На чарговым канцэрце з серыі “Жывы Тузін” Re1ikt прадставіў сваю лютую акустыку, а “Голая манашка” плюнула на ўсё ды сыграла свае ўлюбёныя песні замежных выканаўцаў.
Re1ikt гучыць чароўна. Асабліва ў тым выглядзе, у якім ён выступаў на “Жывым Тузіне”. Музыкі гралі ў паўакустыку і нават адмовіліся ад выкарыстання барабаннай устаноўкі, абмежаваліся перкусіяй. Голас Вовы Казлова гледачы параўноўвалі не толькі з голасам Кірчука, але яшчэ і Эдзі Ведэра.
“Мы клічам у наш праект тых, каго хочам бачыць з канцэртамі часцей, тых, хто варты ўвагі”, — казаў перад іх выступам вядучы імпрэзы Алег Хаменка. Гэты момант адчулі нешматлікія гледачы — людзей прыйшло крыўдна замала. Людзі не гатовыя пакуль шанаваць сваю музыку і плаціць за яе грошы. Сваю ролю тут сыграла і серыя бясплатных канцэртаў. На беларусаў прызвычаіліся хадзіць толькі задарма.
“Рэлікты” сыгралі паўнавартасны канцэртны сэт, у які ўключылі як песні з міні-альбома “Вытокі” ды апошняга дыска “Рэкі прабілі лёд”, так і рарытэтныя рэчы яшчэ з рускамоўнага перыяду каманды ды свежаствораныя, яшчэ не запісаныя кампазіцыі. Апошнім часам гурту асабліва ўдаюцца асэнсоўкі беларускіх народных. Следам за “Ой рана на Йвана”, якая ледзь не зрабілася ў іх цэнтральным нумарам як акустычнай, так і электрычнай праграмы, у рэпертуары з’явіліся яшчэ некалькі песняў. У тым ліку і “Лося”, прадстаўленая ў відэаанонсе канцэрту.
Падчас розыгрышу прызоў выявілася, што Re1ikt сёлета святкуе ўжо 14-ты год існавання, хоць дагэтуль успрымаецца як малады і таленавіты гурт, а на прэміі ад Еўрарадыё музыкам нават уручылі прыз “Надзея 2013 года”. “Іх асабліва класна слухаць у машыне, але калі побач едзе дзяўчына, то яна засынае, так што калі хочаце, каб ваша сяброўка добра спала, абавязкова стаўце іх дыск”, — даў карысную параду Алег Хаменка.
“Голая манашка”, якая анансавала прэзентацыю сваёй новай праграмы “Nota Bene”, насуперак усяму пачала свой сэт з кавераў і засведчыла сваё не абы-якое майстэрства ў перапеўках Кабэйна, Цоя, Летава і нават Pink Floyd. Вакаліст Федзя Жывалеўскі выглядаў, як сапраўдны рокмэн, і здавалася, што яму ўсё роўна, дзе спяваць — ці ў пракураным паўпустым клубе, ці ў якім мюзік-холе. Галоўнае — спяваць. Музыкі, пайграўшы ўлюбёных чужых рэчаў, усё ж пераарыентаваліся на ўласную творчасць, паказалі колькі новых рэчаў ды парадавалі выкананнем “Містэра Фрэда” і “Радыёактыўнага снега”. Калі б існавала ўзнагарода пад назвай “Самы шчыры беларускі гурт”, дык атрымаць яго мусіла б якраз “Голая манашка”.
Фота: Аляксандр Ждановіч