Сьпявачка Паліна Рэспубліка прадстаўляе на Tuzin.fm свой дэбютны альбом, прысьвечаны вясьне і закаханасьці. Наіўны, тонкі і пяшчотны.
Паліна папярэджвае: на альбоме «Бясконцы красавік» няма новых песень. Амаль усе творы напісаныя ў пэрыяд ейных 16-17 год. «Для мяне гэты ўзрост– бясконцая вясна і пяшчота, бясконцая закаханасьць і захопленасьць, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэньне і ты перапоўнены жыцьцёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуваньні я вельмі хацела захаваць у альбоме і зь імі звязаная назва і агульная канцэпцыя».
Агулам у студыі праца над альбомам вялася бясконцыя тры гады. «Па-першае стварэньне альбому гэта сур’ёзнае фінансавае выпрабаваньне, на якое трэба наважыцца. Па-другое падчас працы паўстае шмат ідэалягічных пытаньняў і спрэчак. Мы зьмянялі і аранжароўкі, і трэк-ліст альбому і нават тэксты».
Словы і музыку Паліна піша сама, а аўтарам усіх інструмэнтальных партый стаў гітарыст Уладзімер Пыльчанка, вядомы таксама з удзелу ў гуртах HandmadE, Markuts Band. Матэрыял для альбому запісваўся на студыі «Бегемот» у Аляксея Зайцава, а таксама на студыях Hukapis і Mapletree. У запісе ўдзельнічалі Джэймс Глюк (бас), Юры Мартынаў (бубны), Аляксандра Аляксюк (віялянчэль) ды яшчэ шэраг запрошаных музыкаў. »На тое, каб дасягнуць поўнага ўзаемапаразуменьня музыкам спатрэбілася нямала часу, – распавядае сьпявачка. – Цяжка, калі ты штосьці робіш упершыню і ня ведаеш, якім яно мусіць быць і што будзе гучаць арганічна».
Жывая прэзэнтацыя альбому «Бясконцы красавік» адбудзецца 15 траўня ў Studio 67