Урачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў конкурсу перакладаў са славянскіх моваў “Ператвор”, абвешчанага восенню ініцыятыўнай групай “Kate&Osia” і інтэрнэт-часопісам “ПрайдзіСвет”, прайшла 19 студзеня ў кнігарні “логвінаЎ” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Як сказаў у пачатку імпрэзы аўтар ідэі конкурсу Сяргей Сматрычэнка, для перакладу былі прапанаваныя творы 14 аўтараў з 8 славянскіх моваў (не прапаноўваліся македонская і славенская мовы, бо не выкладаюцца ў нашай краіне). Асноўную масу канкурсантаў склалі студэнты, што навучаюцца на адпаведных мовазнаўчых спецыяльнасцях. Свае пераклады з балгарскай, чэшскай, харвацкай, сербскай, украінскай, славацкай, польскай і рускай моваў даслалі каля 50 удзельнікаў.
“З уласнага досведу ведаю, што колькасць тых, хто хацеў узяць удзел, але з тых ці іншых прычынаў не зрабіў гэтага, удвая, а то і ўтрая большая. Радуе, што нават з мала пашыраных у нас моваў было як мінімум тры-чатыры пераклады”, — адзначыў спадар Сяргей.
Максімальная сярэдняя адзнака за пераклад склала 8,6 бала. Яе атрымалі тры чалавекі, і ім былі прысуджаныя дыпломы І ступені. Дыпломы ІІ ступені дасталіся сямі ўдзельнікам.
Адзін з арыгінальных гасцей вечарыны (бо для перакладу былі ўзятыя арыгіналы яго твораў) Кірыл Дубоўскі прачытаў свае “рэдкае” апавяданне “Беларуская мова” і ўручыў ганаровыя дыпломы другой ступені Францу Корзуну, Таццяне Анікеенка, Надзеі Кіслай, Таццяне Абдулхакавай, Алене Казловай і завочна (праз адсутнасць) — Міколу Сянкевічу і Наталлі Зенька.
Марыя Мартысевіч, адна з сябраў журы, выйшла павіншаваць пераможцаў. “Кожнаму перакладчыку цяпер патрэбны нейкі стымул. Калі я пачынала, такіх праектаў не было, а ў вас яны ёсць”, — адзначыла перакладчыца і прачытала свой пераклад з Таццяны Малярчук.
Сябра журы Лявон Баршчэўскі асцярожна адзначыў, што з удзельнікаў “значная колькасць дастаткова добра валодае мовай”, зачытаў невялічкі фрагмент з “Паннаў з Вілька” Яраслава Івашкевіча і дазволіў сабе некалькі словаў павучання:
“Першае, што мусіць быць у перакладзе прозы, — нязрушаная, натуральная рытміка. Не ганяйцеся за навамоднымі словамі, канечне, дзесьці яны для аздаблення, адрознення мовы персанажаў, патрэбныя, каб ажывіць штосьці. Але гэта не галоўнае”.
Урыўкі са сваіх перакладаў на суд слухачоў прадставілі дыпламанткі І ступені Ганна Гараніна, Святлана Рогач, Алена Карп. Дарэчы, калі Таццяна Заміроўская зазірнула на хвілінку з суседняй вечарыны, што праходзіла ў галерэі “Ў”, і пачула пераклад свайго апавядання “Скрадзеныя галасы”, выкананага Аленай Карп, яна не адразу яго пазнала. “Яно так змянілася, але мне вельмі-вельмі спадабалася”, — адзначыла аўтарка.
Сябра журы, перакладчыца Марына Шода расказала пра складанасці выстаўлення адзнак, “бо ўзровень мяне сапраўды ўразіў”. Падарункам прысутным быў урывак з любімага Марынінага рамана польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук “Правек ды іншыя часы” — “прыкладу таго, што калі пачынаеш чытаць кніжку, нават не думаеш, што будзеш яе перакладаць, але па ходзе чытання пачынаеш марыць убачыць яе на сваёй мове”.
У канцы імпрэзы Сяргей Сматрычэнка заўважыў, што з выбранымі перакладамі дыпламантак І ступені можна будзе пазнаёміцца ў наступным нумары інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”, выхад якога чакаецца ў пачатку сакавіка. А ў перспектыве будзе падрыхтаваны зборнік, дзе будуць змешчаныя некаторыя пераклады і пераможцаў, і іншых удзельнікаў конкурсу.
Зарына Кандрацьева