Тэлевізійнаму праекту “Бульбокс” зрабілася цесна ў студыі, і калектыў праграмы вырашыў зладзіць вылазку з сіняга экрану. У выніку і паўстаў “БульФэст” – рок-н-рольны “серыял”, першая серыя якога прайшла ў Рэактары 8 кастрычніка.
Уваход для ўсіх, хто паспеў зарэгістравацца на афіцыйным сайце, быў вольны.
— Такая шчодрасць лёгка тлумачыцца: рабілася з разлікам прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей, якія цікавяцца сучаснай беларускай культурай. Пагатоў, калі ёсць магчымасць зладзіць канцэрт з вольным уваходам, чаму б ёй не скарыстацца?!” — распавялі арганізатары. Але каб прайсці на канцэрт трэба было прынесці адну бульбіну, навошта — палову фэста заставалася таямніцай.
Сяргей Пукст і Настасся Шпакоўская
У якасці шоў-мэнаў выступалі Сяргей Пукст, былы вядучы перадачы Бульбокс, і Настасся Шпакоўская, вакалістка гурта Naka. Склад камандаў, што мусілі выступаць на сцэне, быў абумоўлены тэматыкай фэста: рок-н-рол. Але хтось трапіў у гэты спіс па музычным стылі, а некаторыя — па стылі жыцця.
гурт “Касіапея”
Першымі на сцэну выйшлі прадстаўнікі беларускага сінты-попа – гурт “Касіапея”. Касцюмы на гэты раз былі нескладаныя: ліса, заяц і мядзведзь. На саколках кожнага музыкі блішчэла па адной літары, разам яны стваралі азвярэўшае “ЗЛО”. Гурт адыграў старыя гіты і некалькі новых песень з “інтымных дзённікаў”: “Алеся-телеглаз”, “Ангел слева, ангел справа, дьявол между ног”, “Папа-змеелов”.
гурт “Перкалаба”
Наступнымі на сцэну выйшлі госці з Украіны — гурт “Перкалаба”. Калектыў чымсьць нагадвае маладых “Ляпісаў”, “Billy’s Band” i “Gogol Bordello”, прычым з гэтага не атрымалася нешта няўцямнае, наадварот — музыка вышэйшага гатунку, паводзіны з выклікам і выбух эмоцыяў. Зала годна прыняла музыкаў і высока ацаніла іх. У якасці ганарара музыкі атрымалі мех бульбы — столькі атрымалася сабраць з наведвальнікаў фэста. На радасцях ад прэзенту прадзюсар гурта выканаў апошнюю песню і развітаўся: «Жыве Беларусь!»
гурт “The Toobes”
Апошнім ў гэты вечар выступаў малады, але ўжо вядомы гурт “The Toobes”. Стасы — бубнач і басіст, неверагодна пасівелі, магчыма з-за працы над другім альбомам. Хлопцы згралі сваю звычайную праграму, не размаўляючы з публікай, запрасілі народ на сольны канцэрт і сышлі.
гурт “The Toobes”
Паміж выступамі Сяргей Пукст ў онлайн рэжыме браў інтэрвію ў гуртоў “Касіапея” і “Перкалаба”, большасць з гэтых размоў у залі не пачулі, застаецца спадзявацца, што іх пакажуць у “Бульбоксе”.
У антрактах слухачы мелі магчымасць выйграць квіткі на наступную серыю фэстываля. Першым конкурсам было жангляванне бульбай. Удзельнікі не прадэманстравалі майстэрства, але лепшы ўсё ж такі атрымаў абяцаны прыз. Другую пару квіткоў разыгралі ў “латарэю”.
У выніку атрымаўся жывы рок-н-рольны фэст, добра спланаваны і арганізаваны, з цудоўным музычным складам і прыемнай ветлівай публікай. У планах праводзіць новыя “серыі” па два разы на месяц. Ужо вядомыя наступныя гурты, якія прымуць удзел у “Бульфэсце”, гэта “Drum Exstasy”, “Pukstband” і зноўку ўкраінскія госці “…И друг мой грузовик”.
на першым фота – гурт “Перкалаба”