Выданне «Раннія вершы» – не зусім кніга, прынамсі, так не ўспрымаецца. Гэта сапраўдны юнацкі сшытак паэткі, упершыню ў гісторыі беларускай літаратуры выдадзены факсімільна. Чытанне выклікае трапяткое, інтымнае, нават трохі няёмкае і таму прыцягальнае адчуванне – бы цішком зазіраеш у дзявочыя патаемныя запісы, поўныя надзеяў, радасці і асабістых прысвячэнняў.
Сшытак знайшоўся ў бацькоўскай хаце Таццяны ў вёсцы Маркава, дзе яна нарадзілася, вучылася ў школе, дзе жывуць яе сваякі, а кожны год у апошнія дні лета сюды прыязджаюць Таццяніны сябры, каб адсвяткаваць яе дзень народзінаў ды пастаяць ля мармуровай белакрылай птушачкі на могілкавым узгорку – помніка паэтцы, у небе над якім у гэты час заўжды збіраюцца буслы, адлятаючы ў вырай.
Знаходку выявіў швагер, які, перабіраючы рэчы, у стосе вінілаў заўважыў просты сшытак у шурпатай вокладцы. На жаўтаватым кардоне стаяў акуратны Таццянін подпіс – быццам аўтограф, які яна шле праз гады ўсім прыхільнікам. Швагер, зразумела, тут жа разгарнуў сшытак і за чытаннем правёў не менш як гадзіну, а пасля перадаў яго Сяргею Дубаўцу. І цяпер кожны, хто набудзе кнігу, пабачыць какетлівыя круглыя літары, якімі пісала свае першыя вершы адна з самых выкшталцоных і эстэцкіх беларускіх паэтак яшчэ ў школе і ў пачатку навучання на журфаку, заўважыць, як змяняліся паэтычная манера ды колеры атраманту – і адчуе лёгкі подых дзяўчыны, яе сталенне і надзеі.
Таццяна Сапач пры жыцці стала аўтаркай дзвюх кніг – «Восень» (1991) і «Няхай не пакіне нас Восень» (2008), у якой большасць вершаў з папярэдняга зборніка падаецца і ў англійскіх перакладах. Сшытачак з першымі паэтычнымі спробамі Таццяна захоўвала хутчэй за ўсё як памяць, ніколі не думаючы гэтыя творы публікаваць (толькі два з іх калісьці друкаваліся ў раёнцы). Але, перафразуючы яе радкі, калі паэты апынаюцца на «самай прыгожай, канцавой, станцыі», то ўжо не належаць нам, але і сабе не належаць.
“Рашэнне выдаць кнігу я прыняў імгненна, – кажа Сяргей Дубавец. – Як толькі я прагартаў сшытак, то зразумеў, што гэта абсалютна паўнавартасная рэч. Ёсць выразная мяжа: нядаўна ў хаце знайшлі спісаныя яе рукой дзённікі таго ж перыяду. Але яны ніколі друкавацца не будуць, бо там маса інтымных момантаў. А што тычыцца вершаў, то мне хапае пачуцця меры, каб ацаніць, наколькі гэта вартае публічнай увагі. Тут няма нічога асабістага і персанальнага”.
“Тое, што Таццяна не збіралася выдаваць раннія творы, зразумела. Яна б не хацела выкрываць гэты нясталы юначы свет, – упэўненая тэолаг і сяброўка паэткі Ірына Дубянецкая. – Наогул яна вельмі ашчадна ставілася да верша, які, як дыямент, павінен быць выкшталтаваны да высокай ступені агранкі. Калі эмоцыя перагарэла і з ёй больш не хочацца працаваць, а верш застаўся неагранены, яна яго адмятала. Можна згадаць выпадак, калі выйшла кніга “Алаіза” Анатоля Сыса, і я завезла яе Таццяне ў Вільню. Яна ўзяла яе ў рукі, крутанула заднюю вокладку, і ў яе памяняўся твар, яна з жахам пачала нешта лепятаць. Я кажу: “Што здарылася?” Яна: “Як ён сюды трапіў? Гэта ж мой дзіцячы верш”. Алесь Бяляцкі ганарыўся, што знайшоў і выцягнуў з кошыка Сыса гэта стары твор. Але вось цікава: як неапублікаваны верш Анатоля Сыса ён каціў, а як неапублікаваны верш Таццяны Сапач – не. Абое добрыя паэты, але розныя ўзросты паэтычнай сталасці”.
У юнацкім сшытку Таццяны Сапач вершы часам простыя і наіўныя, імклівыя і падлеткава-драматычныя, яны пра школу, маму, каханне, дзяцінства, якое заканчваецца, дзявочыя спадзевы і чаканні. Вершы гэтыя прыгожыя менавіта сціплай ружовашчокай прыгажосцю. Тым мацней успрымаецца кожны раптам выхаплены чыста сапачаўскі вобраз, тонкі, нейкі тагасветны і ўжо пранізліва прыгожы, быццам у позірку смяшлівай дзяўчынкі на імгненне праступае штосьці невытлумачальна мудрае, гэта і ёсць тое, па чым пазнаецца будучая аўтарка «Восені».
Сяргей Дубавец: “Дзякуючы таму, што была такая акуратная дзевачка, якая з месяца ў месяц у адзін сшытак запісвала гэтыя вершы, абсалютна завершаныя, цяпер відавочная яе эвалюцыя. Бо было няясна: адкуль гэта адразу ўсё ўзялося, як яна вырасла ў паэтку? А тут мы бачым, як з вершаў, якія маглі б пісаць не толькі яна, а шмат дзевачак, паступова вырастае такая індывідуальнасць, якая ўжо ў зборніку “Восень” цалкам апаноўвае”.
Ірына Дубянецкая: “Я думаю, гэта не толькі найлепшы, а, мусіць, адзіны магчымы варыянт такога выдання. Бо калі выдаюць раннія творы звычайнай кнігай, яны робяцца літаратуразнаўчай каштоўнасцю. Літаратуразнаўцы шмат чаго б аддалі за папаленыя раннія вершы многіх паэтаў. А факсімільнае выданне, дзе бачныя і почырк, і перакрэсленні, і вершы дагары нагамі, ператварае кнігу не толькі ў помнік маладой паэтцы ці нават у помнік усім маладым паэтам, але і ў неверагодна цікавы, тонкі, прыгожы артэфакт. Яна робіцца не так творам літаратуры, як творам культуры, і не толькі беларускай, а ўвогуле чалавечай. З кранальнага душэўнага погляду ў раннія гады шыкоўнай паэткі гэтая кніга ператвараецца ў нешта такое, чаго мы ад яе не чакалі, у шэдэўр чалавечага развіцця”.
Аляксандра Дорская