Тэатральнае жыццё горада Магілёва звычайна вельмі стабільнае, і толькі Міжнародны моладзевы тэатральны форум «Март-контакт» з году ў год робіцца яго яркай падзеяй. Гэтым разам па завяршэнні форуму было вырашана працягваць знаёміцца з найцікавейшымі спектаклямі — тымі, якіх больш няма. Так з’явіўся новы тэатральны праект «Тэатр.zip». Назва гаворыць сама за сябе: тэатр — гэта мастацтва, якое аб’яднала удзельнікаў праекта, а “.zip” — гэта пашырэнне для заархіваваных матэрыялаў.
У асабістым архіве рэжысёра тэатра Уладзіміра Пятровіча захоўваецца мноства відэазапісаў старых спектакляў. Іх і вырашана было глядзець на малой сцэне драматычнага тэатра. «Мы не ставім сабе за мэту папулярызаваць тэатральнае мастацтва сярод шырокіх мас. Для нас нашмат важней, каб «Тэатр.zip» выклікаў цікавасць у той невялікай часткі гледачоў, якіх не трэба гнаць у тэатр з-пад палкі і сілком ўручаць білеты. Прагляды «Тэатр.zip» — гэта ўнікальная магчымасць абмеркаваць набалелыя пытанні пра тэатр, яго прызначэнне і лёс з дасведчанымі і невыпадковымі людзьмі», — кажуць стваральнікі праекта.
Першы пробны прагляд прайшоў 23 красавіка. Пачаць вырашылі з найвядомейшага магілёўскага спектакля «Я твая нявеста», пастаўленага рэжысёрам Валянцінай Ераньковай ў 2004 годзе. У аснову спектакля легла інсцэніроўка аповесці «Зарапад» знакамітага рускага пісьменніка Віктара Астаф’ева, выкананая ім самім. Гэты спектакль пра каханне і смерць і ўваскрэсілі на малой сцэне праз практычна 10 гадоў.
Пасля заканчэння спектакля ўбачанае можна было абмеркаваць з рэжысёрам тэатра Уладзімірам Пятровічам. На будучыя прагляды плануецца запрашаць у якасці экспертаў рэжысёраў і акцёраў, каб убачыць пастаноўку не толькі з пазіцыі гледача, але і з пазіцыі прафесіянала.
Прагляды будуць праходзіць практычна кожны тыдзень. Плануецца паглядзець такія вядомыя спектаклі, як «Білаксі-блюз», «Яна ў адсутнасці любові і смерці», «Піжама для шасцярых», «Трыстан і Ізольда» і многія іншыя.
Марыя Гілёва