Падавалася б, што можа быць больш сумным, чым правесці адпачынак у этнаграфічнай экспедыцыі, за ўласны кошт і ва ўмовах адсутнасці камфорту? Тут табе ні водных, ні амерыканскіх горак, ні 3D-кінатэатра, ні рок-канцэртаў. Але не было б так цікава, калі б усё было дасяжнае і на паверхні. Усё самае цікавае трошкі глыбей.
За два тыдні экспедыцыі ў Мастоўскім і Шчучынскім раёнах я накапаў цэлую скрыню скарбаў.
Мова. Беларуская мова — для нас штосьці абстрактнае. Мы амаль не сутыкаемся з ёй у побыце, асацыюем з прадметам у школе і не ведаем, што яна ўсё яшчэ існуе. Сапраўдная, жывая. І размаўляюць на ёй не таму, што гэта адлюстроўвае чыюсьці палітычную пазіцыю, альбо таму, што гэта модна. І нават не таму, што яна робіць кагосьці адметным. На ёй размаўляюць, бо гэта натуральна, як натуральна гэта было для безлічы папярэдніх пакаленняў. Гэта не тая мова, якую вывучаюць у школе. Яна не мае правілаў і межаў, яна пластычна і задорна перацякае ды змяняецца ад адной вёскі ў другую.
Адносіны. У горадзе мы прызвычаіліся адно да аднаго настолькі, што навучыліся не заўважаць тых, хто побач. У запоўненым вагоне метро пачуццё адзіноты нашмат мацнейшае, чым калі ты замкнуты ў сваім прасторным пакоі.
У вёсцы ты падзея. Хто ты? Чый ты? Адкуль ты? Безумоўна, ад такой увагі часам бывае няёмка, але гэта шчырая цікавасць, бо ў вясковы цэласны замкнёны свет трапляе новы персанаж, які абавязкова прынясе штосьці сваё ў агульную гісторыю. А пра моц адносінаў паміж жыхарамі самой вёскі і кантраст з нашымі, гарадскімі, варта расказваць асобна.
Увага. Далёка не кожны стары чалавек атрымлівае мінімум увагі ад родных, ці знаёмых, ці нават незнаёмых. Да кагосьці дзеці прыязджаюць часцей, чым да іншых. Да кагосьці яны зусім не прыязджаюць. Можна нават прасачыць, наколькі болей жыццёвай энергіі ў бабулі, побач з якой мітусяцца ўнукі і праўнукі. Так і людзі, што жывуць у адзіноце, пасля гадзіннай размовы пра былое жыццё адчувальна маладзеюць. Аддаваць часам нашмат прыемней, чым атрымліваць. У тым і скарб.
Мудрасць. Бабулі не аперуюць складанымі навуковымі тэрмінамі ці прыгожымі цытатамі з кніжак. Але яны простымі словамі кажуць глыбокія думкі, якія не толькі прыгожа гучаць, але яшчэ і пераканаўча, бо прапушчаныя праз уласны жыццёвы досвед, які, можа, разы ў тры большы за твой.
“Бумеранг”. Такі скарб актуальны для любых падарожжаў насычаных падзеямі, экспедыцыя — не выключэнне. Гэта калі твой унутраны стан адлюстроўваецца на тым, што адбываецца навокал. Калі ты стомлены, няшчыры, у дрэнным настроі, то ўсё навокал неяк іранічна складаецца не на тваю карысць. Што ты да сусвету, то і сусвет да цябе, толькі ў большым памеры. Вельмі добрая нагода пераасэнсаваць свае думкі, словы і дзеянні. Другі станоўчы бок — калі ты працуеш са светлымі думкамі, то ўсе шляхі для цябе адкрытыя і ўсё складваецца лепей, чым ты сам чакаеш.
Містыка. Яна літаральна паўсюль: ад аповедаў пра знахараў, лекараў і чараўнікоў да таго, што няможна апісаць.
Калі агулам, то раней усё было больш завязана на ўзаемадзеянні таго і гэтага свету. Што і сёння добра адчуваецца ў пэўных абрадах, звычках, дзеяннях. Не заўсёды можна патлумачыць тое, сведкам чаго стаў, але і не заўжды варта шукаць тое тлумачэнне. Лепш адчуць. Магія.
Арганізацыя прасторы. Драўляная падлога, печ, покуць, аздобленая ручніком, сцяна з чорна-белымі здымкамі родных у вялікай рамцы, ложкі з саматканымі посцілкамі, вялікія падушкі, стол ды лава. Усё так проста, але напоўненае сэнсам. Гэта нібыта мадэль сусвету: лаканічная і завершаная адначасова.
Стыль. Зруб, з якога складаецца дом; пруткі лазы ў кошыках; рытмічны плот; тэкстыль з ільну і арнаменты з зашыфраванымі лёсамі і гісторыямі; гарманічнае спалучэнне тузіну колераў на адным палатне — у вясковых людзей ёсць прыроднае пачуццё стылю і якасці. Яно не проста прываблівае, яно заварожвае.
Песні. Чамусьці адзін з найкарацейшых шляхоў увайсці ў давер да інфарматара — пачаць распытваць пра старыя песні. У выніку заспяваюць табе ці не — гэта справа другасная. Але такая вось дзіўная тэндэнцыя, што з размовы пра песні (альбо з самой песні) усё і пачынаецца.
Яшчэ цікава, што людзі, якія ў сваім жыцці шмат спявалі, у асноўным маюць лепшую памяць.
А таксама кожны са старэйшых сцвярджае, што раней людзі былі шчаслівейшымі. Усе былі бедныя і цяжка жылося, але ж спявалі.
Мы цяпер знаходзімся на мяжы паміж жыццём чалавека ў гармоніі з прыродай і навакольным светам і жыццём таго ж чалавека ў штучна створанай сістэме, глабальнай, аўтаматызаванай і адарванай ад прыроды. На тым баку мяжы чалавек, прырода і духоўны свет — як складнікі цэлага. Цяпер жа мы маем нашмат болей свабоды і магчымасцяў. Сёння ўжо не прырода пануе над намі, а нібыта мы над прыродай. І кантактуем мы з ёй хутчэй як спажыўцы.
Безумоўна, фальклор збіраецца не для таго, каб пераняць эстафету ды працягнуць тую лінію гарманічнага развіцця. На жаль, гэта ўжо немагчыма, бо мы іншыя.
Наша традыцыя з глыбокімі каранямі і насычаная векавой мудрасцю дажывае свае апошнія гады разам з найстарэйшымі жыхарамі краіны. Далей пойдуць ужо зусім іншыя гісторыі ды песні. А пакуль мы яшчэ маем жывую традыцыю і людзей, ад якіх можна даведацца шмат цікавага, захапляльнага і натхняльнага. І не трэба спецыяльных этнаграфічных ведаў, каб аддаць трохі ўвагі старым людзям, што побач з намі. Не патрэбны дыктафон ці іншая тэхніка. Проста прыйдзіце ды спытайце ў свайго сталага суразмоўцы пра ранейшае жыццё. Калі ваш пасыл будзе шчырым — можаце быць упэўненыя, што адкрыеце для сябе зусім іншы — таемны, невядомы, але такі родны свет.
Аляксей Піскун