1563 год. Пасля сенсацыйнага захопу Полацка маскоўскі цар Іван Грозны быў вымушаны задумацца, як утрымаць горад у сваіх руках. У самім горадзе абстаноўка была не тое што неспакойная – тэрор і гвалт застрашылі людзей, а найбольш патэнцыйна “небяспечныя элементы” – шляхцічы, заможныя мяшчане – былі высланыя ў Расію. Заменай ім стаў вялізны па памерах маскоўскі гарнізон, які павінен быў ахоўваць Полацк ад вонкавай і ўнутранай небяспекі.
Калі з вонкавай небяспекай усё больш-менш зразумела – ад літвінаў можна было чакаць хуткага ваеннага рэваншу за прайграную кампанію 1563 года, то адкуль браўся недавер да мясцовага праваслаўнага “братняга” люду, трэба патлумачыць. Навідавоку разбіваюцца аб жорсткую рэчаіснасць усе штампы пра “братнія народы”, рэлігійную тоеснасць, моўнае і культурнае падабенства. Маскоўцы адчувалі сябе чужынцамі, дый паводзілі сябе адпаведна.
Правілы жыцця і кіравання ў Полацку былі чымсьці новым для зусім не ветлівых людзей з Усходу. Працяглая традыцыя магдэбургскага права і гарадскога самакіравання, дзе свой голас мелі купцы і майстры, спрэчкі і канфлікты мяшчанскіх вярхоў з ваяводскімі ўладамі, прызначанымі вялікім князем, – з такімі нечуванымі рэчамі давялося сутыкнуцца маскоўцам у старажытным горадзе, так моцна павязаным у даўнія часы з Кіеўскай Руссю. Да таго ж у Полацку моцна адчуваліся ўплывы цесных гандлёвых зносін з Інфлянтамі – горад літаральна глядзеў шырока адкрытымі вачамі на Захад, усур’ёз звязваючы з ім праз пасярэдніцтва магутнай Дзвіны сваё развіццё і дабрабыт. Такія парадкі супярэчылі звыклым уяўленням маскоўцаў пра месца горада і мяшчанства ў дзяржаўнай і грамадскай сістэме. А супярэчнасці выклікаюць адпаведнае стаўленне.
Падазронасць, страх і недавер – гэтыя рэакцыі праходзяць лейтматывам праз найцікавейшы дакумент эпохі – “наказную память” Івана Грознага, які надта не любілі цытаваць у савецкія часы. Яна была выдадзеная новапрызначаным маскоўскім ваяводам, якія засталіся ў Полацку кіраваць горадам пасля ўсталявання сваёй улады.
Першае, што кідаецца ў вочы, – няма ніякай спробы абаперціся на мясцовую эліту ці звычайны люд пры кіраванні горадам. Няма ніякага жадання знайсці апору, задобрыць тутэйшых праз прэферэнцыі для бедных, праваслаўных, проста сімпатазытараў і г.д. Мы бачым выразнае, амаль што бескампраміснае размежаванне, блізкае да мангола-татарскага: “мы – чужыя”. Пэўны вынятак з гэтага недаверлівага стаўлення рабіўся толькі ў дачыненні да лаяльных праваслаўных святароў, але і гэта было звязана хутчэй за ўсё з іх папярэднім намерам перайсці пад маскоўскую ўладу.
Нават тэрытарыяльна маскоўцы аддзялялі сябе ад мясцовага жыхарства – яны размясціліся ў Верхнім замку, ачапіўшы сябе моцнай аховай.
Другая выразная рыса – чыста акупацыйныя парадкі на ваенным становішчы, увасобленыя ў вылічэнні падазроных элементаў (“сыск” і “высылка” ў глыб Расіі), своеасаблівая каменданцкая гадзіна, жорсткая прапускная сістэма ў Верхні замак, строга рэгламентаваныя пакаранні не толькі за супрацьпраўныя ўчынкі, але і за схільнасць да нелаяльных адносін. Групы, якія лічыліся найбольш чужародным элементам – яўрэі, каталікі, пратэстанты, іншаземцы – вынішчаліся мячом, высяляліся за межы Полацка альбо ізаляваліся.
Чорным радком у гісторыю ўпісаная маштабная дэпартацыя палачан у Расію. Але гэта не была нейкая нязвыклая, неардынарная падзея, а звычайная прэвентыўная мера прыяднання захопленых зямель да новага Маскоўскага царства. Такая “інтэграцыя”, якая нагадвае сабой вырыванне з коранем, часта выкарыстоўвалася маскоўскімі ўладамі і здавалася ім вельмі эфектыўнай. Яднаннем з тутэйшым народам тут і не пахла – бо прымусоваму перасяленню падлягала ледзь не ўсё насельніцтва горада. Ніхто не разбіраўся, хто з “братняга люду” стаіць за новую ўладу, а хто трымае ў душы непрыхільнасць.
Дарэчы, высылка была адным з першых неадкладных дзеянняў маскоўцаў пасля захопу горада. Яны не цырымоніліся, адбіраючы прэтэндэнтаў на новае месца жыхарства. Планы і стратэгічныя інтарэсы маскоўцаў прадугледжвалі асваенне заваяванай прасторы, але зусім не добразычлівымі метадамі, як бы ні стараліся сучасныя “ідэолагі ад гісторыі” даказаць адваротнае. Рацыя стану была адна: замацавацца на варожай, чужынскай тэрыторыі. Мясцовы люд рабіўся простым закладнікам у вялікай гульні ў вайну.
Насаджэнне новага маскоўскага ладу ў Полацку адбывалася да болю звыклым чынам: праз гвалт, страх і ціск.
Андрэй Янушкевіч