29–30 верасня 1939 года ў раёне Шацка памежнікі з брыгады «Палессе», разам з байцамі Войска польскага і маракамі Пінскай рачной флатыліі нанеслі вялікія страты падраздзяленням 52-й стралковай дывізіі РСЧА пад камандаваннем палкоўніка (удзельніка абароны Мінска ў чэрвені 1941 года) Івана Русіянава.
У жніўні 1939-га ў Польшчы разумелі, што давядзецца ваяваць з нацысцкай Германіяй. Аднак ніхто ўпэўнена не мог сказаць, як сябе будзе паводзіць Савецкі Саюз.«Вясной 1939 года за Дзвіной на савецкім баку пачаўся рух. Ноччу было чутна, як рухаюцца танкі і грузавікі. Навіна пра падпісанне пакта аб ненападзе Рыбентропам і Молатавым пераканала майго бацьку, што вайна непазбежная», — апісвала ва ўспамінах той няпросты час адна з жыхарак мястэчка Дзісна.
Пазбаўленыя рэзерваў і матэрыяльнай часткі (большасць сіл была накіравана на Захад Польшчы) падраздзяленні польскага Корпуса аховы памежжа павінны былі прыстасоўвацца да новых умоў аховы дзяржаўнай мяжы з Савецкім Саюзам.
Пасля нападу Германіі на Польшчу сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Вось як тыя падзеі ўзгадваў камандзір палка КАП «Вільня» падпалкоўнік Казімір Кардашэвіч:
«Наша выведка на тэрыторыі Літвы паведамляла пра падрыхтоўку гэтай краіны да вайны супраць нас. Аднак пазнейшыя падзеі паказалі, што гэта было далёка ад праўды. Літоўскія ўлады імкнуліся заставацца нейтральнымі ў дачыненні да ўдзельнікаў канфлікту і не збіраліся выкарыстоўваць цяжкую сітуацыю Польшчы ў справе вяртання Віленшчыны. У сваю чаргу падрыхтоўка з боку Расіі засталася па-за ўвагай нашай выведкі.
Немцы набліжаліся. 11 верасня я накіраваўся ў Гродна да камандуючага DOK III. Генерал Юзаф Альшына-Вільчынскі перадаў мне загад галоўнакамандуючага ад 10 верасня, у якім падраздзяленням КАП загадвалася, нягледзячы ні на што, працягваць ахоўваць мяжу з СССР. Абарона Вільні не была прыгатаваная належным чынам, і магчымасці, якія тут былі, не былі выкарыстаны. 17 верасня, у 5 гадзін раніцы, я атрымаў кароткую тэлефанаграму, у якой паведамлялася, што бальшавікі перайшлі мяжу. Гэта цалкам змяніла сітуацыю. Я вырашыў сканцэнтраваць усе памежныя батальёны ў раёне Вільні.
Ужо 17 верасня адміністратыўныя ўлады перасталі функцыянаваць. Дзяржаўная паліцыя была заменена грамадзянскай аховай. Увечары прыбылі некалькі афіцэраў КАП. Ад іх мы даведаліся, што бальшавікі перайшлі мяжу на ўсіх участках і напалі на польскія стражніцы і роты. На працягу дня Саветы занялі 50 кіламетраў памежнай тэрыторыі. Яны дзейнічалі ў накірунках: Глыбокае—Свянцяны, Вілейка—Ашмяны, Маладзечна—Валожын—Ліда. Чырвонаармейцы гаварылі, што ідуць нам на дапамогу. Афіцэры з мабілізацыйнага цэнтра ў Лідзе расказвалі, што 17 верасня ў Лідзе прызямліўся савецкі самалёт. Польскі камандзір прыняў савецкіх пілотаў у афіцэрскім клубе, а пасля дазапраўкі самалёта, той вярнуўся на свой бок».
Памежны пераход на “рыжскай мяжы”
Вайна з Усходу
Аднак часцей за ўсё сустрэча падраздзяленняў Войска Польскага з чырвонаармейцамі заканчвалася крывавым боем. Раніцай 17 верасня 1939 года «Полацкая» група Чырвонай Арміі атакавала стражніцы палка КАП «Глыбокае» (два батальёны) пад камандаваннем падпалкоўніка Яна Святкоўскага. У 4 гадзіны 40 хвілін зводнае падраздзяленне РСЧА напала на стражніцу «Чурылава». Бальшавікам удалося выбіць палякаў з будынку стражніцы і выцесніць апошніх у бок ракі Дзвіны. У выніку бою 5 памежнікаў загінулі, а 7 трапілі ў палон. Стражніцу «Лявонпаль» атакавалі 3 роты чырвонаармейцаў, якіх падтрымліваў савецкі бронецягнік №16.
Вось як тыя падзеі апісваў адзін з відавочцаў: «3 ці 4 верасня 1939 года мы ўпершыню ўбачылі бальшавікоў каля ракі. Раней яны не падыходзілі так блізка. Яны пагружалі доўгія шасты ў ваду і быццам бы нешта шукалі. Толькі 17 верасня мы зразумелі, што чырвонаармейцы шукалі брод. З савецкага боку ляталі групы самалётаў з чырвонымі зоркамі і разгортваліся ля мяжы з Латвіяй. Нападзенне адбылося ў 4 гадзіны раніцы. Стражніца знаходзілася 200 метраў ад Дзвіны. Нашы хлопцы адышлі ў лес, а агнявыя пазіцыі КАП бальшавікі накрылі з мінамётаў».
Памежнікі з 22-й самастойнай Ветрынскай памежнай камендатуры НКУС атакавалі стражніцу «Чарапы». У баі загінула чатыры польскія памежнікі і адзін чырвонаармеец. Застава «Копцава» таксама дала адпор бальшавікам, аднак хутка «капісты» адступілі. Адыход прыкрываў сяржант КАП з ручным кулямётам «Браўнінг». Па некаторых дадзеных, яму ўдалося знішчыць некалькі дзясяткаў савецкіх жаўнераў. На ўчастку батальёна КАП «Падсвілле» палякі не змаглі стрымаць наступленне савецкай 5-й стралковай дывізіі і іншых падраздзяленняў. Тое ж тычылася і палка «Глыбокае», які панёс цяжкія страты.
Польскія памежнікі ў Кучунах
Першыя дні «вызвалення»
Каб адлюстраваць сітуацыю на савецка-польскай мяжы, прапаную звярнуцца да ўспамінаў відавочцаў. Камандзір стражніцы «Кучкуны» (уваходзіла ў батальён «Івянец»), якая знаходзілася недалёка Заслаўя, сяржант Рудольф Тшос узгадваў, што 17 верасня 1939 года ў 4 ці 5 гадзін з суседняй стражніцы на ровары да яго прыехаў жаўнер і паведаміў, што Саветы напалі на іх. Сярод жаўнераў гарнізона былі забытыя і параненыя. Праз хвіліну снарад ударыў у сцяну стражніцы «Кучкуны». Польскія памежнікі адкрылі агонь у адказ. У гэты момант сяржант пачаў знішчаць дакументы, каб тыя не трапілі ў рукі ворага.
Калі скончыліся боепрыпасы, сяржант Тшос загадаў пакінуць знішчаны будынак. Жаўнеры КАП імкнуліся малымі групамі прарвацца да Валожына. Аднак на наступны дзень, 18 верасня 1939 года, памежнікі трапілі ў бальшавіцкі палон. Арыштаванага Рудольфа Тшоса прывезлі ў Маладзечна, дзе супрацоўнікі НКУС яго дапыталі. Пазней сяржанта разам з іншымі калегамі пагрузілі ў вагон і накіравалі ў лагер у Асташкаве. У красавіку 1940 года польскіх палонных пачалі вывозіць (польскі кантынгент паводле рашэння ад 5 сакавіка 1940 года пачалі знішчаць — І.М.), аднак капісту ўдалося падкупіць вартаўніка (выратаваў залаты гадзіннік) і збегчы. Пазней ён вярнуўся дадому.
Савецкія памежнікі ў ЗаслаўіА вось як апісваў тыя падзеі адзін з афіцэраў брыгады КАП «Палессе»:
«18 верасня 1939 года наша падраздзяленне выйшла з мястэчка Лунінец у паўночна-заходнім накірунку з заданнем затрымаць наступленне Чырвонай Арміі і злучыцца з групай генерала Клееберга. Пасля некалькіх дзён маршу, у 10 гадзін ля вёскі Дзярэўна ў небе з’явіліся два савецкія знішчальнікі, якія спачатку кружылі досыць высока над нашай калоннай, а пазней знізіліся да 70–100 метраў над намі.
Падчас пралёту над намі бальшавікі паказвалі белыя хусткі. Камандзір брыгады, палкоўнік Ражыцкі выдаў загад не страляць па самалётах. Хутка бальшавікі адляцелі ў бок Пінска. Праз паўгадзіны я заўважыў вялікую колькасць самалётаў, якія ляцелі з боку вёскі Дзярэўна. Праз хвіліну пачуліся выбухі і стрэлы з кулямётаў. Жаўнеры спрабаваліся хавацца ў лесе. У выніку гэтай атакі, якая працягвалася каля 15–20 хвілін, загінула 13 нашых жаўнераў, большасць з якіх — мясцовыя палешукі».
З вінтоўкай супраць танка
29–30 верасня 1939 года ў раёне Шацка памежнікі з брыгады «Палессе», разам з байцамі Войска польскага і маракамі Пінскай рачной флатыліі нанеслі вялікія страты падраздзяленням 52-й стралковай дывізіі РСЧА пад камандаваннем палкоўніка (будучага ўдзельніка абароны Мінска ў чэрвені 1941 года) Івана Русіянава. Пры гэтым польскім жаўнерам удалося знішчыць больш за 10 адзінак савецкай вайсковай тэхнікі.
Савецкія памежнікі, верасень 1939 г.Нягледзячы на перавагу і баявую моц падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія 17 верасня 1939 года перайшлі «рыжскую мяжу», часткі КАП аказалі ім мужны супраціў. Яны вымушаны былі адыходзіць, бо, як зразумела, з вінтоўкай супраць танка шмат не наваюеш. Больш таго, як бачна з вышэй узгаданых фактаў і ўспамінаў, часцей за ўсё гарнізонам польскіх стражніц (10–20 чалавек) прыходзілася па некалькі гадзін супрацьстаяць батальёну пяхоты, узмоцненаму бронетэхнікай.
Гэтыя людзі абаранялі сваю зямлю. Абаранялі да апошняга.