Праект «Забор», раней прэзентаваны ў Мінску і Варшаве, едзе ў Віцебск. На плоце віцебскага батанічнага саду з’явяцца рэпрадукцыі карцін сучасных беларускіх мастакоў. Арганізавала вулічную экспазіцыю кампанія «Зубр-капітал» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыццё выставы адбудзецца 29 сакавіка а 17-й ля галоўнага ўваходу ў батанічны сад. Напярэдадні ўрачыстага моманту з пераразаннем чырвонай стужкі падрабязней пра праект «Забор» расказала куратар Антаніна Серакова.
— Антаніна, як вы пры такім надвор’і збіраецеся адкрываць вулічную выставу? Не баіцеся, што снег і «сакавіцкая зіма» распужаюць усю віцебскую публіку?
— Карціны не баяцца ні холаду, ні снегу. Калі казаць пра людзей, то магу супакоіць: адкрыццё выставы будзе нядоўгім, хоць і досыць насычаным. Мы хочам максімальна скараціць афіцыйныя прамовы і павялічыць забаўляльныя моманты.
— Праект «Забор» — гэта арыгінальная задума ці аналаг замежных праектаў такога кшталту?
— Безумоўна, ровару мы не вынаходзілі. У Еўропе такія праекты — справа звыклая. Там гарадская прастора часта стаецца носьбітам сучаснага мастацтва. У нас гэта, на жаль, не так распаўсюджана, таму мы адны з першых у Беларусі, хто такім займаецца. Для большасці беларусаў мастацтва — гэта тое, што знаходзіцца за сценамі музеяў, галерэй. Гэта склалася ў стойкае ўспрыманне — як хворы чалавек мусіць знаходзіцца ў шпіталі, так і карціна мусіць знаходзіцца ў музеі. Праектам «Забор» мы хочам гэты стэрэатып змяніць.
— Няўжо ў нас усё так кепска з успрыманнем музеяў ды мастацтва?
— Для большасці гэта ўсё складана — набываць квіткі, ісці ў музей. Да таго ж, калі паглядзець на папулярныя ў сучаснага чалавека спосабы баўлення часу, то музеі і галерэі наўрад ці ўвойдуць нават у топ-20. Упісваючы карціны ў гарадское асяроддзе, мы даносім мастацтва да людзей. У Мінску рэакцыя была самая пазітыўная. Калі мы павесілі рэпрадукцыі карцін на плоце парка Чалюскінцаў, нам пачалі званіць, пісаць, пакідаць прыязныя каментары. Калі ж карціны знялі, пачалі паступаць водгукі, што цяпер іх не хапае. Маўляў, як было файна ісці па вуліцы і замест «голага» плоту бачыць карціны. Я думаю, што гэта паказчык культурнага росту нашага гледача.
— У Беларусі такія праекты, як правіла, ладзяцца незалежнымі пляцоўкамі, кшталту той жа галерэі «Ў». У вас жа ёсць падтрымка Міністэрства культуры.
— Так, гэта досыць цікавы досвед. Але па шчырасці, гэта збег шчаслівых выпадковасцяў. Праект проста прыйшоўся даспадобы былому міністру культуры Паўлу Латушку. Менавіта таму нам так лёгка ўдалося заручыцца падтрымкай дзяржавы.
— Наколькі гэтая падтрымка аказалася карыснай для рэалізацыі праекту «Забор»?
— Цяпер мы рыхтуем серыю такіх экспазіцый у рэгіёнах Беларусі. Там такая падтрымка вельмі дапамагае. Каб павесіць карціны на плоце, трэба прайсці шмат узгадненняў, атрымаць безліч дазволаў. Пры падтрымцы міністэрства гэтыя дазволы атрымаць значна прасцей, што спрашчае арганізацыю выставы ў некалькі разоў. Але трэба заўважыць, што з такімі складанасцямі мы сутыкаемся яшчэ і таму, што мы першыя, хто такі праект робіць у Беларусі. Звычайна вельмі цяжка патлумачыць розным інстанцыям сутнасць ідэі. У большасці выпадкаў чыноўнікі не могуць зразумець, што гэта і навошта, у іх папросту не складаецца карцінка ў галаве. Калі б нехта вырашыў зрабіць такі праект пасля нас, думаю, было б ужо значна прасцей.
— Праект ужо быў прэзентаваны ў Мінску і Варшаве. Цяпер рыхтуюцца выставы ў абласных цэнтрах Беларусі. Паводле якога прынцыпу вы абіраеце гарады?
— Па-першае, заўважу, што кожны горад дыктуе свае нюансы. Першыя крокі мы вырашылі зрабіць там, дзе гэта было найбольш зручна. Далей мы пакажам «Забор» ва ўсіх абласных цэнтрах. Пра меншыя гарады пакуль не думаем, бо там бываюць праблемы з платамі. Нават у Віцебску досыць складана было знайсці плот патрэбнай даўжыні, каб прадставіць на ім усю экспазіцыю, складзеную амаль з паўсотні вялікіх выяваў.
— Тым не менш, Мінск, Варшава, Віцебск — гэта гарады з досыць высокім культурным узроўнем. Няма адчування, што вы «лекуеце здаровых»? Магчыма карысней было б паказаць такі праект у якім-небудзь горадзе, дзе людзі сапраўды мала сутыкаюцца з мастацтвам? А такіх гарадоў у Беларусі нямала.
— Думка вельмі добрая. Але праблема ў тым, што статус мастацтва ў Беларусі ў цэлым пакідае жадаць лепшага. Таму пра «лекаванне здаровых» казаць не даводзіцца. І рэч не ў тым, што публіка недастаткова адукаваная. Справа ў адсутнасці арыентыраў. Чалавек хоча добра правесці выходныя. Ён не пойдзе ў музей, бо ў грамадстве гэта лічыцца ненармальным. У музеі і галерэі мусяць хадзіць крытыкі, куратары, мастакі і г.д. Адпаведна, звычайны чалавек нават не пазірае ў бок мастацтва. А ствараючы гарадскую арт-прастору шляхам такіх праектаў, як «Забор», мы даем магчымасць звычайнаму чалавеку сустрэцца з мастацтвам твар у твар і вырашыць для сябе, ці цікава гэта, ці ісці далей, ці капаць глыбей.
— Але калі казаць пра адукацыйную ролю, то чаму сучаснае мастацтва, а не класічнае?
— З аднаго боку, такога пытання нават не стаяла, бо наша кампанія займаецца толькі сучасным мастацтвам. Але з іншага боку, менавіта такі фармат прэзентацыі карцін — экспазіцыя іх на гарадскім плоце — найбольш падыходзіць менавіта сучаснаму мастацтву. Яно само па сабе задзірыстае, што пасуе такому прачытанню — з плота. Класічнае мастацтва, думаю, магчыма было б паказаць у гарадскім асяроддзі, але гэта было б складаней, давялося б шукаць спосабы, як гэта правільна абыграць.
— Вяртаючыся да самога праекту… як абіраліся мастакі-ўдзельнікі і працы, якія будуць прадстаўленыя?
— Выбар стаяў толькі паміж прадстаўнікамі сучаснага мастацтва, бо яно прасцейшае для ўспрыняцця выпадковай публікай. Але ў той жа час мы ні ў якім разе не прэтэндавалі на тое, каб прэзентаваць зрэз сучаснага мастацтва Беларусі, бо ў рамках такога праекту гэта немагчыма. Хутчэй было жаданне паказаць, што сучаснае мастацтва бывае вельмі розным. Таму былі абраныя некалькі мастакоў, якія працуюць у розных стылях — Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладзіслаў Стальмахаў і Віктар Альшэўскі. У Віцебску да спісу прадстаўленых мастакоў далучыцца яшчэ мясцовы мастак Аляксандр Дасужаў, які прадставіць «віцебскую школу». Увогуле, выстава была спецыяльна змененая пад віцебскую прэзентацыю такім чынам, каб гэта было максімальна цікава менавіта жыхарам Віцебска.
— У найбліжэйшай будучыні вы плануеце наведаць з экспазіцыямі абласныя гарады Беларусі. Апроч пашырэння геаграфіі як яшчэ будзе развівацца праект «Забор»?
— Фармат выставы захаваецца, але, як і раней, будзе адаптаваны пад кожны горад, дзе пройдзе прэзентацыя. Што ж да геаграфіі, то апроч абласных цэнтраў Беларусі нам таксама хочацца знаёміць з сучасным беларускім мастацтвам замежнікаў. Таму ў планах на найбліжэйшы год ёсць і некалькі еўрапейскіх гарадоў.
Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларусамі»