30 кастрычніка МГА «Гісторыка» ладзіла падарожжа па Глыбоцкаму раёну. Толькі вярнулася з падарожжа па Глыбоччыне і адчуваю крылы за плячыма! Гэта сапраўды цудоўны куток нашай краіны з цікавымі й добрымі людзьмі, а тыя мястэчкі — гэта казка, якую мясцовыя жыхары па магчымасці аднаўляюць і, трэба сказаць, робяць гэта вельмі ўдала!
Першы наш прыпынак быў Празарокі. Мы наведалі мясцовую школу, дзе хадзілі басанож па пяску ды шышках, як гэта робяць яе вучні, і атрымалі шмат незвычайных пачуццяў, бо цяпер жа кастрычнік. У Празароцкай школе незвычайна тое, што там у кожнага класа ёсць свая назва і нават герб! Мне здаецца, што гэта яднае ўсіх — і вучняў, і настаўнікаў.
Таксама ў гэтай школе створаны музей Ігната Буйніцкага, заснавальніка беларускага тэатру. Буйніцкі нарадзіўся недалёка, у вёсцы Палавічы, таму менавіта ў Празароках створаны музей у яго гонар. У ім можна пабачыць афішы яго спектакляў, розныя фотаздымкі, генеалагічнае дрэва роду Буйніцкіх, а таксама адзенне таго часу. Мы таксама схадзілі на магілу Ігната Буйніцкага і паклалі на яе кветкі.
Потым паехалі на возера Доўгае, самае глыбокае возера на Беларусі, глыбіня якога складае 53 метры. Возера ўражвае чысцінёй. Мы пахадзілі басанож у халоднай вадзе і, бадзёрыя, працягнулі наша падарожжа.
Далей мы трапілі ў вёску Зябкі, дзе стаіць млын пачатку ХХ стагоддзя. Яго пабудаваў Рафаіл Ітман. Гэта першы млын у тых мясцінах, які працаваў з дапамогай электрычнасці.
У вёсцы Мамаі мы пабачылі царкву Ператварэння Гасподняга, якая некалі была касцёлам, а цяпер, на мой густ, выглядае вельмі цікава. Блакітная з белым, з калонамі і брамай побач яе. Каля царквы ёсць званіца. Брама й званіца ў стылі барока. Гэта сапраўды дзіўны і незвычайны будынак.
Потым мы паехалі ў Глыбокае. У вочы адразу кінуліся шыкоўныя магутныя пабудовы: Раства-Багародзіцкая царква і Троіцкі касцёл. Яны быццам узвышаюцца над горадам, над маленькімі хатамі вакол, і ствараецца ўражанне, што ты апынуўся ў XVII стагоддзі. Але самае неверагоднае пачуццё было тады, калі мы папаўзлі на званіцу царквы. Так, менавіта папаўзлі, бо лесвіца, а дакладней прыступкі, зробленая такім чынам, што паставіць можна толькі адну нагу, а ўся дарога наверх ідзе па спіралі, так што трэба сачыць за кожным крокам. Аднак калі падымаешся па гэтай лесвіцы, то праходзіш праз стагоддзі, пачынаючы з сямнаццатага і заканчваючы дваццаць першым, адпаведна таму, як яна будавалася. Але гэта таго каштавала, бо потым бачыш відовішча, магчымае хіба што ў сне. Таксама ў царкве мы паблукалі па шматлікіх сутарэннях.
Мы наведалі магілу продка барона Мюнхаўзена. Побач з ёй стаіць Іллінская капліца і калона, прысвечаная Канстытуцыі 3 траўня 1791 года.
І вось сонейка пачынае садзіцца, а мы рушым далей. Наступным нашым прыпынкам была вёсачка Ліпляні. Тут мы схадзілі на магілу Язэпа Драздовіча, сусветна вядомага мастака і філосафа-касмаганіста, які аддана працаваў на нашай зямлі. Мы доўгі час разглядалі гэты маленькі помнік Вялікага чалавека.
Рушым далей. Аўтобус спыніўся ў Германавічах, і мы трапілі ў музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны літаратурна-мастацкі імя Міхася Райчонка. Тут нас сустрэла Ада Эльеўна Райчонак, якая правяла найцудоўнейшую экскурсію па сваім музеі. У ім мы пабачылі працы мастакоў з усёй Беларусі. Там былі партрэты Хадановіча, Барадуліна, Драздовіча і іншых. Таксама нам прадэманстравалі выставу мастака Уладзіміра Кандрусевіча. Першай карцінай, што мы пабачылі ў гэтай выставачнай зале, быў партрэт Уладзіміра Караткевіча. Таксама Ада Эльеўна завяла нас у залу, прысвечаную Эміліі Плятэр, беларускай Жанне д’Арк. Яна на ўласныя сродкі ўзброіла полк і ў 1831 далучылася да шляхецкага паўстання 1831—1832 гг.
Цёплай сустрэчай з Адай Райчонак мы скончылі нашу вандроўку і паехалі дадому. Дарогай мы таксама даведаліся, што гэта адно з вялікай колькасці іншых мерапрыемстваў МГА «Гісторыка ў межах грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!». А самае галоўнае, што я асабіста атрымала ад гэтай вандроўкі, – гэта сяброўскія пачуцці, магчымыя толькі ў коле аднадумцаў. Усе разам, адной дарогай, з аднымі марамі, якія спалучаюцца даюць адчуванне сапраўднага, адзінага і непаўторнага нацыянальнага духу!
Вольга Калантаева