Кінаконкурс Smartfilm абвясціў афіцыйныя вынікі – сярод пераможцаў, чые трэйлеры апынуліся найлепшымі, ажно дзве беларускамоўныя працы. “Будзьма” паразмаўляла з лаўрэатамі пра беларускую мову і стварэнне фільма ў “хатніх” умовах.
Міхаіл Пархоменка, рэжысёр трэйлера “Кур’ер” (найлепшы трэйлер у жанры баевіка):
“Я даўно хацеў паэксперыментаваць у жанры экшн, але разумеў, што журы конкурсу трэба здзівіць: я пазнаёміўся з хардаблістамі (такім чынам у трэйлеры з’явілася зброя), знайшоў веласіпедыста на галоўную ролю, а пасля вырашыў перакласці фільм на беларускую мову.
У мяне ёсць своеасаблівы план па “беларусізацыі” – мне падаецца, што Беларусі цяпер не хапае кантэнту, які быў бы цікавы гледачу незалежна ад мовы, на якой ён зняты. То бок цікавае кіно будуць глядзець і па-руску і па-беларуску, такім чынам чаму б яго і не зрабіць па-беларуску. А беларускамоўны экшн – гэта ўвогуле для нашай прасторы нешта новае. Таму здымаць па-беларуску, як на мяне, лагічна, правільна, цікава. Не думаю, што пасля фільмаў людзі масава пяройдуць на мову, аднак чуць яе будуць часцей.
Затратаў на фільм амаль не было – мне пашанцавала, што падабралася каманда, якой было цікава ўдзельнічаць у працэсе: усе дапамагалі, усім было файна. Вось чаго патрацілі шмат – гэта часу. А што да грошай… Ну, можа, тысячаў сто рублёў і патрацілі на здымкі, але калі б працавалі не з дапамогай адно аднаго, то гэты трэйлер пацягнуў бы добрую колькасць грошай.
На ўзнагароджанні я паразмаўляў з іншымі хлопцамі, якія таксама здымалі дэтэктыўнае кіно для конкурсу, – відаць, мы паспрабуем зрабіць нешта разам. Бо адзін я не пацягну здымаць фільм: за здымкі трэйлера я страшна стаміўся, а калі гаворка ідзе пра поўны фармат, то тут патрэбныя і грошы, і, у першую чаргу, каманда, а яна, здаецца, патроху падбіраецца”.
“Ідэя здымак кароткаметражнага фільма ў нас з’явілася даўно. Але ўсё нешта не даходзілі рукі. І вось, дзякуючы фестывалю Smartfilm у нас з’явілася матывацыя давесці ідэю да розуму, хай і не ў рамках поўнага або кароткага метра.
Ідэя для трэйлера, у прынцыпе, падобная да той, якую мы распрацоўвалі яшчэ для кароткаметражкі: змяніліся дэталі, персанажы, але сутнасць засталася той жа: паказаць існаванне незвычайнага, часам невытлумачальнага іншага свету і пракрычаць аб тым, што, як ні банальна… магчыма ўсё. Людзі часта прыдумляюць прычыны, адгаворкі, шукаюць апраўданне, замест таго каб ісці да жаданага: няхай гэта будзе каханне, кар’ера ці жаданне калекцыянаваць пакуначкі цукру.
Сам трэйлер здымаўся 3 дні на 3 лакацыях: Мінск, Бабруйск, Гомель. Многія цікавыя сцэны не ўвайшлі ў яго, але таго патрабаваў фармат фестывалю: мы павінныя былі прадставіць трэйлер, а не кароткаметражку. Гук пісаўся на студыі, саўндтрэк быў напісаны спецыяльна для нашай працы (кампазіцыя “Не ты” Андрэя Сянькевіча) і выйдзе ў поўнай версіі ў канцы сакавіка гэтага года.
Ці будзе здымацца кароткі або поўны метр? Пакуль адказу на гэтае пытанне мы даць не можам. Але працу ў гэтым напрамку, у гэтым жанры працягваць будзем дакладна. У рамках праекта “КРОК” ці не – пакажа час”.