Адкрыццё мультымедыйнай выставы «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у супрацы з ініцыятывай «Палітвязынка» і Яўгеніяй Доўгай адбудзецца 10 траўня ў Музеі Вольнай Беларусі. У імпрэзе прымуць удзел суаўтарка праекта Ганна Прышывалка, беларускія дзяячкі культуры, былыя палітвязынкі, Руся і гурт Spievy z-pad mosta. На адкрыцці можна будзе пачуць галасы жанчын, якія знаходзяцца ў няволі, гісторыі аб іх, расказаныя іх блізкімі, а таксама пазнаёміцца з творчасцю з-за кратаў.
«Minsk Anti Zoo. Red Mark» — крэатыўны мультымедыйны праект стылісткі Ганны Прышывалкі і творчай каманды (на жаль, імёны ўсіх стваральнікаў не раскрываюцца ў мэтах бяспекі). У праекце прынялі ўдзел акторкі Беларускага свабоднага тэатра, якія ўвасобілі вобразы беларускіх жанчын, што знаходзяцца ў няволі. Усе гераіні маюць рэальныя прататыпы людзей і аватары жывёл, розныя супер-здольнасці і тэрміны зняволення, а яшчэ кожная мае свой пазнавальны чырвоны адбітак — Red Mark.
«Падчас падзей 2020 года, калі ўжо пачалася хваля гэтых жудасных арыштаў, я трапіла з дзіцёнкам у наш мінскі заапарк. І стоячы там, гледзячы на жывёл, якія знаходзяцца ў клетках, у гэтых маленькіх «камерах», на іх пакуты, сумныя і адчайныя позіркі, да мяне пачалі прыходзіць паралелі, якія і сталі асновай канцэпцыі праекта. Для мяне было важна выразіць увесь смутак і перажыванні, якія былі ў мяне ўнутры, і паказаць, наколькі бесчалавечна паступаюць улады, калі закрываюць людзей у клеткі толькі за тое, што яны хочуць жыць і гадаваць сваіх дзяцей у шчасці і атмасферы свабоды» — гаворыць суаўтарка праекта Ганна Прышывалка.
У Беларусі за кратамі знаходзіцца вялікая колькасць ні ў чым не вінаватых людзей, вялікая колькасць жанчын. Яны, як і жывёлы ў заапарку, закрытыя ў клетках толькі таму, што не маюць магчымасці супрацьстаяць тым, хто іх туды змяшчае, за сваё ўласнае меркаванне, за тое, што маюць смеласць і дастаткова ўнутранай свабоды, каб яго выказаць. Яны безабаронныя і бездапаможныя перад фізічнай сілай і ўладай, якая ізалюе іх і пазбаўляе права выбару. «Minsk Anti Zoo. Red Mark» цалкам прысвечаны жанчынам у зняволенні. І гэта не выпадкова, бо жанчына — заснавальніца новага жыцця, і пакуль яна ў няволі, пакуль яна не свабодная — новае жыццё не можа нарадзіцца!
Выстава працягнецца з 10 траўня па 09 чэрвеня 2024 года.
Адрас Музея Вольнай Беларусі: Варшава, Foksal 11
Гадзіны працы Музея:
аўторак — пятніца: 16:00–20:00;
субота — нядзеля: 12:00–20:00