Па радыё — руская папса. Саладуха — беларуская ікона, і ні слова аб нечым патрыятычным і нават беларускамоўным. “Песняры”? Пакіньце гэта ў сваіх 80-х. Якой магла быць сучасная папса і хто з нашых музыкаў мог стаць сапраўды яскравым прадстаўніком якаснай папулярнай музыкі, калі б развіццё краіны пайшло іншым шляхам?
Ілюстратыўнае фота. Прадстаўнікі паўднёвакарэйскага k-pop
Увогуле, навошта гэтая папса ў прынцыпе і што я ўкладаю ў гэтае слова? Найперш гаворка пра папулярную музыку, якая будзе лёгка ўспрымацца як мага большай аўдыторыяй, а песні будуць такога кшталту, што змогуць спакойна даставаць сваімі матывамі па радыё, ТБ і іншых відах падачы кантэнту. А навошта нам свая сапраўдная папса? Ну, гэта якраз і ёсць адзін з галоўных інструментаў прасоўвання патрыятызму і нацыянальнай культуры. Вось зірніце на польскае disco polo — сапраўды масавы жанр, які змог раскласці нацыянальныя каштоўнасці праз самы прымітыў. І спрацавала, што не дзіўна: музычка і дагэтуль карыстаецца попытам.
Дык давайце ўявім тую альтэрнатыўную Беларусь з адзінай мовай і свабодай для развіцця. Што з таго, што тады гралі, магло б заняць нішу беларускага попсу?
І першыя, хто тут напрошваецца, — як ні дзіўна, раннія “Ляпісы” са сваімі рамоначкамі і пастушкамі. Тут нават і прыдумляць нічога не трэба, бо, будзем шчырымі, менавіта іх альбомы 90-х сталі сапраўды культавымі і дагэтуль на розных дыскачах 90-х і тыповых вяселлях “у Васіля” іх можна пачуць. Ну палюбіліся яны — просты, лёгкі, вясёлы матыў і тэксты. Што яшчэ трэба для масавага шчасця?
Таксама, калі б музычны рынак пачаў развівацца знутры, Беларусь бы атрымала іншага Каржа — таго, што ў пачатку сваёй кар’еры чытаў рэпчык па-беларуску, а часам і на нацыянальныя тэмы. Думаю, такі б фармат тады прыйшоўся даспадобы, але ж…
А ўявіце, што песні Шалкевіча круцілі б па радыё. Ох, усе застоллі з гарэлкай і салам заканчваліся б не заўсёды прыгожымі хараламі тэкстаў нашага легендарнага выканаўцы. Там жа ёсць усё, каб быць масавым і вядомым: лёгкія тэксты, пазнавальныя вобразы і прыемны гумар, што можа падняць настрой на любой самотнай пасядзелцы. Ну а калі, наадварот, усё ідзе выдатна, дык Шалкевіч стаў бы добрым стымулам павялічыць градус усеагульнай весялосці.
А некаторыя песні Касі Камоцкай? Крышку складанейшыя, але ж мілагучныя, добрыя для ўспрымання тэксты з лірычнай прыемнай музыкай. Калі б такое на нейкі вечаровы эфір восенню, то закаханыя парачкі толькі сказалі б дзякуй.
Але збольшага такі падыход не надта закранае сучасныя гурты, бо яны ўжо ствараліся ў пэўнай ізаляцыі і для нішавай аўдыторыі, што не надта дазваляе прасунуць такое ў масавы пракат. Ды і большасць з іх, скажам шчыра, цяпер існуе за кошт выключна беларускай мовы і адсутнасці жорсткай канкурэнцыі. Аднатыпныя матывы з песні ў песню на адны і тыя ж слязлівыя тэмы долі і кахання — такое цяпер і падлеткам не надта зойдзе, бо гэтым і без беларускага рынак перанасычаны. А на сучасны фармат не надта цягне — гэта ж адносна кансерватыўная тусоўка, каб праглынуць той жа фармат а-ля Фэйс ці Фараон. Канечне, гэта гучыць для некаторых дзіка, але ж тут простыя правілы — ці сваё, ці народ пойдзе шукаць гэта ў іншых. А калі другі варыянт, то мы атрымаем… рускую папсу, рускае кіно і г.д.
Дарэчы, урэшце так і адбылося, з чым і “віншую”. Калі спачатку была праблема цэнзуры і сапраўднай русіфікацыі, то што замінае прасоўваць сваё ў сеціве?
Нават той жа Фэйс стаў вядомы толькі дзякуючы інтэрнэту, дык дзе яны — беларускія героі эпатажу, што змогуць нарэшце спалучыць сучасны фармат з нацыянальнымі беларускімі ідэямі і стварыць такое, што будуць слухаць гопнікі і падлеткі ў кожным дворыку Беларусі? А калі б пайшлі інакш, то Шалкевіч і Камоцкая сапраўды радавалі б слых ледзь не з кожнай скрыні з дынамікам. Але не склалася. Таму, можа, настаў час ствараць нешта сапраўды новае з трэндавымі падыходамі?
Багдан Сакалоў