У нядзелю, 25 сакавiка, размеранае і марудлівае жыццё ў горадзе Магілёве было парушанае – на вуліцах горада з’явіліся сапраўдныя ружовыя прышэльцы. Насамрэч гэта быў усяго толькі спектакль, які сыгралі на VII Міжнародным моладзевым тэатральным форуме «М@rt.контакт» акторы інтэрактыўнага тэатра са Славеніі – KUD LJUD. Аднак ніхто не чакаў, што акторы, пакрытыя ружовай фарбай з ног да галавы і сапраўды падобныя да прышэльцаў, будуць паводзіць сябе настолькі вольна, а дзеянне спектакля перанясецца з начнога клуба CUBA, дзе ён пачынаўся, на вуліцы.
Пачаўся інтэрактыўны спектакль у фае былога гатэля «Днепр», дзе і знаходзіцца клуб CUBA, у якім мела выступіць трупа са Славеніі. Гледачоў на спектаклі аказалася няшмат, бо колькасць квіткоў на мерапрыемства было абмежаваным. Сустрэў публіку першы «прышэлец» – ружовы лысы здаравяк, на якім была толькі павязка на сцёгнах. Ён аглядаў кожнага гледача, абнюхваючы і абмацваючы ўсiх. Часам ружовы чалавечак прапаноўваў панюхаць сваю ружовую падпаху, пасля чаго дазваляў прайсці ў клуб.
Апынуўшыся ўнутры, гледачы, што ўжо пачалі нервова смяяцца, зразумелі, што на ўваходзе былі кветачкі. За дзвярыма ўсіх чакала ружовая асобіна жаночага полу на хадулях, якая перапраўляла гледачоў у гардэроб. Там такая ж ружовая гардэробніца раздавала накідкі і хусткі адпаведнага колеру і размалёўвала ружовым ужо да ўсяго гатовых людзей. Тыя, хто хацеў змыць фарбу ў прыбіральні, зрабіць гэтага не рызыкнуў – там у ваннай плёскалася яшчэ адна ружовая гераіня.
Тое, што пачалося далей, можна назваць «ружовым вар’яцтвам», хоць прадстаўнікі KUD LJUD лічаць, што больш падыходзіць назоў «Электрычнае чаяванне». Сярод перавернутай мэблі клуба бегалі і скакалі ружовыя прышэльцы. Яны танчылi на барнай стойцы, каталіся на парэнчах і насіліся па танцпляцы. Некалькі хвілін «прышэльцы» прынюхваліся, часта ў літаральным сэнсе, да гасцей, раздавалі ім кубкі і печыва. А праз некалькі хвілін пачаўся інтэрактыў у поўным сэнсе гэтага слова! Публіка, відавочна, спадабалася ружовым, і тыя з радасці пачалі абдымаць, цалаваць і аблізваць сваіх новых сяброў, карміць іх печывам і паіць ружовай «гарбатай», танчыць і зноў абдымацца! Публіка стала часткай шоу. Былі, вядома, і тыя, хто ціснуўся па кутах, але збольшага гледачы з прыемнасцю ўдзельнічалі ў дзеянні. Для гэтага трэба было проста расслабіцца і атрымліваць задавальненне ад таго, што адбываецца.
У нейкі момант прышэльцы вырашылі, што ў клубе занадта сумна, і выбеглі на вуліцу. Публіка паспяшалася за імі. Прышэльцы кідаліся на машыны, клаліся проста на капоты, спынялі аўтобусы і тралейбусы і, вядома, шакавалі мінакоў. У гэты хмурны дзень многія радаваліся і дзівіліся ружовым прышэльцам, здымалі іх на тэлефоны і выбягалі паглядзець на тое, што адбываецца, з маршрутак і крамаў.
На гэтым прадстаўленне, на жаль, падышло да канца, і перапэцканай ў ружовае, але пры гэтым бясконца шчаслівай публіцы давялося вярнуцца ў клуб, дзе славенцы канчаткова з усімі развіталіся.
У гэты дзень тэатр KUD LJUD тройчы эпатаваў Магілёў сваім з’яўленнем. Дарэчы, у трэці раз усё ж з’явіліся прадстаўнікі міліцыі, якіх, магчыма, выклікаў хтосьці з мінакоў. Але міліцыянтаў тут жа атачылі ружовыя, ані не бянтэжачыся форменнай вопраткі, і неадкладна зрабілі іх часткай шоу. Крыху пазней каля ўваходу ў клуб з’явіліся амапаўцы, якіх, па неправераных чутках, паклікалі на дапамогу міліцыянты. Амапаўцы панура стаялі побач з аўтазакамі і падазрона глядзелі на дзверы клуба. На шчасце, прадстаўленне ўжо скончылася, і вырашыць пытанне з праваахоўнымі органамі атрымалася мірна.
Атрымаюць KUD LJUD Гран-пры фестывалю або не, па сутнасці, не так ужо і важна. Яны пакінулі выдатныя ўражанні і запомніліся магілёўцам – гэта бясспрэчны факт!
Марыя Гілёва