Паэтычная пілігрымка паэтаў Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка, падчас якой было праведзена восем творчых сустрэч з чытачамі Нарачанскага краю Мінскай вобласці, завяршылася 10–11 чэрвеня.
Эдуард Акулін:
«Мядзельшчына славіцца не толькі сваім прыродным хараством — гэта яшчэ і край прыгожых і таленавітых людзей. Тут нарадзіліся адразу тры творцы, уганараваныя званнем народных: Максім Танк, Васіль Шаранговіч і Марыя Захарэвіч. Выступаць перад землякамі такіх вядомых людзей — адначасова і вялікі гонар, і вялікая адказнасць. Тым не менш, усе сустрэчы прайшлі ў сяброўскай атмасферы, нязмушана і запамінальна. Выступаючы ў СШ вёсак Пузыры, Старыя Габы, у Чараўкоўскім і Слабадскім дамах культуры, мы на нейкі час адчулі сябе «літаратурнымі Калумбамі», бо да нас у гэтыя запаведныя мясціны не трапляў ніводны беларускі пісьменнік. Падчас сваёй «пілігрымкі» мы зрабілі ганаровы круг вакол «беларускай іконы» — так называў Нарач Максім Танк.
Развітваліся мы з нарачанцамі радкамі паэтычнага экспромта Леаніда Дранько-Майсюка:
Пра адпачынак марачы,
Не рвіся за мяжу —
Адпачывай на Нарачы
І мый у роднай Нарачы
І цела, і душу!
Творчыя сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»