1978 годзе за фільм “Ідзем дахаты”.
Нечаканыя намінанты: фільм Марціна Скарсэзэ “Воўк з Уол-стрыт” альбо падабаецца, альбо выклікае нянавісць, гэтаксама як і ігра Леанарда Дыкапрыа ў ім. Намінацыя забяспечана. Фрызура Крысціяна Бэйла заслугоўвае асобнай намінацыі, але ці атрымае зорка “Аферы па-амерыканску” статуэтку — гэта яшчэ пад пытаннем. У Оскара Айзэка была цяжкая задача — пераканаўча паказаць выканаўцу народных песень Льюіна Дэвіса, чый напарнік скончыў жыццё самагубствам, у фільме братоў Коэнаў “Унутры Льюіна Дэвіса”. Магчыма, намінацыя не абміне і гэтага акцёра.
Найлепшая акторка
Кейт Бланшэт, якая грае звар’яцелую свецкую ільвіцу ў фільме Вудзі Алена “Язмін“, выйграла “Залаты глобус” і ўжо доўгі час лічыцца лідарам, калі верыць сайту Goldderby.com. Яшчэ фаварыткі — “аферыстка” Эмі Адамс з “Аферы па-амерыканску” і Эма Томпсан з фільма “Выратаваць містара Бэнкса”, якая грае аўтарку “Мэры Попінс” Памэлу Ліндан Трэвэрс.
Джудзі Дэнч, якая ўжо атрымлівала “Оскара” і рэгулярна намінуецца на “Оскар”, напэўна, атрымае яшчэ аднаго за ролю ў фільме “Філамена“, што распавядае пра жанчыну, якая шукае свайго сына, якога яна аддала на ўсынаўленне ў дзіцячым узросце. Сандра Булак выконвае галоўную ролю ў фільме “Гравітацыя” так вытанчана, што не дае стужцы ператварыцца ў шаблонны кардонны трылер.
Нечаканыя намінанты: Што? Як гэта? Няма Мэрыл Стрып? Ці магчыма такое? Фільм “Жнівень: акруга Осэйдж” падзяліў крытыкаў на два лагеры. Стрып грае хворую на рак жанчыну, якая не злазіць з пігулак. На рахунку гэтай актрысы вельмі шмат якасных фільмаў і ўзнагарод — ці не перашкодзіць ёй гэты факт атрымаць статуэтку? У Джуліі Луі-Дрэйфус іншая праблема. Яна выконвае галоўную ролю ў незалежным кіно “Досыць слоў”, і, магчыма, таму не ўсе ўспрымаюць яе як сур’ёзную актрысу. Некаторыя лічаць яе больш прыдатнай для тэлевізійных серыялаў.
Найлепшы рэжысёр
Тры наймацнейшыя прэтэндэнты — гэта “12 гадоў рабства”, “Афера па-амерыканску” і “Гравітацыя”, і ўсе тры рэжысёры гэтых фільмаў — Стыў Макуін, Дэвід О. Расэл і Альфонса Куарон адпаведна — павінныя таксама атрымаць намінацыі. Макуін сваёй цвёрдай рукой зрабіў стужку “12 гадоў рабства” амаль невыноснай для прагляду, але ўлічваючы тэму, узнятую гэтым фільмам, гэта добра. Стыль, у якім здымае Расэл, вельмі пасуе героям фільма “Афера па-амерыканску”, а без Куарона фактычна не было б “Гравітацыі”. Кожны з трох намінаваны заслужана.
Хто яшчэ? Аляксандр Пэйн — адзін з найлепшых рэжысёраў сучаснасці. У “Небрасцы” ў яго атрымалася знайсці тонкую грань паміж сентыментальнасцю і занудствам. Нарэшце, незалежна ад таго, як вы ставіцеся да “Ваўка з Уол-стрыт”, вы не можаце ігнараваць чыстую бравурнасць Марціна Скарсэзэ. Гэта фільм для абавязковага прагляду (а кінакрытыкі скажуць — для шматразовага прагляду). З такой рэпутацыяй, як у гэтага рэжысёра, ён можа атрымаць намінацыю, нават калі Дыкапрыа не будзе намінаваны.
Нечаканыя намінанты: Пол Грынграс здымае ў стылі дакументальнага кіно — і гэта робіць стужку “Капітан Філіпс” адметнай. Магчыма, замест Пэйна будзе менавіта ён. Яшчэ Акадэміі часам падабаецца намінаваць навічкоў. У гэтай катэгорыі ім можа быць Раян Куглер з фільмам “Станцыя Фрутвэйл”.
Найлепшы фільм
Амаль 10 фільмаў могуць змагацца за гэтую намінацыю. “12 гадоў рабства“, “Афера па-амерыканску” і “Гравітацыя” — гэта дакладна. “Капітан Філіпс” — вельмі вялікая верагоднасць. Дзякуючы акцёрам і тэматыцы (СНІД) “Даласкі клуб пакупнікоў”, імаверна, таксама будзе намінаваны. “Ваўка з Уол-стрыт”, як мы адзначылі вышэй, немагчыма праігнараваць.
З астатнімі прэтэндэнтамі крыху цяжэй. “Дварэцкі” здабыў камерцыйны поспех, у ім граюць добрыя акцёры, тэматыка таксама “оскараўская” (гісторыя, расізм) — кандыдат на намінацыю. “Унутры Льюіна Дэвіса” — фільм братоў Коэнаў, а гэта немагчыма не ўлічваць. “Небраска” — па-сапраўднаму вельмі файна зроблены фільм з надзвычай якасным акцёрскім складам. Сюды трэба дадаць стужку Спайка Джонса “Яна” — футурыстычную гісторыю любоўнага рамана паміж адзінокім пісьменнікам і аперацыйнай сістэмай са штучным інтэлектам.
Так, у спісе адсутнічаюць “Выратаваць містара Бэнкса” з аповедам пра У. Дыснэя і “Жнівень: акруга Осэйдж”, у якім грае Харві Вайнштайн, а таксама “Апоўначы” з Ітанам Хокам — верагодна, як і іншыя добрыя маленькія фільмы, гэтая стужка атрымае намінацыю на “найлепшы сцэнар”.
Нечаканыя намінанты: Калі раптам з’явіцца месца для камерцыйна паспяховага комікса, магчыма “Жалезны чалавек — 3“ зможа ўварвацца ў намінацыю. “Жыццё Адэль”, фільм, пра які шмат пісалі і казалі, мае шанец атрымаць намінацыю, якую часам атрымліваюць фільмы на замежных мовах
Адзінае, у чым мы ўпэўненыя, гэта тое, што 2013 год быў багаты на добрыя фільмы і што варыянтаў для намінавання шмат.