Гурт Re1ikt у адноўленым складзе даў больш чым двухгадзінны канцэрт у перапоўненым клубе “Графіці”. У гурт пасля васьмі месяцаў перакуру вярнуўся вакаліст Уладзімір Казлоў. Гледачам таксама прадставілі новага гітарыста каманды Іллю, з якім паспелі ўжо з’ездзіць на польскі Halfway Fest.
Музыкі назвалі гэты канцэрт фактычна прэзентацыяй сваёй апошняй праграмы “Рэкі прабілі лёд”. Яе гралі толькі аднойчы – на сольніку ў клубе Re:Public пры канцы мінулага года. Уладзімір Казлоў выказаў перакананасць, што з прысутных прэм’еру мала хто бачыў. Праўда, падалі яе музыкі, у адрозненне ад таго канцэрту, у лайт-варыянце. Саліст узяў акустычную гітару, так што песні гучалі ў аблегчаных аранжыроўках.
Але ўсё адно ўвесь час падавалася, што Re1ikt занадта цесна ў невялічкім клубе з іх падачай і творамі, якія часам выглядаюць зусім ужо манументальна. Як, напрыклад, песня “Ой, рана на Йвана”, у якой найлепш можна адчуць здольнасці як музыкаў, так і вакаліста. Дарэчы, у рэпертуары гурта з’явілася яшчэ адна народная песня – “Тры Янгалы”. Яны смела бяруцца за няпростыя ў плане выканання рэчы і як мінімум не псуюць іх.
Рэдкая з’ява, але музыкі з Re1ikt паклікалі на свой сольны канцэрт удзельнікаў першага складу. Звычайна, калі музыкі разыходзяцца, дык забываюцца адзін на аднаго. Не забыліся яны і на старыя песні, як, напрыклад “Прямые безразличия” з расійскамоўнага перыяду творчасці ці “Вочы”, якую відавочна любяць прыхільнікі гурта. “Вы не ўяўляеце, якая радасць спяваць разам”, – заявіў саліст ці то з нагоды вяртання ў гурт, ці то таму, што яго спевы падхоплівала частка залы. А можа, і з дзвюх прычынаў адразу. У пэўны момант Уладзімір папрасіў ва ўсіх максімальнай засяроджанасці, калі зацягнуў “Тры хвіліны перакур”, самую павольную і містычную песню з рэпертуару.
У перапынку фактычны лідар каманды, бубнач Аляксандр Дземідзенка, без лішняй сціпласці рэкламаваў апошняе, што выдаў Re1ikt, – канцэртны DVD “Крыгаход”. “На атрыманыя грошы мы не набудзем сабе кватэраў ды машынаў, а створым новыя песні для вас”, – тлумачыў ён, і стос дыскаў сапраўды трошкі змяншаўся з кожнай хвілінай. А распачалі другую частку музыкі з песні “Рэкі пад ільдом”, якую лічаць “кутнім каменем” сваёй праграмы. Re1ikt – адна з нешматлікіх беларускамоўных камандаў, якая мае цікавы і арыгінальны матэрыял і вельмі прыстойна гучыць пры гэтым. Праўда, у іх няма адназначнага хіта, але шмат якія песні прымаюцца на ўра. Як, “Нажы”, напрыклад, беларускі кавер на “Therapy?”, ці свая “Брудная дзяўчына”, якая выконвалася пры актыўнай падтрымцы залы, хоць тэксты ў Re1ikt не такія ўжо і простыя для запамінання. А найлепшая песня ў музыкаў, безумоўна, яшчэ наперадзе.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч
Аўдыё: Тузін Гітоў