Летнім вечарам у чацвер адбыўся канцэрт з ідэальна падабраным складам удзельнікаў – Tanin Jazz, Паліна Рэспубліка і Navi ўзялі ўдзел у праекце “Re:Live”.
Паводле задумы арганізатараў, якім ёсць сам клуб Re:Public, усе тры выступоўцы мелі стварыць рамантычную атмасферу ды прадставіць пэўны зрэз беларускай музыкі. Заяўляецца, што ў межах праекта рэгулярна будуць збірацца самыя актуальныя і перспектыўныя музычныя калектывы розных жанраў ды кірункаў.
Першай у гэты вечар на сцэну выйшла абсалютна шчаслівая Таня Гарошка, каб упершыню на шырокую публіку сыграць песні са свайго беларускамоўнага альбома “Адліга”. Яна кажа, што даўно хацела спяваць па-беларуску, і цяпер яе мара здзейснілася. Спявачцы дапамагалі гітарыст хіпстарскага выгляду і бубнач у белай кашульцы ды пры гальштуку. Заўсёднікі тутэйшых эстрадных тэлешоу нервова кураць убаку – Tanin Jazz вымыслілі беларускі поп новага фармату, яскравы, стыльны, прасунуты, дзе беларуская мова глядзіцца надзвычай гарманічна. На другой песні ў Тані раптам адмовіўся працаваць мікрафон, дык тая не разгубілася і пусцілася ў скокі, а зала яе горача падтрымала. Бачна, што спявачка сапраўды атрымлівала задавальненне і зусім не напружвалася. Выхад альбома “Адліга” гурта Tanin Jazz прызначаны на жнівень, і гэта мусіць стаць падзеяй у нашай музыцы.
Паліна Рэспубліка таксама відавочна атрымлівае задавальненне ад таго, што ў яе атрымліваецца з музыкамі. Спявачка цяпер грае электрычнасць, і некаторыя яе песні змяніліся да непазнавальнасці. Пераймалася яна толькі тым, што не зусім слушна склала трэк-ліст выступу, калі задумала чаргаваць сумныя і вясёлыя песні. “Вельмі цяжка перастройвацца”, – кажа яна ды заклікае публіку “трошкі падэпрэсаваць і згадаць няшчаснае каханне”. Паліна таксама цяпер ва ўсю працуе над сваім альбомам. Цяжка даць веры, але ён будзе дэбютным, і, відаць, практычна ўсе песні з яго прыхільнікі спявачкі ўжо ведаюць на памяць. Прынамсі “Красавіка”, “Як ты” і “Лета”, пакінутага на самы канец, гэта тычыцца дакладна. Нягледзячы на настойлівыя просьбы гледачоў зайграць яшчэ, спявачка на біс выходзіць не стала і сама прадставіла наступных выступоўцаў як “пяшчотна-чароўны гурт”.
Navi сапраўды выпраменьвалі пяшчоту, радасць і шчасце. На пачатку Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук патлумачылі, што гэты іх выступ вельмі адказны і ўзрушальны. Па-першае, таму, што яны ўпершыню гралі новым рок-складам, а па-другое, прадставілі нікім яшчэ не чутую песню “Шчасце”. Тым не менш выглядаў гурт на сцэне надзвычай упэўнена і гучаў вельмі зладжана. Цяпер у таннай папсовасці Navi папракнуць проста немагчыма. “Ціха зберажы моманты лета”, – спявалася ў адной з іх песень, і гэта быў выступ, які сапраўды застаўся ў памяці. Зрэшты, як і ўвесь канцэрт.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч, Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»