Хор Fiat аб’яднаўся з этна-праектам Піта Паўлава Paparać, каб запісаць праграму, якая заўсёды будзе актуальная.
На дыску “Калядны куфэрак” сабраныя рэлігійныя і калядныя сьпевы, безь якіх і сьвята ня сьвята. Усе яны перааранжаваныя наноў для гэтага маштабнага праекту, у запісе якога ўзялі ўдзел з тузін музыкаў: парафіяльны хор Fiat зь Мёраў, струнныя, арган і капэля Paparać у поўным складзе (урэшце Піт Паўлаў зразумеў, што назва Pete Paff не зусім пасуе фольк-гурту). Праект рабіўся з бласлаўленьня ксяндза Кшыштафа Мянкіны, які ўзяў удзел і ў працы над дыскам.
Піт у “Калядным куфэрку” не сьпявае. Цяперашні франтмэн N.R.M. паўдзельнічаў тут у аранжаваньні кампазыцый, іх запісе ды падыграў на гітары і домры. Вакальныя партыі на дыску выконвае хор, таму гучыць усё крыштальна чыста і дасканала. Хор гэты працуе пры Мёрскім касьцёле ўжо 12-ы год і мае ў дыскаграфіі два дыскі. Дзякуючы ўдзелу ў праекце гурта Paparać сьпевы набылі сьвежае і цікавае ўвасабленьне, багатае і сакавітае гучаньне. Адна зь безумоўных удачаў – трэк “Ой на моры”, у якім назіраецца найвышэйшая гармонія хору і гурта. Прыгожае спалучэньне выйшла і ў песьнях “Учора зь вячора” і “Новая радасьць стала”, якія папсаваць у прынцыпе немагчыма. Як і “Ціхую ноч”, якую на гэтым дыску можна пачуць у харавым выкананьні ў суправаджэньні аргану і скрыпак.
Вельмі прыгожы і вытанчаны праект атрымаўся. З катэгорыі “на ўсе часы”. Безумоўна, ён варты вялікай прэзентацыі. Цікава было б пачуць гэтыя песьні ў такім выкананьні ў касьцёльных мурах. Піт з музыкамі, дарэчы, досыць актыўна выступае ў касцёлах. І гэта выглядае і гучыць проста фантастычна.
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 9
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін