Нью-ёркскі музыка, праграміст і мастак Ханна Дэвіс сумесна з галоўным навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага навукова-даследчага ўніверсітэта Канады Саіфам Махамедам распрацавала алгарытм, які ператварае мастацкія тэксты ў музычныя творы.
Алгарытм пад назвай TransProse не канвертуе слова ў музыку наўпрост, але вызначае агульны настрой твора. Ён выкарыстоўвае спецыяльны слоўнік Нацыянальнага навукова-даследчага ўніверсітэта Канады, які складаецца са 14 тысяч словаў, размеркаваных па васьмі базавых эмоцыях (злосць, страх, чаканне, давер, здзіўленне, сум, радасць і агіда) і двух настроях (пазітыўным і негатыўным).
Калі раман “скормліваюць” TransProse, праграма чытае тэкст і знаходзіць у ім словы са спісу. Яна разбівае твор на чатыры храналагічныя часткі і па найчасцей ужывальных фразах вызначае агульны тон кнігі. Напрыклад, “Сэрца цемры” Джозэфа Конрада пераважна выказвае страх і сум, а “Маленькі прынц” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы — давер і радасць.
Тон і шчыльнасць размяшчэння эмацыйных словаў у тэксце выкарыстоўваюцца для вызначэння ключавых паказчыкаў музычнага твора: тэмпу, нот, ключоў і актаў. Пазітыўныя кнігі граюць у мажорных танальнасцях, а негатыўныя — у мінорных. У шчаслівых кніг вышэйшая актава, а сумныя гучаць нізка. Чым больш у тэксце словаў, якія выказваюць эмоцыі, тым больш нотаў.
Паводле CNET