Павел Латушка быў прызначаны мiнiстрам культуры чатыры месяцы таму. Журналiсты ўжо паспелi назваць яго “першым беларускамоўным мiнiстрам” i “самым маладым мiнiстрам”. На спадара Паўла сапраўды ўскладзена шмат спадзяванняў — што пры iм беларуская мова i культура зойме больш годнае месца ў жыццi грамадства, чым цяпер. Што iншыя чыноўнiкi мiнiстэрства возьмуць прыклад са спадара мiнiстра — i загавораць па-беларуску…
Што-нiшто з гэтага з Паўлам ЛАТУШКАМ абмеркаваў спецыяльны карэспандэнт “Звязды” Глеб ЛАБАДЗЕНКА напярэдаднi Дня работнiкаў культуры, якi адзначаецца ў другую нядзелю кастрычнiка.
“Неабходна пашырэнне прыватнай iнiцыятывы ў сферы культуры”
— Дазвольце, пакуль вы не задалi пытанне, павiншаваць з надыходным Днём работнiкаў культуры ўсiх работнiкаў культуры i мастацтва нашай краiны за iх высакародную працу, духоўнасць, iдэi дабра i гуманiзму, якiмi яны напаўняюць свет, сэрцы i душы людзей. Шчырая ўдзячнасць гэтым светлым i самаадданым людзям, — пачаў нашую гутарку Павел Латушка.
— Спадар Павел, цi лёгкае мiнiстэрства дасталося вам у кiраванне?
— Мяркуйце самi: так атрымлiваецца, што сфера культуры — адна з найбольш шырокiх у грамадстве. Фактычна мы з вамi штодня сутыкаемся з культурай: ходзiм у тэатры, глядзiм кiно па тэлебачаннi цi ў кiнатэатрах, наведваем музеi, слухаем музыку па радыё, чытаем кнiгi… Сфера культуры ў Беларусi — гэта дзейнасць дзясяткаў тысяч устаноў (дзяржаўных i недзяржаўных), грамадскiх аб’яднанняў, правядзенне розных мерапрыемстваў (мiжнародных, рэспублiканскiх, рэгiянальных), творчасць кампазiтараў, выканаўцаў, мастакоў, рэжысёраў, навукоўцаў… Культура — надзвычай жывы арганiзм, якi дынамiчна развiваецца i, такiм чынам, пастаянна нараджае рознага кшталту супярэчнасцi. Культура — гэта душа чалавека, а працаваць, прабачце за гэта слова, з душой, укладаць у яе пачуццi, дабро i шчырасць, павагу i цеплыню, разуменне таго, што не хлебам адзiным жыве чалавек, — цi гэта лёгкая справа?
— Вы на пасадзе мiнiстра ўжо чатыры месяцы. Якiя прыярытэты вызначылi для сябе за гэты час?
— У нашай краiне створана сiстэма падтрымкi развiцця сферы культуры ў розных кiрунках. Падтрымку дзяржавы адчуваюць i навучальныя ўстановы ад сярэднiх да вышэйшых у сферы культуры, раённыя дамы i цэнтры культуры, бiблiятэкi i музеi, вядучыя мастацкiя ўстановы i калектывы нашай краiны. Склалася сiстэма разнастайных мерапрыемстваў агульнарэспублiканскага i рэгiянальнага ўзроўню, якiя вядомыя не толькi ў нашай краiне, але i за мяжой.
Сiстэма створана i вынiкова працуе. Але зразумелым з`яўляецца тое, што час патрабуе з`яўлення новых iдэй i iнiцiятыў, новых праектаў, калi хочаце адкрыцця новых талентаў, iмёнаў у нашай культуры. І тут, на жаль, часта адбываецца невыкарыстанне магчымасцяў з’яўлення гэтага новага, наватарскага ў нашым асяроддзi.
Прыярытэт у тым, каб стварыць умовы для з’яўлення новых культурных праектаў i iдэяў, адкрыцця новых талентаў, iмёнаў у нашай культуры. Прыярытэт — падтрымка таленавiтай моладзi, якая ажыццяўляецца пад патранатам Прэзiдэнта краiны. Важна стварыць дадатковыя магчымасцi дзеля рэалiзацыi таленту маладых, i ўжо з канца гэтага года мы пачынаем у раёнах краiны праводзiць Рэспублiканскi конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Важна разумець i заўжды памятаць, што ў падмурку нашай культуры знаходзiцца праца ў раёнах, малых гарадах i вёсках. Неабходна i далей захоўваць i выконваць сацыяльныя стандарты дзяржавы ў сферы культуры — гэта даступнасць культуры. Яна складаецца з трох базавых элементаў. Найперш — даступнасць у атрыманнi адукацыi ў сферы культуры. Другое — магчымасць рэалiзаваць сябе ў сферы культуры (праз удзел у розных гуртках, аматарскiх калектывах, народнай самадзейнасцi…). Трэцi элемент даступнасцi — гэта магчымасцi наведваць установы культуры: тэатры, кiно, музеi…
Прыярытэт таксама — узмацненне падтрымкi нацыянальнага мастацтва. У нас ёсць цудоўныя калектывы, тэатры, музеi… Яны патрабуюць далейшай увагi i падтрымкi з боку дзяржавы. У нас створана добрая сiстэма фестывальных мерапрыемстваў, якiх штогод праходзiць больш за 50. Але надышоў час надаць некаторым з iх “новае аблiчча”. Мiнiстэрства, напрыклад, працуе над новай канцэпцыяй “Славянскага базару”. Неабходна пашырэнне прыватнай iнiцыятывы ў сферы культуры, прадусiм, што тычыцца спраў беларускай эстрады i кiно. Тут вельмi важным з’яўляецца далейшае развiццё прадзюсавання ў гэтых сферах. Патрэбна стварыць магчымасць для праяўлення новых iнiцыятыў, з’яўлення новых праектаў у сферы культуры, у якiх часта праз нашую бюракратызаванасць няма шанцу прабiцца на свет. Вельмi важна больш шырока паказваць беларускую культуру ў свеце праз днi беларускай культуры, культурныя праекты, гастролi, бо культура — гэта таксама iмiдж краiны.
— Спадар Павел, цi змянiлася альбо зменiцца з вашым прыходам каманда мiнiстра, цi з’явяцца новыя людзi?
— Разумееце, не пачынаецца праца новага мiнiстра з чыстага аркуша. Папярэднiкi зрабiлi шмат, i не карыстацца гэтым было б няслушна. Iмкнуся зразумець, што трэба ўдасканалiць, а што захаваць i палепшыць, дзе рэалiзаваць новую iнiцыятыву, падыход. Змены, вядома, будуць адбывацца, але важна разглядаць гэта як натуральны лагiчны эвалюцыйны працэс.
“Мы павiнны дайсцi з культурай да кожнага чалавека”
— Адным з галоўных нараканняў на Мiнiстэрства культуры была недасканалая праца з грамадствам: абмеркаваннi праблемных пытанняў праводзiлiся рэдка, многiя звароты грамадскасцi заставалiся без адказаў. Цi будуць тут змены?
— Дзейнасць Мiнiстэрства культуры звязана перадусiм з задавальненнем патрэбаў грамадства ў сферы культуры. Цi гэта магчыма — плённа працаваць без штодзённага дыялогу з тымi, для каго функцыянуе ўся сiстэма сферы культуры? Важным падаецца актывiзацыя ўзаемадзеяння з усiмi творчымi саюзамi i аб’яднаннямi нашай краiны. Праз рады i саветы, якiя дзейнiчаюць пры мiнiстэрстве, павiнен удасканальвацца такi дыялог. Мы распачалi працу па стварэннi апякунскiх саветаў пры вядучых установах культуры нашай краiны, напрыклад, пры Вялiкiм тэатры оперы i балета, Купалаўскiм тэатры i iншымi. Гэта еўрапейская практыка, iснуе яна i ў нашых расiйскiх суседзяў. Мы павiнны дайсцi з культурай да кожнага чалавека. Адным з новых спосабаў можа стаць праект “Культурная сталiца Беларусi”, калi на цэлы год адзiн з раёнаў, гарадоў Беларусi будзе актыўным цэнтрам культурных мерапрыемстваў, якiя будуць праходзiць пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры.
Дыялог будзе пашырацца, але важнай справай з’яўляецца яго канструктыўны характар.
— Балючае пытанне для многiх i для мяне асабiста — рэстаўрацыя помнiкаў архiтэктуры. Многiя ў занядбаннi, iншыя рэстаўруюцца недасканала, некаторыя ўвогуле руйнуюцца. На вашу думку, з якога боку трэба падступацца да гэтай праблемы?
— Давайце спачатку да гэтага падыходзiць без лiшнiх эмоцый i катэгарычных ацэнак, акрэслiваючы вельмi дакладна, што трэба рабiць у гэтай галiне сёння i заўтра. У краiне паступова адбываецца рэканструкцыя найважнейшых помнiкаў нашай гiсторыка-культурнай спадчыны, цяпер праз Дзяржаўную iнвестыцыйную праграму па даручэннi Прэзiдэнта iдзе падтрымка трынаццацi такiх аб’ектаў. I такi падыход у Рэспублiцы Беларусь раней не меў месца, нават у часы БССР, калi працы вялiся толькi ў Мiрскiм замку.
Зразумела, цяпер найбольш на слыху Палацава-паркавы ансамбль у Нясвiжы i Замкавы комплекс у Мiры, дзе вядуцца вялiкiя работы. Зразумела, што калi iдзе праца, то могуць узнiкаць i праблемныя моманты, рабочыя пытаннi, якiя трэба своечасова вырашаць. Будзе ўзмацняцца навуковы нагляд за рэстаўрацыяй, праца спецыяльна створанага дзеля гэтых мэтаў iнструмента — навукова-метадычнай рады пры мiнiстэрстве.
Каб ведаць, што рабiць, для пачатку трэба ўсё ўпарадкаваць, даведацца пра дакладны стан аб’ектаў. Для гэтага наша мiнiстэрства ўжо выдала Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь, якi налiчвае больш за 4780 аб’ектаў. Наступны крок — пошук фiнансавання. Зразумела, на гэта дзяржава выдаткоўвае рэсурсы з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Але зважаючы на колькасць помнiкаў i iх стан, трэба шукаць альтэрнатыўныя дадатковыя фiнансавыя крынiцы. Гэта могуць быць сродкi прыватных — як беларускiх, так i замежных — iнвестараў. Мы гатовыя прапанаваць зацiкаўленым набыццё маёнткаў, сядзiбаў, але пры ўмове iх рэстаўрацыi пад навуковым наглядам Мiнiстэрства культуры. Мы прапануем таксама нашчадкам славутых беларускiх родаў узяць чынны ўдзел у рэстаўрацыi родавых маёнткаў. Таксама да гэтай працы трэба прыцягваць грамадскасць. Мiнiстэрства культуры з’яўляецца заснавальнiкам грашова-рэчавай латарэi “Скарбнiца”. Грошы ад продажу бiлетаў будуць накiраваныя на рэканструкцыю аднаго з важнейшых аб’ектаў нашай гiсторыi. На меркаванне грамадскасцi прапануем разгледзець першачарговасць рэстаўрацыi на выбар — Наваградскага, Гальшанскага i Крэўскага замкаў.
Дарэчы, цяпер прапрацоўваецца магчымасць пачатку рэстаўрацыi з прыцягненнем дзяржаўных сродкаў палаца Валовiчаў у Свяцку, што пад Гроднам, пра якi шмат пiсалася ў прэсе. Наша архiтэктурная спадчына — гэта наш гонар, сведчанне прыналежнасцi да агульнаеўрапейскай гiсторыi, i адначасова абавязак перад будучымi пакаленнямi.
“Князь Мацей Радзiвiл у апошнiм лiсце напiсаў мне…”
Фота адсюль.