Яго завуць Саша Ільюкевіч. Ён сабраў у Лёндане рок-банду, каб граць “belarusian rock‘n’roll”. Дае інтэрвію Бі-Бі-Сі. Запісваецца на Abbey Road. І гэта нікога не цікавіць у Беларусі.
Выпускнік геафаку БДУ пусьціў карані ў Вялікабрытаніі 10 гадоў таму. Зьездзіўшы аднойчы на збор клубніцаў падчас навучаньня, ён вырашыў, што застанецца ў гэтай казцы назаўжды. І другі раз прыехаў у Лёндан без квітка назад. Цяпер у Сашы Ільюкевіча тут сям’я і свой гурт, які называецца The Highly Skilled Migrants. У яго склад уваходзяць яшчэ два ангельцы і шатляндзец. У творчасьці Саша ўпарта трымаецца свайго, называе свой стыль “belarusian rock‘n’roll” і не зьбіраецца перакладаць свае думкі з расійскай і беларускай на ангельскую.
Свае беларускія песьні Саша пакуль не паказвае – беражэ для асобнага рэлізу. Аснова яго новага альбому “Songs Under The Bridge”, ён жа – “Песни под мостом” – расейскамоўны матэрыял (вынятак – толькі “Mio Moi”). У музычным пляне рэліз даволі разнастайны – ад досыць тыповага бард-року да псыхадэліі і пост-панку. Ільюкевіч яўна з таго пакаленьня, на якое моцна паўплываў разумны рускі рок, таму асацыяцыі з Башлачовым, Майкам і БГ падчас праслухоўваньня яго дыску прыходзяць самі па сабе. Але ні сьвядомых закосаў, ні штучных спробаў вымудрыць нешта бэгэпадобнае за аўтарам не заўважана, нягледзячы на часам абсалютныя паралелі. Як, напрыклад, у “The House Of Six Floors”, што гучыць ну рыхтык як трэк зь якога-небудзь невядомага альбому “Аквариума”. Але гэта не трыб’ютнасьць мысьленьня, а толькі адна з граняў уласнай творчасьці. А вось, скажам, у “Man X” (і ў арыгінальнай відэазамалёўцы на гэты сьпеў) брытанскі беларус паўстае зусім у іншым вобразе – звар’яцелага блюзмэна, які адчуў сябе супэргероем. Наогул жа месцамі Саша Ільюкевіч можа даць фору ў сваёй эпатажнасьці самому Сяргею Пуксту. Гісторыя зь песьняй пра Колю ды канцэртам у Навінках таму толькі пацьверджаньне.
Невядома як там у эмігранцкіх колах Лёндану, але ў Беларусі творчасьць Highly Skilled Migrants не пайшла. Спроба зладзіць тур па Радзіме абярнулася правалам, а колькасьць праглядаў і спамповак новых песень у яго проста мізэрная. Сэрца артыста б’ецца яўна ня ў такт сэрцам слухацкіх масаў. Затое ён самакаштоўны ў гэтым сваім вобразе. Артыста, які курчыцца на пустой сцэне вялікай канцэртнай залі. Нікому не патрэбнага пустэльніка, што жыве ў цэнтры Эўропы. Эмігранта, які ня хоча цалкам зьлівацца з чужым асяродзьдзем і закладае бомбу запаволенага дзеяньня. Але яна аказваецца ўсяго толькі хлапушкай з сэрпантынам.
Спампаваць альбом адным файлам можна на 34mag.net і на старонцы выканаўцы на Kroogi.com.
Выкананьне: 7
Тэксты: 6
Запіс: 8
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін