У Палацы спорту прайшлі здымкі пятага паўфінала шоў народных талентаў «Я магу», якое будзе паказвацца на БТ, пачынаючы з 31 студзеня. Апроч самых розных выступоўцаў – чачотачнікаў, баяністаў, бітбоксераў – быў нумар і з нацыянальнымі этнічнымі матывамі. 13-гадовая Патрыцыя Свіціна выканала беларускую народную песню «Ляцела страла» з унікальнага палескага абраду “Пахаванне стралы”.
Месцы ў студыі запаўняюцца людзьмі, усім раздаюць шарыкі і сцяжкі, рэжысёр паводле жорсткіх законаў тэлебачання пакрыквае на масоўку і рассаджвае людзей, каб «была карцінка». «Так, мне патрэбныя сюды дзве сімпатычныя дзяўчыны», –загадвае ён, і яму, як Мінатаўру, у ахвяру прыносяць дзвюх прыгажуняў. У зале ёсць сапраўдная група падтрымкі канкурсантаў, а ёсць і прафесійныя гледачы, якія за невялікі ганарар умеюць свістаць, улюлюкаць, ашалела пляскаць, танчыць, карацей, граць ролю фанатычнага прыхільніка шоў. Мы апынаемся ў шэрагу якраз такіх прафесійных глядачак.
Шоў «Я магу» будзе выходзіць на тэлеканале БТ у суботы, пачынаючы з 31 студзеня. З кожнага паўфіналу праходзіць па два ўдзельнікі, аднаго з іх абірае журы, другога – гледачы ў тэлефонным галасаванні. Такім чынам у фінал пройдзе 24 канкурсанты са 120.
Рэжысёр камандуе: «Апладысменты!» – і ўсе пачынаюць радавацца і размахваць шарыкамі, як на парадзе. Вядоўцы за некалькі дубляў запісваюць уступ, дзе паведамляюць, што галоўным прызам для пераможцаў шоў будзе аўтамабіль Geely і пэўная сума грошай.
Кожны паўфінал складаецца з дзясятка нумароў, тут і сапраўды артысты з народу, якія дэманструюць розныя па дасканаласці ўменні, і прафесійныя музыкі і танцоры. На сцэне з’яўляецца салдат-тэрміновік у камуфляжы (яго адпусцілі з войска толькі на пару гадзінаў), пад акампанемент худзенькіх хлопцаў з гітарамі ён дэманструе бітбоксавы нумар, скокаючы па сцэне і імітуючы ў мікрафон то гітарныя рыфы, то завыванні саксафону. За ім на сцэну выходзіць пажылы самавіты чачотачнік, якому 67 гадоў. «Гэта ж як яго суседзі ненавідзяць», – каментуе жанчына побач, але тут жа ўскоквае з месца і няўрымсліва размахвае шарыкам у камеру, бо танец скончаны. Наступным выступае малады спявак з пяшчотнай іскрыстай усмешкай, якія спявае па-ўкраінску сумную песню пра маму. За ім свой вясёлы танец паказваюць каляровыя і жыццярадасныя габрэйскія бабулі і дзядулі з ансамбля «Залаты узрост». Былі таксама хлопцы, якія спрабавалі развесяліць залу песняй пра сто мільёнаў рублёў (страшна падобнай да песні Billionare спевака Бруна Марса, якая гучыць ва ўсіх кавярнях), жанчына-тэхнолаг з шансонным спевам пра жарсць кахання, у якой мая суседка тут жа пазнала адсылку да творчасці Ваенгі. Былі абаяльныя баяністы – бацька і сын, якія змусілі ўсіх доўга замілоўвацца, а таксама эпатажны слесар-сантэхнік з песняй пра любоў, спеў якога вытрымаць было абсалютна немагчыма, але яшчэ горш было ўспрымаць рэакцыю журы, якое ніяк не магло суняць фантан жартаў, і публікі, якая рагатала да слёз.
У гэтым паўфінале было два фолькавыя нумары. Малады дудар Сяргей Ярук («Ого! Шатландская валынка, – пераможна сказала жанчына побач, — рэдкі для Беларусі інструмент”) уразіў журы майстэрскім граннем. «Сапраўдны беларус! – сказала Святлана Баркоўская. – А то мы прывыклі, што беларус – гэта какошнік, лапці і людзі сталага ўзросту на сцэне, а вы такі малады чалавек».
Другім этнічным нумарам быў выступ выхаванкі Ірэны Катвіцкай Патрыцыі Свіцінай – прыгожай тонкай дзяўчынкі з жаноцкім і моцным голасам. Патрыцыі 13 гадоў, яна салістка дзіцячага фальклорнага гурта “Рада” і дзіцячага фольк-праекта “Вера і Патрыцыя”. На сцэне артысты абыгралі старадаўні палескі абрад «Пахаванне стралы», нумар атрымаўся вельмі містычным і глыбокім. Журы сустрэла выступ захоплена. Напрыклад, драматург Аляксей Дудараў выказаўся пра тое, што адчувае сябе вельмі багатым, калі у Беларусі ёсць такія таленты.
Але пераможцам, на думку журы, стаў бравы салдат-бітбоксер. Магчыма, Патрыцыю абяруць гледачы і яна ўсё ж трапіць у фінал.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай