Ад школьнага курса беларускай літаратуры застаецца цьмяная памяць, што як бы там усё ні было ў астатніх жанравых закутах, але вось гістарычная проза ў нас ёсць, і з ёй усё зусім няблага. Гэта ўжо нашмат пазней разумееш, што ў Чорнага бездакорная мова, а ў Мележа — неверагодна жывыя дыялогі; а тады, на ўроках, весялей было чытаць Караткевіча, Арлова і Дайнеку. Калі выставіць усе тыя кнігі радком на паліцу, дык можа нават здацца, што хопіць ужо, узаралі гэтае поле, трэба на іншыя ісці. Штука, аднак, у тым, што гэтае поле аралі зусім не паўсюль. Пачаўшы зазіраць цікаўным вокам у гісторыю, хутка сутыкнешся з якою-небудзь тэмаю, пра якую мусіла б быць паўтузіна вядомых раманаў — а не згадаеш ці то зусім нічога, ці то мала.
У мяне такіх тэм, пустых месцаў на паліцы гістарычнай прозы, назапасілася тры. А тры — добрая лічба, таму і захацелася гэта ўсё запісаць. Не стану гаварыць, што пералічаныя тэмы не атрымалі зусім ані зернейка пісьменніцкай увагі, але што атрымалі не так шмат, як хочацца, — тое пэўна. Вось яны, усе тры, у храналагічным парадку.
1. Тураў: другая нага
Ва ўспрыняцці нашай мінуўшчыны ёсць два асабліва звыклыя спрашчэнні. Адно — гэта атаясамленне ВКЛ з Беларуссю, другое — атаясамленне з Беларуссю Полацкага княства. Спрашчэнні гэтыя — супрацьлеглыя па характары: калі ВКЛ — гэта мінулае болей чым толькі Беларусі, то Полацкае княства — мінулае зусім не ўсёй Беларусі. Я пакіну тут убаку мілае майму сэрцу Занямонне, я тут не аб ім і нават не аб нашым кавалку Чарнігаўскага княства. Я тут, вядома, аб Тураве. Без Тураўскага княства не зразумець ні пазнейшага Пінска, ні пазнейшага Слуцка, ні шмат чаго яшчэ. І пры тым, калі ведаць гісторыю Беларусі толькі з урокаў літаратуры, то на Тураў можна незнарок і забыцца зусім. Зразумела, што такі “недахоп Турава ў мастацкай прозе” мае пад сабою важкія прычыны, перадусім фрагментарнасць гістарычных звестак, але, дальбог, пра больш шчыльна аблюбаваныя празаікамі мясціны таксама вядома меней, чым можна прачытаць у аповесцях. Пакуль да Полацка не далучыцца ў супастаўнай колькасці Тураў, нашая гістарычная проза пра IX—XII cтст. будзе стаяць на адной назе. На вельмі моцнай і спрытнай назе, не спрачаюся, але ўсё адно нязручна.
2. Вайна 1430-х: толькі не па пераказах
Змаганне за вялікакняскі пасад паміж Швітрыгайлам (ці, на чамусьці больш звыклы лацінізаваны лад, Свідрыгайлам) і Жыгімонтам — гэта адзін з гістарычных перыядаў, па якіх варта чытаць першакрыніцы нават тым, хто звычайна ў іх не зазірае. Часткова таму, што са стракатай плыні тых падзей занадта лёгка набіраюцца ў пераказах спрошчаныя карцінкі на розныя густы. Але таксама і таму, што па гэтай вайне, у параўнанні з ранейшым часамі, да нас дайшло сапраўды нямала крыніцаў самага жаданага для пісьменніка кшталту: лістоў і данясенняў, складзеных “у жывым эфіры”. Калі вы пажадаеце пісаць пра 1432—1435 гг., вам не спатрэбіцца выдумляць уладным кузэнам пераканаўчыя чалавечыя характары: толькі пагартайце дакументы, і гэтыя характары на вас проста абрынуцца. Ладная колькасць яркіх персанажаў другога плана таксама справы не псуе.
3. Канец XIX ст.: часы дзівосаў
Найярчэйшы беларускі твор пра апошнія дэкады пазамінулага стагоддзя — бадай што “Дзікае паляванне караля Стаха”, змрочная выява “канца старога свету”. Да якой ступені гэтай выяве варта верыць — асобная размова, але так ці інакш нешта сапраўды адыходзіла ў мінулае. Намалюем ва ўяўленні напаўзакінутыя маёнткі, руіны, зарослыя сады… Мо чагосьці тут не хапае, каб аддаць таму часу належнае? Анягож. Паравоза. 1870-я — 90-я — гэта час, калі множацца чыгункі, час, калі ў Мінску з’яўляюцца водаправод, тэлефон, электрычная станцыя. Паспрабуйце паглядзець на гэтыя рэчы так, быццам ніколі іх не бачылі, уявіце тады, што можаце выклікаць іх з небыцця, і пагадзіцеся, што недзе паблізу віруе рамантыка не меншая, чым у падарожжах у нязнаныя землі. Гэта цікава — жыць у свеце, дзе можна атрымаць дыплом чараўніка, і пра сталенне гэтага свету можна было б напісаць — і прачытаць — шмат добрага.
Цяпер, пераглядаючы гатовы спіс, ізноў згадваю, што хвацкія ж тэмы, але сам не прыдумаю, што такога пра іх можна напісаць. Цьмяна спадзяюся: ну а раптам гэта прачытае нехта, хто прыдумае?
Антон Францішак Брыль