Рэдкі беларускі гурт збярэ больш чым тысячны Re:Public. У “Дай дарогу” гэта атрымалася чарговы раз. Трое берасцейскіх музыкаў трымалі ўвагу натоўпу дзве з паловай гадзіны і з вялікай неахвотай сышлі са сцэны.
“Дай дарогу” не былі з вялікім канцэртам у Мінску з кастрычніка мінулага года. Тады берасцейская панк-рок каманда выступіла пры поўным аншлагу ў Re:Public. Вырашана было тут адзначыць і Першамай. Немалы клуб ізноў запоўніўся дарэшты. Цэны на квіткі, дарэчы, у гэтай каманды, пэўна, самыя дэмакратычныя ў Беларусі. Танцпляц каштаваў усяго 35 тыс. руб. Людзі прыехалі на “Дай дарогу” не толькі з Жодзіна і Маладзечна, але, як выявілася, нават з Піцера.
Клікалі Стыльскага і кампанію доўга і ўпарта, бавячы час за распяваннем песні “Прыгай в коляску”. Юры выйшаў ужо шчаслівы: “Вы б ведалі, як прыемна, калі цябе сустракае столькі народу”, — заявіў ён. На яго просьбу на сцэне падвесілі стужку, каб ахвочыя паскакаць са сцэны не заміналі граць. Гледачы дыстанцыю намагаліся трымаць, а тых, хто яе парушаў, былі гатовыя збіць на горкі яблык ахоўнікі гурта. Калі на сцэну ўскараскалася больш за дзясятак гледачоў, то і сам вакаліст ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз зазначыў: “Вы тут спакайней, а то буду біць нагамі”.
У першыя паўгадзіны ў ДД адмаўляўся працаваць то мікрафон, то манітор, а часам нават гітара, што выклікала злосны камент Стыльскага: “А гэта што яшчэ за акцыя?” Але паступова ўсё наладзілася, толькі што словы часам было праблемна разабраць. Зрэшты, гэтая акалічнасць мала каго хвалявала, бо практычна ўсе песні ведалі на памяць. У гэтым можна было пераканацца, напрыклад, на песні “Д.С.П.Г” ці “Она не знала”.
Было і некалькі прэм’ераў, як твор, прысвечаны “пільным праваахоўным органам” пад назвай “Патрульный мент”. “Патрывайце яшчэ трохі, мы вас крыху памучым”, — заявіў пасля жвавага няспыннага двухгадзіннага сэту лідар ДД. Тэмпература ў клубе была ў той час ужо яўна за 30, але ніхто разыходзіцца не збіраўся. “Мы граем яшчэ тры песні і на паравоз, дамовіліся?” — пытаў у залы музыка. Але дамовіцца не выйшла, і берасцейцы гралі яшчэ з паўгадзіны. На канец пакінулі “Есть основания”, “Нет тебя нигде”, “Боли нет”, падчас якой на сцэне і танцпляцы адбываўся поўны вэрхал. Гледачы вельмі прасілі хорам выканаць яшчэ правакацыйную “Сане”, але Стыльскі адмовіўся: “Калі мы яе сыграем, клуб закрыюць на*уй”, — патлумачыў ён. “Нас так нідзе больш не сустракаюць, — нібы шчыра падсумаваў выканаўца. — Мы да вас яшчэ прыедзем, і вы ў нас яшчэ патанчыце. Спадзяюся, мы вас парвалі”.
Скончыўся іх выступ лагічна — песняй “Прыгай в коляску”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч