17.04.2017 | Грамадства Культура

Радзівілы ў трэндзе: “замкавая” мода ад Ксеніі Раманавай

Сумясціць карыснае з прыемным – гэта схадзіць акультурыцца ў музей і нагледзець сабе новы ўбор. І не проста вечаровую сукенку, а сукенку, аўтар якой натхняўся эпохай Радзівілаў. Карэспандэнткі Budzma.by пабывалі на прэзентацыі новай канцэптуальнай калекцыі беларускага дызайнера Ксеніі Раманавай і дзеляцца ўражаннямі.

_457

Гэты незвычайны паказ прымеркаваны да выставы твораў з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла “Радзівілы: лёсы краіны і роду”, якая экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі некалькі месяцаў. Праект аб’яднаў партрэты каралевы Польшчы Барбары Радзівіл, яе бацькі Юрыя Радзівіла па мянушцы Геркулес Літоўскі, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі – заснавальніка Нясвіжскай рэзідэнцыі, Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі – заснавальніка мануфактуры слуцкіх паясоў, а таксама Караля Станіслава Радзівіла Пана Каханку, які ўвасабляе волю і незалежнасць шляхты ВКЛ. Сярод аўтараў партрэтаў – вядомыя майстры італьянец Марчэла Бачарэлі, аўстрыец Францішак Ксаверыя Лямпі ды іншыя.

_484

І вось уявіце: у такім грандыёзным антуражы, пад фартэпіянную музыку кампазітараў часоў Радзівілаў, – прэзентацыя калекцыі pret-a-porte. Ксенія Раманава – цікавы таленавіты аўтар. На стварэнне адной з апошніх калекцый дызайнера натхніў… Вялікі адронны калайдар, а ключавым матэрыялам стаў неапрэн. 11KRTUDIO – студыя Ксеніі – займаецца даследаваннямі на стыку моды і мастацтва. “ДНК” брэнда – гэта спалучэнне цікавых фактураў, праца з прапорцыямі і формай. І вось цяпер – інтэрпрэтацыя эпохі Радзівілаў.

“Я не з тых мадэльераў, якія купілі рулон тканіны і зрабілі калекцыю, – распавяла Budzma.by Ксенія. – Я люблю мноства матэрыялаў! Напрыклад, у гэтай, “радзівілаўскай”, калекцыі за аснову ўзяла шыкоўныя дарагія жакарды. Таксама выкарыстоўвала шоўк, сацін, бавоўну – матэрыялы розныя па фактуры, шчыльнасці, малюнку і колеры”.

Ксенія Раманава, аўтарка калекцыі

Ксенія Раманава, аўтарка калекцыі

Новая калекцыя “вясна-лета” ўмоўна падзеленая на дзве часткі – “паркавую” і “замкавую”. Галоўнай інспірацыяй першай, вясновай, гуллівай і рамантычнай, сталі паркі Нясвіжа. Ангельскі парк, дзе ў сонечныя дні Марыя Радзівіл шпацыравала вярхом на кані. Абвеяны рамантычнымі легендамі Марысін парк. Парк Антонія, дзе Радзівілы высаджвалі экзатычныя кветкі. Карлікавыя дрэвы і звілістыя дрэвы Японскага парка. Проста неймавернае мноства матываў для дызайнерскага натхнення!

“Замкавая” частка калекцыі атрымалася, па словах аўтаркі, вострай, містычнай і відовішчнай. Багатыя глыбокія адценні, метал, складаныя тканіны выдатна адлюстроўваюць цёмную замкавую гісторыю. Але нягледзячы на элітарнасць тэмы, усе ўборы калекцыі, па словах аўтара, цалкам “насібельныя” і даступныя ў продажы. Князёўны, налятайце!

Кася Кірпацік

Фота Зарыны Кадрацьевай


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика