Што было напачатку? На такое пытанне, пэўна, адкажуць толькі легенды.
“Калі Бог стварыў чалавека, дык доўгі час хлеба не было: людзі елі рознае карэнне. Кажуць, нават бульбы не было. Больш за ўсіх галадалі сабакі. Таму яны, узняўшы свае морды ўверх, страшна завылі, просячы ў Бога хлеба. Бог пачуў іх просьбу і кінуў ім з неба адзін жытні колас. Але сабак было вельмі многа, дык адзін колас не змог накарміць іх усіх, таму яны сталі яго адбіраць адзін ад аднаго і рваць у розныя бакі, пакуль нарэшце не разарвалі яго на шматкі і не патапталі нагамі. Ад таго зерне рассыпалася па зямлі і на другі год ад аднаго коласа пайшоў такі багаты ўраджай, што людзі намалацілі цэлую бочку жыта. І з таго часу сталі разводзіць хлеб — а ўсё па пачыне сабак”.
Такую легенду пад назваю “Адкуль жыта” захавала народная памяць.
Паводле гістарычных звестак, жыта (навуковая назва — Secale cereale) пранікла на тэрыторыю сучаснай Еўропы з Усходу яшчэ ў бронзавым веку, XVIІІ—XV ст. да н.э. На тэрыторыі сучаснай Беларусі шырокае распаўсюджанне жыта пачалося на мяжы нашай эры.
У XVI ст., калі Заходнюю Еўропу захліснула рэвалюцыя цэн, збожжа ў нашым краі пачало адыгрываць важную эканамічную ролю. Пасля адкрыцця Калумбам Амерыкі ў Стары свет хлынула багата золата і срэбра, у выніку чаго пад канец стагоддзя цэны на тавары выраслі ў 2,5-4 разы. Тым часам еўрапейскія мануфактуры патрабавалі сыравіны, што стварыла высокі попыт на збожжа, воўну, лён, жалеза. Рэч Паспалітая, у тым ліку ВКЛ, скарысталі гэтыя спрыяльныя ўмовы і з канца XVI ст. экспарт таннага збожжа стаў галоўнай крыніцай даходу. Але разам з тым краіна стала фактычна рэгіёнам монакультуры. У выніку штодзённае харчаванне большасці насельніцтва — сялян — звялося пераважна да расліннай ежы, у першую чаргу хлеба, іншых мучных страваў і кашаў.
Выява з выдання “Rosarium et officium Beatae Mariae Virginis”, Аляксандр Тарасевіч, 1672 г.
Пры канцы XVIІ ст. на магнацкіх сталах Рэчы Паспалітай у якасці экзатычнага прысмаку з’яўляецца бульба. У 1682 годзе ўбачыла свет кніга Станіслава Чарнецкага, кухмістра кракаўскага ваяводы, “Compendium ferculorum albo zebranie potraw” (“Усё пра стравы, альбо збор страваў”), якая была вельмі папулярнай у XVIІІ ст. Менавіта ў гэтай кнізе згадваецца першая бульбяная страва для эліты краіны: бульба, печаная ў попеле, пакроеная на скрылікі і пасмажаная.
“Compendium ferculorum albo zebranie potraw”, 1682 г.
Упершыню бульбу пачалі вырошчваць на нашых землях на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў 2-й траціне XVI ст., выключна ў каралеўскіх эканоміях. У 1780-я яна з’явілася ў вялікай колькасці на панскіх палетках на Суражчыне і ў Полацкім намесніцтве. Ад 1830-х бульба пачынае імкліва распаўсюджвацца ўжо як новая сельскагаспадарчая культура. У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 год адзначалася, што “картофель занимает первое место в числе возделываемых… овощей, способствует продовольствию народа, прокормлению скота и удобрению полей”. У 1841 годзе расійскі ўрад нават выдаў спецыяльнае распараджэнне “О мерах к распространению разведения картофеля”. З гэтага часу бульба і робіцца “другім хлебам”.
Такая выключная арыентацыя гаспадаркі на земляробства працягвалася да канца ХІХ ст., пакуль у 1880—1890-х не грымнуў сусветны аграрны крызіс. Цэны на збожжа значна знізіліся, і давялося шукаць новыя напрамкі развіцця сельскай гаспадаркі. Такімі новымі галінамі ў нас сталі жывёлагадоўля, у тым ліку малочная, ільнярства, бульбаводства.
У 1923 годзе Аркадзь Смоліч у сваёй працы “Геаграфія Беларусі” піша наступнае:
“Гаспадарка нашая яшчэ вельмі слаба ўцягнута ў межы ўплываў сусветнага таваразамену і ў значнай меры ёсць натуральнаю, г.зн. абслужуе сваімі прадуктамі самаго гаспадара і яго сям’ю, і толькі ў малой меры прадае свае прадукты на старану.
З гэтых прычынаў найбольш сеюць у нас на полі — жыта, якое разам з бульбаю з’яўляецца галоўным спосабам пражыўлення жыхароў Беларусі. Да таго ж яно не вельмі пераборлівае на зямлю, наагул якраз адпавядае нашаму мернаму і вільготнаму клімату і добра ўдаецца навет на досіць бедных грунтох. Звычайна займае жыта трэцюю частку ворнага поля ў гаспадарцы — жытнюю змяну. Апрача жытняе змяны бываюць яшчэ звычайна ў кожнай гаспадарцы — яравая і папарная. У яравой змяне сеюць ярыну: авёс, ячмень, бульбу і г.д. у папарнай змяне зямлю падгатаўляюць на жыта. Цэлы год яна быццам адпачывае, яе некалькі разоў пераворуюць, скародзяць (барануюць) і ў канцы — сеюць на ёй жыта. Такім чынам, беларускі гаспадар, як бачым, не шкадуе працы і стратаў (год у год траціна зямлі гуляе, не прыносячы даходу) — толькі каб запэўніць сабе ўраджай жыта. <…>
У паўднёва-заходняй Беларусі ў жытняй змяне апрача жыта сеюць яшчэ пшаніцу-азімку. Любіць гэтая збажына ўжо лепшыя землі, дый наагул больш капрызная, чым жыта. За тое й сеюць яе ў нас наагул мала.
Прасторы культурных раслінаў у Беларусі і ў Нямеччыне (Прусіі)
На 1000 дзесяцін, занятых 4-ма найважнейшымі гатункамі збожжа, займалі дзесяцін |
У Беларусі (1911) |
У Прусіі (1913) |
Пшаніца |
36 |
117 |
Жыта |
596 |
498 |
Ячмень |
98 |
92 |
Авёс |
270 |
293 |
Найбольшыя прасторы ворнае зямлі пасля жыта займаюць у Беларусі авёс, бульба і ячмень. Шмат яшчэ сеюць у нас грэчкі, лёну й гароху; сеюць таксама — пшаніцу-ярыцу, каноплі, проса дый інш. расліны. <…>
Усяго збожжа, якое йдзе на пражыўленне людзям (апрача аўса і бульбы), намалочуюць у Беларусі каля 180 міліёнаў пудоў, у гэтым ліку каля 140 міліёнаў пуд. жыта”.
Сёння, разам з ільном і журавінамі, жыта застаецца тым сельскагаспадарчым прадуктам, які вылучае нашу краіну ў свеце. Па памерах яго вытворчасці мы займаем 5-е месца пасля Польшчы, Германіі, Расіі і Кітая (паводле FAO, 2010 год).
Кола года земляроба здаўна круцілася вакол жыта, ад якога залежаў дабрабыт сям’і. Гэта была цяжкая праца, пра што казалі так: “Дзе араты плача, там жняя скача”.
Вядомая валачобная песня падрабязна апісвае традыцыйны каляндар.
Святы Юр’я, божы пасол,
Да Бога пайшоў,
А ўзяў ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю сырусенькую,
Пусціў расу цяплюсенькую
На белы свет і на ўвесь свет.
<…>
Святы Мікола па межах ходзіць.
Па межах ходзіць, жыта родзіць,
Урасціўся, умачыўся,
Пад залаты пояс падаткнуўся.
Святы Ушэснік — жыта выплываець.
<…>
Святы Дзявятнік жыта раўнуець,
Святая Дзесятуха жыта красуець,
<…>
Святы Пётра жыта спеліць
<…>
Святы Кузьма сярпы робіць
Залатыя, новыя і сталёвыя.
Святы Ілля — слаўная жняя,
Святы Барыс снапы зносіць,
Cвятыя Ганны дамоў возяць,
Святы Спас жыта пасвянцаець,
Святая Прачыстая папары мяшаець
І жыта засяваець,
А другая ёй памагаець.
Жыта — пераважна азімая культура. Узімку, пакуль зерне спала ў зямлі, калядоўшчыкі спявалі:
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Увесну рунь імкнуліся абараніць ад русалак. На Русальным тыдні яны выходзілі з азёраў і рэк, гулялі па жытнёвых нівах і лясах, прываблівалі і казыталі хлопцаў. Каб іх утаймаваць, ладзілі абрад провады русалкі:
Правяду русалку, правяду
Да й асінкаю заламлю,
Каб тая русалка па жыце не хадзіла,
Майго жыта не ламіла.
Маё жыцейка дробнае,
Да ў каласку буйнае.
Улетку ў Купалы прасілі аховы: не ісці ў сяло, а начаваць у жыце:
Каб туды змяя не залятала,
Ў жыцечку спору не выбірала.
Каб жыта было
Густа, ядраніста, ядраніста, каласіста.
Ядро — з вядро, колас — з бярно,
А жыцінка — як бабінка.
Саломінка — як трасцічынка.
Жніву папярэднічалі зажынкі: жнейкі ішлі ў поле, зразалі па каласку і звязвалі ў зажынкавы сноп — “дзед”. Яго неслі з песнямі гаспадару нівы:
Снапок красны —
Як месячык ясны,
Яшчэ высшы ад плота,
Яшчэ дарожшы ад злота,
Яшчэ высшы ад гары,
Ясней ад зары.
У гэты час саспелае жыта нібы гаворыць, што не можа “у полі стаяці, каласоў дзяржаці”:
Толькі ж я магу
А ў полі снапамі,
А ў гумне стагамі,
У закрамах зярнамі.
Па заканчэнні жніва ладзілі дажынкі. У кутку зжатага поля жнейкі пакідалі недажаты кусцік жыта, у сярэдзіну якога клалі лусту хлеба з соллю. З гэтых каласкоў “завівалі бараду” — яе называлі “раёвай” ці “спарышовай”, — каб захаваць урадлівую сілу зямлі. У іншых рэгіёнах вязалі апошні вялікі сноп пад назвай “баба”, аздаблялі кветкамі, стужкамі і неслі ў хату, дзе ён займаў пачэснае месца на покуці:
Прыспары мне, спарыш, і ў доме, і ў полі,
І ў гумне, і ў двары, і ў клеці, і ў печы,
І ў клеці карабом, і ў печы пірагом.
Алесь Прышывалка, https://www.