Гэты дыск не запісваўся адмыслова і ўяўляе зь сябе падборку песень розных гадоў, якія з розных прычынаў не былі паказаныя ў свой час. Пры гэтым “Фотаздымкі” можна назваць надзвычай важным рэлізам з пункту гледжаньня маральнага, які пры гэтым уяўляе немалую творчую вартасьць.
Задуманы дзеля дабрачынных мэтаў, ён быў выдадзены накладам у адзін асобнік і выстаўлены на аўкцыён дзеля дапамогі хвораму хлопчыку Стасу Кірылаву. Эксклюзіўнае выданьне набыў больш чым за 23,5 млн рублёў бізнэсовец Сяргей Ждановіч, які не пярэчыў яго ўсеагульнай прэзэнтацыі ў сеціве. J:Морс зноў увайшлі ў гісторыю (яны былі першым гуртом у Беларусі, які выдаў інтэрнэт-сынгл), цяпер як аўтары самага дарагога беларускага альбому. Ранейшы рэкорд належаў “Песьнярам” ды іх кружэлцы “Зачараваная”, прададзенай таксама ў мэтах дабрачыннасьці за 1333 даляры ў 2008 годзе.
Пераважную частку дыску складаюць іншыя вэрсіі ўжо вядомых песень. Вэрсія песьні “Дождём”, вядомай з альбому “Электричество” ды тызэру да фільму “Белыя росы. Вяртаньне”, тут выглядае больш прывабнай дзякуючы электроннаму падкладу з прывітаньнем New Order. Цікавейшай за арыгінал выглядае і сьвінг-вэрсія «Web-дизайна», а вось вучнёўская вэрсія “Майго сонца” па-ангельску выклікае ўсьмешку – не па-свойму Пугач пяе, неяк няўпэўнена. Асаблівы інтарэс выклікае не публікаваная раней песьня “Фотаздымкі”, напісаная яшчэ ў часы альбому “Босиком по мостовой” (2006). Трэк у фірмовым стылі J:Морс. Калі музыкі бяруцца за беларускамоўны сьпеў, то іх гучаньне набывае асаблівую далікатнасьць ды інтэлігентнасьць. Можа быць, “Фотаздымкі – ня супэргіт узроўню “Так-цік-так”, але яўна трэк ня горшы. Зь нетаропкім рэгі “Піва” – найстарэйшай песьняю на альбоме – сытуацыя іншая. Яна была вядомая сярод прыхільнікаў, але так і не ўвайшла ў ніводзін альбом гурта. Яшчэ цікавостка – “Ангелы не спят”, запісаная зь дзіцячым хорам “Фэст”, што надала і так душэўнаму твору яшчэ большай празрыстасьці. Наогул жа, на гэтым дыску няма аніводнай прахадной кампазыцыі, хоць яны і розныя па часе ды ступені гатоўнасьці.
Бясспрэчна, “Фотаздымкі” ўяўляюць аднолькавую цікавасьць як для прыхільнікаў каманды, бо цікава паслухаць трошачкі іншыя вэрсіі песень, якія ў арыгінале маглі ўжо навязнуць на вушах, так пасуюць і для першага знаёмства з гуртом, бо ўяўляюць зь сябе някепскую дэманстрацыю творчых магчымасьцяў музыкаў. Гэткі выкшталцоны “зэ бэст” атрымаўся.
Ідэя: 10
Выкананьне: 9
Тэксты: 9
Запіс: 8
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін