Апошнія ў гэтым годзе выступы ў межах музычна-гістарычнага праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”, адбыліся 17 снежня на Лідчыне. Іх галоўным арганізатарам стаў старшыня Лідскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, паэт і выдавец Станіслаў Суднік.
Дамоўленасць пра канцэрт у школьным музеі Крупаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Лідскага раёна, прысвечаны памяці нацыянальнага героя Чылі, філамата Ігната Дамейкі, была дасягнутая яшчэ ў траўні 2011 года, падчас папярэдняга наведвання Ліды ўдзельнікамі праекту.
Пасля выгнання з Віленскага ўніверсітэта па справе Таварыства філаматаў І. Дамейка шэсць гадоў гаспадарыў у маёнтку Заполле за некалькі кіламетраў ад Крупава, дзе дагэтуль захаваліся падмурак дома, рэшткі парка і ўсталяваны памятны знак славутаму земляку.
У густоўным і ўтульным Крупаўскім музеі захоўваюцца ўнікальныя рэчы, у тым ліку знойдзеныя ў Заполлі каштоўныя дакументы і іншыя матэрыялы, многія з якіх былі перададзеныя нашчадкамі Дамейкі і даследчыкамі яго спадчыны з розных краін свету.
Па традыцыі гледачы дружна дапамагалі Аляксею Жбанаву і Змітру Занеўскаму выконваць студэнцкія песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Адынца па адмысловых спеўніках, падрыхтаваных МГА “Гісторыка”.
Беларускамоўныя дзеткі актыўна адказвалі на пытанні пра І. Дамейку і атрымлівалі падарункі ад кампаніі “Будзьма”.
У выкананні дзвюх чароўных крупаўскіх паненак надзвычай зладжана і адметна прагучала “Песня Марылі” (яе, паводле ўспамінаў сучаснікаў, часта напявала каханая А. Міцкевіча Марыля Верашчака), а яшчэ адна дзяўчынка прачытала ў арыгінале санет А.Міцкевіча “Do Laury”.
Удзельнікаў імпрэзы парадавала і смачнае лідскае малако, якое калісьці сімвалізавала для філаматаў прыхільнасць да праўды і чысціні.
Гаспадары музея трапна дапаўнялі аповед пра філаматаў і філарэтаў цікавымі і малавядомымі фактамі з біяграфіі І. Дамейкі.
Тэма філаматаў была працягнутая падчас выступу ў філіяле Лідскага гістарычна-мастацкага музея, дзе прагучалі таксама песні на вершы Ф. Багушэвіча і У. Караткевіча.