This movie requires Flash Player 9
17.10.2016 | Тэатр

Падвядзенне вынікаў конкурсу па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць»

18 кастрычніка 2016 года а 15-й гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць».

Арганізатарамі выступаюць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларусбанк. Конкурс быў прысвечаны значнай падзеі, якую наша краіна будзе гучна адзначаць у 2017 годзе – 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Конкурс па стварэнню твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць» быў абвешчаны 1 мая 2016 года з мэтай узбагачэння рэпертуару тэатраў краіны новымі творамі драматургіі, якія адлюструюць духоўны подзвіг Францыска Скарыны, усебакова прадставяць яго вобраз як мысліцеля, вучонага, гуманіста-асветніка, чалавека. Адной з важных умоў конкурсу з’яўлялася навізна твораў – яны не павінны былі мець афіцыйных публікацый і пастановак у тэатрах. Аўтары-ўдзельнікі атрымалі магчымасць працаваць з усімі матэрыяламі і творамі, прысвечанымі Францыску Скарыну і яго спадчыне, якія мае Нацыянальная бібліятэка.

П’есы для ўдзелу ў конкурсе прымаліся з 1 мая па 31 жніўня 2016 года. За гэты час былі атрыманы 32 драматычныя творы ад аўтараў з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Расіі і Польшчы. З мэтай дасягнення аб’ектыўнасці ацэнак усе творы былі перададзеныя журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі тэатра, бібліятэкі і тэатразнаўцы. Узначаліў камісію мастацкі кіраўнік РДБТ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гарцуеў.

Пераможцы вызначаны ў трох намінацыях: гістарычная п’еса, сучасная п’еса і інсцэніроўка. На цырымоніі ўзнагароджання ў кожнай намінацыі абвесцяць уладальнікаў асноўнай і дзвюх заахвочвальных прэмій. Усіх пераможцаў чакаюць грашовыя ўзнагароды і дыпломы. Як плануецца п’есы-пераможцы будуць прадстаўлены не толькі ў беларускіх тэатрах, але і на замежных сцэнах тых гарадоў, дзе калісьці жыў і працаваў Францыск Скарына.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша пра конкурс: “Як члену журы мне працавалася вельмі няпроста. Па-першае, трэба было звяртаць увагу не столькі на гістарычную дакладнасць прыведзеных фактаў, колькі на мастацкія якасці твораў. Па-другое, давялося многа, вельмі многа прачытаць!!! І гэта прыемна. Па-трэцяе, досыць цяжка было супастаўляць класічныя драматычныя творы з сучаснымі, цалкам авангарднымі інтэрпрэтацыямі вобразу беларускага асветніка. І нарэшце, я быў вымушаны рабіць выбар і выказваць сваё меркаванне пра творы даволі высокага ўзроўню, многія з якіх вартыя пастаноўкі на вялікай сцэне”.

Таксама на імпрэзе будзе анансаваны выхад адмысловага зборніка, у якім будуць надрукаваныя лепшыя конкурсныя працы.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика