У Магілёве прайшла цырымонія ўрачыстага адкрыцця Міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер — 2011» 6 кастрычніка. Праўда, яшчэ да пачатку канцэрта арганізатары паспрабавалі стварыць Галівуд у магілёўскіх умовах — наладзілі зорнае дэфіле па чырвонай дывановай дарожцы. Пачынанне добрае, сапраўды можна было нядрэнна павесяліцца, гледзячы на артыстаў.
Не будзем расказваць пра выступы народных артыстаў і дэфіле мадэляў, пяройдзем адразу да зорак вечара. Яны не проста выходзілі на дывановую дарожку, яны прыязджалі на рэтрамабілях. Арганізатарам не адмовіш у пачуцці гумару: вядомы народны калектыў «Песняры» з’явіўся ў ружовым лімузіне. І ўсё б добра, але чамусьці арганізатары паставілі ў першы шэраг людзей, якім было ўрачыста загадана пляскаць кожнай зорцы. У рукі людзям далі плакаты артыстаў і пучкі жоўтых кляновых лістоў. Таму тым, хто шчыра хацеў паглядзець і папляскаць, давялося стаяць у задніх шэрагах. Ну хто так робіць! То пляскайце, то не пляскайце, што за краіна…
Пасля дывановай дарожкі пачаўся і сам канцэрт у гонар адкрыцця фестывалю. Як жа сумна кожны раз бачыць у Магілёве адных і тых жа артыстаў… Першы “Шлягер” у 1995 годзе быў падзеяй года, таму што на ім прысутнічалі “дзейныя” зоркі і сапраўды ўлюбёнцы публікі. Але час ідзе, людзі старэюць, а на сцэне магілёўскага фестывалю — усё тыя ж выканаўцы. Для некаторых гэта адзіны шанец наогул яшчэ калі-небудзь з’явіцца на сцэне. «Ружовыя ружы» Аляксандра Дабрыніна былі папулярнымі калісьці даўно, ды і «Ад вясны і да вясны» Сяргея Чумакова таксама. Але цяпер глядзець, як 50-летнія дамы падпяваюць «снятся пацанам девчонки, а девчонкам пацаны», сапраўды трохі дзіўна.
Моладзі на «Шлягеры» няма наогул, усе, хто хацеў хоць неяк далучыцца да фестывалю, прыйшлі на J:Морс. На астатніх жа канцэртах можна было ўбачыць толькі людзей 40+ і маленькіх дзяцей, якіх папросту не было з кім пакінуць дома. Прынамсі, мы вельмі спадзяемся, што бацькі не адмыслова прывялі іх слухаць Дабрыніна або Мікуліч. Хоць не выключана, што калі гэтым дзецям самім будзе па 40, яны прыйдуць на «Залаты шлягер», а там будуць выступаць усё тыя ж.
«Залаты шлягер» час пераназываць у «Залатую настальгію». Нічога дрэннага, вядома, бо людзі за 40 — таксама людзі, і хто мы такія, каб меркаваць пра іх густы, але для фестывалю, які лічыць, што ён ідзе ў нагу з часам, гэта сапраўды вялікая праблема.