Спявачка Руся расказала, чаму яе новы праект Shuma ледзь не згарнуўся, чаму не бачыць сэнсу ў напісанні аўтарскіх твораў і прызналася, што яе бянтэжыць у рэакцыі слухачоў на яе спевы.
Увосень Руся з аптымізмам расказвала пра свой новы праект Shuma, які быў пакліканы ўвесці аўтэнтычныя беларускія спевы ў кантэкст мінскай клубнай культуры. Яна радавалася, што хіпстары з “Малака” ўпадабалі яе дэбютны трэк, выкладзены ў сеціва, і абяцала ўжо ў лютым-сакавіку прадставіць цэлы альбом. Але цяпер дата рэлізу пераносіцца. Выявілася, што Shuma наогул апынулася ў пэўны момант пад пагрозай закрыцця.
Shuma – Ой, еду я дарогаю (mp3)
— Увосень, калі ты абвясціла пра свой новы праект, то паабяцала выхад альбома праз некалькі месяцаў. Чаму вырашыла перанесці ажно на верасень? У чым складанасці?
— Прычыны дзве. Па-першае, спачатку мы ўсе пераацанілі свае фінансавыя магчымасці і нават думалі спыніцца, пакуль сума выдаткаў не вырасла яшчэ больш, але неяк так сталася, што большая частка каманды пакрысе ўцягнулася ў праект, палюбіла яго, і людзі пачалі адмаўляцца ад ганарараў. Яны ўключыліся ў справу, захапіліся працай і паверылі ў прыгажосць і вартасць праекту. Мне нават часам здаецца, што ўсім ужо ўсё адно, ці будзе гэты альбом паспяховым (усміхаецца). Мы кайфуем, працуючы у Shuma.
Па-другое, саўндпрадусар праекту Alexis Scorpio амаль усе гукі Shuma «малюе» з нуля і прынцыпова не карыстаецца бібліятэкамі сэмплаў. Такая праца вымагае шмат часу, адзін трэк мы робім прыкладна восем тыдняў. Гэта доўга. Да сакавіка мы дакладна не паспеем.
— Рэакцыя на першы трэк з праекту была для цябе нечаканай?
— Я чакала, што рэмікс Deech’a добра сустрэнуць, але не спадзявалася, што так мегадобра. Людзі на вуліцы падыходзілі да мяне, дзякавалі за песню, давалі паслухаць свае плэеры, каб я чула, што яны слухаюць менавіта гэты трэк. Калі ж мы мелі жывы выступ з арыгінальнай музыкай Shuma на фестывалі «Можна» і на канцэрце Emika, то зваротная сувязь стала больш багатая на рэспекты і пажаданні поспеху. Людзі пішуць, што менавіта такой музыкі ім не хапала. Такой, якая б будавалася на аўтэнтычнай культуры і была б сучаснай. Бывае, пішуць, што, пачуўшы Shuma, адчуваюць гонар за мову і за краіну.
Праўда, мяне бянтэжыць, калі ў клубах кажуць «дзякуй, што спяваеце на вымерлай мове». Прыкра, але гэта факт. Хацелася б паказаць уласным прыкладам, што мы маем магчымасць хаця б шанаваць рэшткі таго, што засталося. Мы ўкладаем шмат павагі і любові ў працу, не чакаючы нічога ў адказ, і гэта прыцягвае ўвагу людзей, якія стаміліся ад узаемавыкарыстання і цынізму.
— Чаму, па-твойму, такім праектам павінныя зацікавіцца людзі, якія ў прынцыпе не абазнаныя ў фольку?
— Людзі ўжо цікавяцца. Як рэміксамі Змітра Deech, так і арыгінальнай музыкай. І цяжка сказаць, прыхільнікаў чаго больш. Наогул мы прапануем слухачам якасную электронную музыку ў спалучэнні з аўтэнтычнай культурай, якая з’яўляецца роднай для большасці з нас. З іншага боку, мы выкарыстоўваем сучасную электронную музыку як універсальную мову, каб зрабіць беларускую культуру больш зразумелай для міжнароднай аўдыторыі.
— Як ставішся да ранейшых спробаў пакласці аўтэнтычныя спевы на электронную музыку? Эксперыменты апошніх гадоў (Руны, Guda і T-Trider) не сказаць каб мелі вялікі поспех.
— Мне больш за ўсё падабаюцца эксперыменты Веранікі Кругловай. Хаця гэта не была сапраўдная клубная музыка, а больш джазавая. Але Вераніка, на маю думку, зрабіла гэта звышпрафесійна! Астатнія, на жаль, слухаюцца па-аматарску, таму, пэўна, і не мелі вялікага поспеху.
— Першымі фольк і электроніку ў Беларусі пачалі спалучаць «Палац» і «Крыві». Як па-твойму, слухаюцца іх песні цяпер?
— На маю думку, «Палац» былі класнымі ў свой час, але цяпер электронная музыка моцна змянілася. Вось параўнайце, напрыклад, актуальныя сёння электронныя праекты кшталту Flying Lotus, Amon Tobin, Dorian Concept, Oval з тагачаснымі плынямі — і самі пачуеце якія вялікія адбыліся перамены. Але «Палац» і «Крыві» сталі першапраходцамі ў спалучэнні этнікі і электронікі. Дзякуй ім вялікі за гэта.
— Ці не думаеш ты, што большы поспех маглі мець аўтарскія рэчы на беларускай мове, няхай сабе густа змяшаныя з электронікай? Гэта ж таксама ніша. У цябе проста няма тэкстаў альбо ты настолькі верыш у моц палескіх спеваў?
— Што да аўтарскіх тэкстаў і электроннай музыкі, то я не магу цяпер уявіць сабе, скажам, Emika па-беларуску, гэта будзе слухацца эклектычна. Няхай спачатку людзі прызвычаяцца да беларускіх дыялектаў у электроннай эстэтыцы. Слухачы не заўсёды разумеюць дыялектныя словы і ўспрымаюць мову хутчэй як беларускі дапаможнік музыкі, як нейкую лінгвістычную надбудову. Нельга перакуліць стаўленне да мовы і густы аўдыторыі адным праектам. Спадзяюся, што пасля альбома і канцэртаў Shuma наступным эксперыментатарам будзе значна лягчэй прывабіць аўдыторыю менавіта беларускай мовай. Тады і пагаворым пра аўтарскія тэксты.
Але па шчырасці, я не бачу сэнсу ў аўтарскіх тэкстах. Прынамсі ў сабе я гэтага таленту не адчуваю. Не ведаю, што можна сказаць людзям нешта лепшага і карыснага, чым тое, што ўжо сказалі і гавораць людзі, значна разумнейшыя за мяне. У мяне няма жадання і таленту гаварыць пра свае рэфлексіі ці пісаць кранальныя метафарычныя тэксты, як Земфіра. Я хутчэй адчуваю сябе чалавекам, які ўмее запаліць азарт у іншых, здольным медыумам і закаханай у культуру сваёй краіны жанчынай.
— Ці няма ў цябе асцярогі, што ўсе твае спробы застануцца на лакальным узроўні і зацікавяць толькі малое кола людзей? Што павінна адбыцца, каб ты палічыла, што праект мае поспех?
— Што павінна адбыцца? Паўтаруся, што адным альбомам свет не варухнеш, але задаць тэндэнцыю магчыма. Калі за Shuma пачнуць узнікаць праекты такога ж узроўню, калі жаданне працаваць з традыцыйнай культурай Беларусі з’явіцца не толькі у Змітра Deech і Паўла Ambiont, гэта і будзе поспех. І асцярогі ў мяне няма, як няма яе ні ў кога з тых, хто працуе над праектам, бо мы за любоў, пазітыўную энергію стварэння, творчую самарэалізацыю, актыўнасць і Беларусь.
Размаўляў Сяргей Будкін
|