Сьпявачка заявіла, што пасьля жывой прэзэнтацыі альбому «Бясконцы красавік» возьме паўзу ў сувязі з сямейнымі абставінамі і дзеля таго, каб падумаць ці быць далей праекту «Рэспубліка Паліна».
Нечаканую заяву Паліна зрабіла перад рэлізам доўгачаканага дэбютнага альбому «Бясконцы красавік», да якога яна ішла сем год. Зараз яна разам з сваім гуртом актыўна рыхтуецца да яго жывой прэзэнтацыі, якая пройдзе 15 траўня. «Дакладна вядома, што пасля прэзэнтацыі прыйдзецца спыніць канцэртную дзейнасьць прыблізна на паўгады-год, гэта зьвязана зь семейныімі абставінамі. Аднак, я лічу, што якраз зьявіцца неабходны час, каб пераасэнсаваць сябе, сваю творчасьць і зразумець, што рабіць з новым матэрыялам, як яго не баяцца, ці будзе ён шчырым, ці будзе гэта Рэспубліка Паліна, альбо хтосьці іншы», – сказала сьпявачка парталу Tuzin.fm.
Асновай праграмы «Бясконцы красавік» сталі песьні, якія Паліна напісала ў 15-16 год, працу на студыі сьпявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй не споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годзьдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам. «Для мяне гэтыя песьні звязаныя зь бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасьцю і захопленасьцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэньне і ты перапоўнены жыцьцёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуваньні я хацела захаваць у альбоме, зь імі звязана назва і агульная канцэпцыя», – кажа Паліна.
Ужо быў прэзентаваны загалоўны сынгл – песьня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. З гэтай нагоды будзе правядзена аўтограф-сэсія ў кнігарні «Логвінаў». На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песьні з альбому прагучаць у выкананьні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зроблены ў іншых аранжыроўках. Музыкі называюць гэты канцэрт ня больш ня менш сьвятам, на якім яны адзначаць вынік шматгадовай працы.
Канцэрт Паліны Рэспублікі пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Месцам для выступу абраная новая менская пляцоўка – крэатыўная прастора Studio 67 зь вялікай сцэнай і прасторнай заляй. Тут ужо давалі свае канцэрты «Серебряная свадьба» (фотарэпартаж), гурт Vuraj, праходзіў Jam Market (фотарэпартаж).
Studio 67 знаходзіцца ў 5-7 хвілінах хады ад ст.м.Пралетарская, на самым пачатку Партызанскага праспэкту, 2а (плян разьмяшчэньня/навігацыя па клюбу). Сюды можна наведацца і да канцэрту – на рэцэпцыі квіткі на выступ Паліны Рэспублікі прадаюцца без камісіі (час працы і кантакты Studio 67).
Далучыцца да падзеі ў соцсетках УКантакце/Facebook
15.05.2015. 19.00. Паліна Рэспубліка. Прэзэнтацыя альбому «Бясконцы красавік». Месца: Studio 67 (пр.Партызанскі, 2а). Квіткі ў касах і он-ляйн у апэратара Kvitki.by. Кошт – 200 000 руб. (папярэдне). Інфалінія – +375 29 6872093.